Адсвяткавалі ў Грабёнцы свята вуліцы

Культура Люди и судьбы

Цудоўнымі словамі з верша свайго земляка Мікалая Барбука пачалося свята вуліцы Наберажная, што ў вёсцы Грабёнка. На яго сабралася амаль 40 жыхароў і гасцей вуліцы, каб прыгадаць мінулае, парадавацца поспехам і яшчэ раз пераканацца ў тым, што няма ў свеце больш прыгожага кутка, чым той, дзе пашчасціла нарадзіцца…

Настаяцель храма Архангела Міхаіла іерэй Генадзь Цімавец –жаданы госць на ўсіх мерапрыемствах у нашай вёсцы — павіншаваў са святам і адзначыў:

— У кожнага чалавека ёсць малая радзіма – месца, дзе ён убачыў свет, правёў сваё дзяцінства. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, калодзеж, у якім няма вады смачней, сцежка, якую не забудзеш ніколі. Для вас – гэта родная вёска Грабёнка і вуліца Наберажная. Вуліца з добрымі традыцыямі, добрымі людзьмі. Беражыце гэтае багацце на доўгія гады, перадавайце яго сваім нашчадкам.

Вядучыя Святлана Панцялеева і Наталля Бурдыка распавялі пра гісторыю вуліцы, якую зусім нядаўна назвалі Наберажнай. Але заўсёды яе называлі Настаўніцкай, таму што тут жылі і працавалі ў мясцовай школе 13 настаўнікаў. Гэта Таццяна Адамаўна і Міхаіл Іосіфавіч Лукашэвічы, Пётр Іларыёнавіч і Антаніна Сямёнаўна Суша, Мікалай Якаўлевіч Бурдыка, Аляксей Іванавіч і Валянціна Цітаўна Барысевіч, Алена Сцяпанаўна Сакалова, Сямён Васільевіч і Марыя Іванаўна Копцюг, Аляксандр Рыгоравіч Ажар, Васіль Ільіч Крывашчокі, Раіса Мікалаеўна Нікалаевіч. Гэтыя людзі былі сапраўдным гонарам вёскі і школы. Іх справу прадоўжылі дзеці. Настаўнікамі сталі Зінаіда Мікалаеўна Бурдыка, Галіна Пятроўна Суша, Раіса Аляксееўна Барысевіч, Святлана Васільеўна Крывашчокая, Лілія Сямёнаўна Копцюг.

Калісьці на вуліцы было 13 дамоў, дзе жылі 93 чалавекі! Былі футбольная і валейбольная каманды. Людзі заўсёды былі добразычлівыя, сяброўскія, разам працавалі і адпачывалі.
Вуліцу свайго дзяцінства прыгадвалі таксама землякі, якія з’ехалі з вёскі. Але за ўсё, што маюць сёння, удзячныя роднай зямлі і людзям, побач з якімі раслі.

Запамінальным стала свята для шасці аднакласнікаў, якія скончылі школу 50 гадоў таму. Гэта Валянціна Герасімчык, Кацярына Ахрамовіч, Валянціна Яковін, Ніна Андрончык, Таццяна Вяргейчык і Алег Сакалоў, які прыехаў з далёкага горада Чарнаморскае. Не хаваючы слёз, ён гаварыў, што дзе б ён ні быў, ніколі не забывае пра сваю маленькую радзіму, сумуе па родных мясцінах. Дарэчы, яго жонка Лізавета пачынала працаваць у Грабёнскай сярэдняй школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

З віншавальнымі словамі выступілі іншыя госці свята: былы дырэктар школы Ганна Іванаўна Вішнеўская, былы ўрач бальніцы Марыя Сяргееўна Шаўчэнка, жыццё якіх было неразрыўна звязана з жыхарамі гэтай вуліцы. Яны і зараз падтрымліваюць самыя цесныя сяброўскія сувязі з суседзямі.
Мы па праву ганарымся Андрэем Барысевічам, унукам Аляксея Іванавіча Барысевіча, былога завуча мясцовай школы. Андрэй – пілот, які яшчэ з адным беларусам зараз прымае ўдзел у першым беларускім кругасветным авіяпералёце.

Добры настрой на свяце дарылі самадзейныя спевакі Анатоль Кеда і Марыя Мельнік. У іх выкананні гучалі песні аб вёсцы, зямлі, бацьках, школе, каханні. Спявалі і вяскоўцы.

На развітанне ўсе прысутныя дзякавалі ініцыятару і арганізатару свята Зінаідзе Ясюк, якая мае вялікі талент сабраць людзей і падараваць ім радасць. Дзякавалі Святлане Панцялеевай, Анатолю Кеда, Марыі Мельнік і Наталлі Бурдыка, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы праграмы свята, якое атрымалася яркім і па-хатняму добрым…

Сям’я СУША ад імя ўдзельнікаў свята вуліцы Наберажная.
Фота аўтараў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *