Адукацыйная стратэгія Чэрвенскага раёна: інтэлект, творчасць, патрыятызм

Актуальное Общество

Такую тэму для абмеркавання педагогі раёна выбралі невыпадкова. Ва ўстановах адукацыі, установах дадатковай адукацыі сёння маюцца ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця вучняў.

Звяртаючыся да ўдзельніаў канферэнцыі, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч нагадала, што стратэгію развіцця адукацыі ў раёне на 2016-2010 гады вызначае дзаржаўная праграма “Адукацыя і моладзевая палітыка”, у якой адлюстраваны не толькі асноўныя накірункі змяненняў, але і аб’ём фінансавых сродкаў на стварэнне ўмоў для рэалізацыі якаснага адукацыйнага працэсу.

Ларыса Валянцінаўна прааналізавала выкананне намечаных на папярэдні навучальны год планаў з улікам выканання рэзалюцыі мінулай канферэнцыі. У прыватнасці, выкананы планы па аснашчэнню сродкамі навучання дашкольных устаноў, павысілася колькасць выхавальнікаў, якія маюць адукацыю “педагогіка дзяцінства”, і колькасць выхавальнікаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. Поўнасцю аўтаматызавана сістэма ўліку і кантролю за якасцю харчавання.

Яна адзначыла таксама, што павялічылася колькасць дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, інклюзіўнай адукацыі. Ранняя комплексная дапамога аказвалася ўсім дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

63,3% дзяцей і моладзі ахоплены дадатковай адукацыяй, гэта на 3,3% вышэй запланаванага. Павялічылася колькасць маладых людзей, якія бяруць удзел у мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці.

Высокую эфектыўнасць у выкананні планаў рэалізацыі  адукацыйнага працэсу забяспечылі калектывы ясляў-садкоў №2 г.Чэрвеня і №1 г.п.Смілавічы, сярэдняй школы №4.

Не поўнасцю задзейнічаны патэнцыял росту запланаваных паказчыкаў у Руднянскім дзіцячым садку-сярэдняй школе, сярэдняй школе №2 г.п.Смілавічы, сярэдняй школе №2 імя А.К.Флегантава г.Чэрвеня.

Забяспечана стабільнае функцыянаванне галіны, працягвалася ўдасканаленне кадравага патэнцыялу і зместу адукацыі, фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.

Да 1 кастрычніка 2018 года для ацэнкі матэрыяльнай базы кіраўнікам устаноў адукацыі неабходна правесці аналіз тэхнічнага стану збудаванняў, якія эксплуатуюцца, для далейшага прыняцца рашэнняў па іх выкарыстанню.

Што тычыцца кадравага складу – ён на працягу некалькіх гадоў застаецца стабільным: ва ўстановах адукацыі раёна працуе 629 кіруючых і педагагічных кадраў, у цэлым, у галіне – 1149. Адзначаецца рост колькасці педагогаў з вышэйшай адукацыяй на ўсіх узроўнях адукацыі. Павялічылася колькасць выпускнікоў школ, якія паступілі на педагагічныя спецыяльнасці.

Па выніках работы за 2017 год калектыў Запольскай сярэдняй школы заняў другое месца сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, а таксама занесены на Дошку гонару Чэрвеньскага раёна.

Калектыў Цэнтра творчасці імя Хаіма Суціна г.п.Смілавічы па выніках работы за 2017 год стаў пераможцам сярод устаноў дадатковай адукацыі Мінскай вобласці.

Настаўніца сярэдняй школы №2 імя А.К.Флегантава Ірына Пятроўна Хендогіна стала ўладальніцай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў у 2018 годзе.

Установамі адукацыі пры падтрымцы выканаўчай улады прводзіцца мэтанакіраваная работа па замацаванню маладых кадраў. Арганізавана настаўніцтва. Маладым спецыялістам прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства, навукова-даследчай, творчай і грамадскай дзейнасці.

Забяспечана даступнасць якаснай дашкольнай адукацыі, фарміраванне здароўезберагаючага асяроддзя, укараненне ў педагагаічную практыку сучасных падыходаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу. З года ў год павялічваецца колькасць дашкольнікаў.

На працягу года аказваліся паслугі звыш базавай дашкольнай адукацыі, дзеці займаліся ў 24 групах па інтарэсах. Працягвалася работа па развіццю новых формаў арганізацыі дашкольнай адукацыі. Працавала 19 новых груп: чатыры – адаптацыйныя, 6 – прагулачных, 2 – мацярынскія школы, 3 – вячэрнія, 4 – ранішнія.

Стан здароўя выхаванцаў – асноўны паказчык якасці дашкольнай адукацыі. За апошнія тры гады паказчык захворваемасці зніжаецца. Сістэма работы па медыцынскаму абслугоўванню, аздараўленню дзяцей дала найбольшыя вынікі ў яслях-садах №6 г.Чэрвеня (Таццяна Іванаўна Барбук), №1 г.Чэрвеня (Галіна Канстанцінаўна Грынько) і №1 г.п.Смілавічы (Жанна Міхайлаўна Брэчка).

Калектывы ўстаноў дашкольнай адукацыі – актыўныя ўдзельнікі раённых і абласных мерапрыемстваў: навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў.

У мінулым навучальным годзе працягвалася ўдасканальванне сістэмы агульнай  сярэдняй адукацыі ў раёне. Адзначаецца рост колькасці вучняў з 3092 у 2015 годзе да 3110 – ў 2017-м. Павялічылася колькасць вучняў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі з 67,4 да 73%. Створаны ўмовы для развіцця профільнай і дапрафесійнай падрыхтоўкі вучняў і як вынік – павелічэнне колькасці вучняў, якія вывучаюць прадметы на павынашым узроўні, да 42,3% ад агульнай колькасці вучняў 11 класа.

Вырас сярэдні бал вучняў 9-11 класаў.  Самы высокі бал – у вучняў гімназіі №1 імя В.А.Караля г.Чэрвеня, сярэдняй школы №4 г. Червеня, сярэдняй школы №1 г.п.Смілавічы,  Запольскай сярэдняй школы. Павялічылася колькасць вучняў, якія здалі выпускныя экзамены на больш высокім і дастатковым узроўнях.

Палепшыўся вынік па цэнтралізаваным тэсціраванні па 9 вучэбных прадметах. У 2018 годзе 21 выпускнік устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (у 2017 годзе – 50) набраў ад 86 да 100 балаў.

Вынікоўным быў таксама ўдзел у прадметных алімпіядах. У абласным этапе прадметных алімпіяд у мінулым навучальным годзе заваявана 9 Дыпломаў, у рэспубліканскім – два Дыпломы.

Па выніках алімпіяд 5 вучняў сталі ўладальнікамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў (у 2017 годзе – 1).

Ва ўстановах адукацыі раёна ажыццяўляецца рэалізацыя абласных педагагічных праектаў: “Развіццё даследчых паводзін у дзяцей дашкольнага ўзросту пры дапамозе эксперыментавання” (яслі-сад №2 г.п.Смілавічы), “Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у працэсе стварэння віртуальнага музея касманаўтыкі” (СШ №2 імя А.К.Флегантава г.Чэрвеня), “Фарміраванне ў навучэнцаў даследчых уменняў праз арганізацыю работы музея “Прастора Хаіма Суціна г.п.Смілавічы).

Рэспубліканскія інавацыйныя праекты рэалізаваліся ў гімназіі №1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня, у СШ №4, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня, у Лядзенскім дзіцячым садку-сярэдняй школе. Міжнародныя – у СШ №3 г.Чэрвеня.

Дзеля выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі ў раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па фарміраванню талерантных адносін да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, актыўнаму ўключэнню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў асяроддзе аднагодкаў. У раёне створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе і ў тым ліку безбар’ернае асяроддзе.

Ва ўстановах адукацыі склалася функцыянальная сістэма ідэалагічнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, здаровага ладу жыцця. Вынікам работы ў гэтым накірунку стаў удзел вучняў у рэспубліканскім  этапе акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” (СШ №4, Руднянскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Турэцкі дзіцячы сад-базавая школа); у рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.п. Смілавічы; у мерапрыемствах да 75-годдзя з дня Хатынскай трагедыі; у Міжнародным піянерскім зборы “Смаленск-2018”, прысвечаным 114-годдзю з дня нараджэння Аркадзія Гайдара (акцябраты і піянеры дружыны імя Я.Мядзведзева СШ №2 г.п.Смілавічы); у абласным свяце піянерскай дружбы “Раўненне на піянерыю!”, у рэспубліканскім свяце “Зірні на нас па-новаму!”

У СШ №3 г.Чэрвеня прайшла сустрэча клубаў ЮНЭСКА “Свет без межаў” з удзелам дэлегацыі з г.Бранска. Мерапрыемствы гэтай сустрэчы доўжыліся таксама ва ўстановах адукацыі СШ№2 г.Чэрвеня, Запольскай школе і Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы. Члены клуба “Факел” СШ №3 падчас святкавання Дня Перамогі арганізавалі работу тэматычнай пляцоўкі. На базе Турэцкага дзіцячага садка-базавай школы прайшло раённае свята Піянерскай дружбы, падчас якога акцябрат прынялі ў піянеры, адбылося ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў раённых конкурсаў.

Ітэлектуальныя каманды ўстаноў адукацыі раёна штогод бяруць удзел у міжнародным турніры “Ігуменская завея”. Найбольш актыўня з іх – каманда гімназіі №1,  СШ №4 г.Чэрвеня, СШ №2 г.п.Смілавічы, Запольскай сярэдняй школы.

Добрыя вынікі і ў выхаванцаў Чэрвеньскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Па выніках года ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах па вольнай барацьбе, лёгкай атлетыцы, плаванню, футболу пераможцамі сталі 124 выхаванцы (у 2017 годзе – 81): 110 – на абласным узроўні, 9 – на рэспубліканскім, 5 – на міжнародным.

95,2% усіх вучняў раёна займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі, спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпіўскага рэзерву, у дамах культуры па месцы жыхарства, у школе мастацтваў, ДТСААФ і іншых.

Установамі адукацыі праводзілася вялікая работа па выяўленню ранняй нядобранадзейнасці ў сем’ях, ажыццяўленню кантролю за ўмовамі жыцця і выхавання непаўналетніх. Па выніках сацыяльных даследаванняў за мінулы навучальны год 122 дзіцяці з 64 сем’яў прызнана знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, знята з уліку 150 дзяцей з 78 сем’яў.

Асноўная прычына прызнання дзяцей знаходзячыміся ў сацыяльна-небяспечным становішчы – сямейна-бытавыя скандалы, неналежнае выкананне бацькоўскага абавязку па выхаванню і матэрыяльнаму ўтрыманню дзяцей у сувязі са злоўжываннем алкаголю, адсутнасцю крыніц матэрыяльнага даходу сям’і, нездавальняючым санітарным станам жылых памяшканняў.

У мінулым навучальным годзе было пазбаўлена бацькоўскіх правоў чацвёра бацькоў у адносінах трох дзяцей. У аднаго бацькі было адабрана дзіця без пазбаўлення бацькоўскіх правоў у сувязі з хваробай маці.

Фарміраванне асобы з устойлівай грамадзянскай пазіцыяй – галоўная задача педкалектываў. Важная роля ў яе рашэнні на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі належыць класнаму кіраўніку. Менавіта ён з’яўляецца тым звяном, якое звязвае вучня, настаўніка і бацькоў. Класны кіраўнік павінен быць і добрым арганізатарам, і псіхолагам, і проста цікавым чалавекам, з якім камфортна дзецям. Ад якасці работы класнага кіраўніка залежыць якасць выхавання ў цэлым. Таму адной з прыярытэтных задач на гэты навучальны год з’яўляецца павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці класных кіраўнікоў праз арганізацыю трансляцыі перадавога вопыту ў даным накірунку работы, які ёсць у раёне.

Завяршаючы выступленне, Ларыса Асановіч падкрэсліла, што зараз настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі працуюць у дынамічны час, час змяненняў і новых магчымасцей. Сучаснаму кіраўніку трэба не толькі эфектыўна ўпраўляць кадрамі, фінансамі, але і бачыць перспектыву развіцця свайго калектыву. І тут апорай павінны стаць прафесіяналізм педегагічных кадраў, зацікаўленасць бацькоў і падтрымка грамадскасці.

Яна павіншавала ўсіх педагогаў раёна са святам, пажадала моцнага здароўя, поспехаў, здзяйснення мараў і надзей.

Ала Шахоцька, намеснік старшыні райвыканкама ўручыла  Ганаровыя граматы Чэрвеньскага райвыканкама Наталлі Мацэвіч, выхавальніку дзіцячых ясляў-сада №2 г.п. Смілавічы; Канстанціну Сарманту, настаўніку працоўнага навучання СШ№4. Падзяку старшыні Чэрвеньскага рйвыканкама аб’явіла Святлане Аношка, загадчыку сектара сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі яна адзначыла, што ў дакладзе начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Ларысы Асановіч шэраг устаноў адукацыі не прагучаў практычна ні ў якіх намінацыях.

— Безумоўна, працуюць усе, — сказала Ала Канстанцінаўна. — Але можна працаваць шмат і безвынікова. Усе гавораць, што кожнае дзіця нараджаецца талантлівае, з вялікімі патэнцыяльнымі магчымасцяміі. І калі ў адной установе працуюць талантлівыя педагогі, хаця іх талент іншы раз і не прыродны, а іх талент – у іх калектывізму, у прафесійным кіраванні з боку адміністрацыі, у нераўнадушшы да дзяцей, у адкрытасці свету, да таго, што адбываецца на роднай зямлі, і вялікім педагагічным згуртаванні. І атрымліваецца, што, калі патэнцыяльна талантлівы вучань трапляе ў асяроддзе нераўнадушных педагогаў, у ім развіваюцца розныя бакі яго асобы, калі ён трапляе ў калектыў, дзе ўсе працуюць будзённа, а іншы раз і нецікава, дзіця застаецца не раскрытым для свету і грамадства.

Прапаную да Дня настаўніка арганізаваць выставу-прэзентацыю ўсіх устаноў адукацыі, дзе кожны прадэманструе свой вопыт, свой самы моцны бок у тым або іншым накірунку выхаваўчай работы. Таму што на ўсіх  выставах і прафесійных святах мы таксама бачым адны і тыя ж установы адукацы. Давайце мы Дзень настаўніка правядзём вялікай прэзентацыяй кожнай установы.

Другі момант, у нас у раёне моцны бок – гэта развіццё інэлектуальнага патэнцыялу і творчага патэнцыялу. У розных раёнах па некаторых пазіцыях  у параўнанні з нашым, няма роўных. Але з другога боку – гэта здаровы лад жыцця, спорт на ўзроўні ўпраўлення па адукацыі з вялікімі дасягненнямі, выхаванне патэнцыяльных спартсменаў — пераможцаў раённых,  абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў — у нас не на належным узроўні. Задача гэтая ставілася і раней – уцягнуць кожнае дзіця ў спартыўную секцыю: ад шахматаў да лёгкай атлетыкі. У той від спорту, які дазволены дзіцяці па ўзроўні яго здароўя. Гэта будзе на кантролі нашага райвыканкама. Стаіць ячшэ адна задача – арганізацыя здаровага харчавання. На жаль, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі штомесячна прадастаўляе дакладную запіску аб тым, што пастаянна знаходзіць правапарушэнні ў той або іншай установе адукацыі. Гэта недаработкі не глабальнага характару, а будзённая халатнась, неарганізаванасць, недагляд на ўроўні ўстановы адукацыі і яго работнікаў.

Таму, шаноўныя кіраўнікі, звяртаюся да вас: па-ранейшаму, арганізацыя харчавання знаходзіцца на кантролі ў дзяржавы, на кантролі ўпраўлення па адукацыі і на на вашым таксама. Патрабаванні да арганізацыі харчавання павінны выконвацца. Санітарныя нормы, якія прад’яўляюцца да школьнага харчавання, будуць больш жорсткімі.

Неабходна павышаць імідж прафесіі настаўніка. У таленавітага педагога вучань марыць быць падобным на свайго настаўніка. Вучань не задумваецца аб тым, які заробак мае настаўнік, ён хоча быць падобным на свайго куміра. І імідж педагога не падніме ні новы нарматыўны дакумент, ні кодэкс аб адукацыі, ні вялікі заробак, калі вы не будзеце выхоўваць сваіх вучняў да сябе падобных. А якія мы на самой справе – давайце аб’ектыўна паглядзім на сваіх вучняў. Калі настаўнік гаворыць, што гэта дзеці такія – не хітруйце: гэта мы з вамі такія, тыя, хто гэтых дзяцей выхоўвае, вучыць, арганізоўвае для іх усю адукацыйную прастору. У любога крэаціўнага настаўніка ніколі не бывае дрэнных вучняў. Таму, шаноўныя педагогі, на вас ляжыць рашэнне велізарнай задачы – выхоўваць такую асобу, якая стане залогам поспеху развіцця краіны ў цэлым. Гэта стане залогам таго, што дом, у якім мы з вамі жывём, наш Чэрвеньскі раён, будзе таксама квітнець. Наколькі мы іх выхаваем, каб яны вярнуліся на радзіму – усё ў нашых руках, сэрцах і ў талентах. Аптымізму, здароўя, поспехаў. Калі вам патрэбны парада, падтрымка – заўсёды прыходзьце, мы вам заўсёды рады. Са святам вас, з пачаткам новага вучэбнага года.

 Алена Даўгун, прарэктар па метадычнай і ідэалагічнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” уручыла Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Анатолю Канстанцінавічу Шабусаву, настаўніку фізікі і астраноміі СШ №1 г.п.Смілавічы; Грамату Міністэрства адукацыі – Таццяне Іванаўне Барбук, загадчыку дзіцячых ясляў-сада №6 г.Чэрвеня; Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама – Вользе Рыгораўне Беляковай, намесніку загадчыка гэтай жа ўстановы адукацыі; Марыне Уладзіміраўне Паповай, выхавальніку ясляў-сада №3 г.Чэрвеня; Міхаілу Леанідавічу Халадзінскаму, настаўніку фізікі гімназіі №1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня; Барысу Пятровічу Батурчыку, настаўніку інфарматыкі Запольскай СШ і Лоюдміле Пятроўне Захарчук, настаўніку працоўнага навучання гэтай жа ўстановы.

Алена Віктараўна, звярнуўшыся да ўзнагароджаных педагогаў, сказала:

— Ганаруся тым, што менавіта ваш унёсак, вашы дасягненні развіваюць сістэму адукацыі раёна, дзякуй усім, хто звязаў сваё жыццё з настаўніцкай прафесіяй, дзякуй ветэранам працы. Ад імя ўпраўлення па адукацыі і ад калектыву Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі віншую вас з пачаткам новага навучальнага года. Здароўя вам, поспехаў і шчасця!

Шэрагу настаўнікаў раёна Ларыса Асановіч уручыла Граматы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама.

Па выніках круглагадовай турыяды педагагічных работнікаў ад упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Дыплом трэцяй ступені ўпраўлення па адукацыі спорту і турызму райвыканкама і Сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентара на суму 300 рублёў атрымала СШ №1 г.п.Смілавічы (дырэктар Лілія Іванаўан Сныткова), Дыплом другой ступені і Сертыфікат на суму 400 рублёў – Турэцкі дзіцячы сад-базавая школа (дарэктар Антаніна Анатольеўна Даўгалевец), пераможца спаборніцтваў – СШ №2 г.п. Смілавічы (дырэктар Вячаслаў Віктаравіч Марціновіч). Школе ўручаны Дыплом першай ступені і Сертыфікат на суму 500 рублёў.

Па выніках конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый навучальных устаноў у намінацыі “лепшае вонкавае азеляненне і добраўпарадкаванне” пераможцай сталі калектывы Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання г.Чэрвеня, ясляў-сада №1 г.п.Смілавічы, які да таго з’ўляецца пераможцам і ў намінацыі “тэрыторыя бяспекі”.

У калектыў педагогаў раёна прыйшло маладое папаўненне. З прывітальным словам да іх звярнулася ветэран педагагічнай працы Эма Міхайлаўна Анціпенка. Яна пажадала ім быць адказнымі, не баяцца цяжкасцей, звяртацца за парадай да старэйшых педагогаў. І прачытала вершаваны наказ на дарогу.

Сімвалічна, што са словамі ў адказ выступіла малады спецыяліст – унучка Эмы Міхайлаўны – Лізавета Пыка, настаўнік-дэфектолаг СШ №2 г.п.Смілавічы. Яна запэўніла, што маладыя спецыялісты будуць старацца працаваць добрасумленна, так, як працавалі і працуюць старэйшыя калегі, узяць ад іх усё лепшае, што назапашана папярэднім вопытам.

Віталь Труш, старшыня прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі ўручыў Ганаровыя граматы Прэзідума Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васілю Сцяпанавічу Шумко, грамадскаму інспектару па ахове працы Раваніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы; Алене Мікалаеўне Шумяльковай, старшыні прафкама гэтай жа ўстановы. Граматы Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – Андрэю Валянцінавічу Гантарэнка, дырэктару Запольскай СШ, Людміле Мікалаеўне Сакавай, старшыні прафкама ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама; Ірыне Міхайлаўне Няборскай, старшыні прафкама Хутарскага дзіцячага сада-сярэдняй школы; Таццяне Віктараўне Падбільскай, старшыні прафкама дзіцячыя яслі-сад №1 г.Чэрвеня.

Падведзены вынікі работы, акрэслены перспектывы на будучыню. Канферэнцыя прыняла Рэзалюцыю, тэкст якой размешчаны на сайце ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Удзельнікам канферэнцыі быў прапанаваны канцэрт, які ладзілі вучні, выхаванцы і педагогі ўстаноў адукацыі раёна.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *