У мінулую суботу ў раёне распачаліся восеньскія кірмашы

Актуальное

 У гэты дзень жыхары і госці горада мелі магчымасць папоўніць свае засекі садавінай, агароднінай, а таксама набыць іншыя харчовыя і прамысловыя тавары.

Сваю сельгаспрадукцыю прадставіла эксперыментальная база “Натальеўск”. Гандлявалі ячмянём фуражным па 40 капеек за кілаграм, пшаніцай – па 50, бульбай харчовай – па 25 і на насеннай гатункаў “Брыз”, “Каралева Ганна”, “Янка” – па 44 капейкі за кілаграм.

Асабістыя падсобныя гаспадаркі з вёсак Калодзежы і Рудня Астравітая, а таксама са Століна прапанавалі бульбу па 50 капеек за кілаграм, капусту – за 60, моркву і цыбулю – за 90 капеек. Памідоры ў іх каштавалі ад 1 да 1,3 рубля, баклажаны – 1,80 руб., перац балгарскі буйны – 2 руб., перац на закатку – 1,5, востры перац — 5 руб., часнок – ад 4 да 5 рублёў, агуркі – 2 руб., журавіны – 5 руб.

Карысталіся попытам саджанцы розных пладовых дрэў і кустоў. Саджанцы яблыні розных гатункаў можна было набыць за 7 рублёў, грушы, слівы, алычы і вішні – за 10, чарэшні, абрыкоса, персіка – за 15, грэцкага арэха – за 12 рублёў, фундука – за 10, агрэсту – за 5, парэчак — за 4, маліны – за 3.
Як заўсёды, сваю прадукцыю на кірмаш прывезлі рыбгас “Волма”, Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка і раённы камбінат бытавога абслугоўвання. Гандлявала харчовымі таварамі Чэрвеньскае спажывецкае таварыства, саджанцы хваёвых дрэваў і дэкаратыўных раслін прапаноўваў Чэрвеньскі лясгас.

А які ж кірмаш без песні?! Прыплясвалі разам з малымі дзецьмі і падпявалі дарослыя ансамблю народнай песні “Крыніца” Раваніцкага сельскага Дома культуры.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *