Шчыра папрацавалі, душэўна адсвяткавалі!

Аграрный сектор Урожай 2018

У эксперыментальнай базе «Натальеўск» справілі «Дажынкі».

dav

Вечарам у аўторак, калі былі абмалочаны апошнія ў гаспадарцы гектары зерневых на палетку ля вёскі Амяло, камбайнераў і вадзіцеляў чакаў прыемны сюрпрыз. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства арганізавала для іх “Дажынкі”.

Завяршэнне ўборкі ўраджаю хлебаробы разам са спецыялістамі адсвяткавалі за накрытым проста на ўскрайку поля сталом. Шчырыя словы ўдзячнасці выказала рупліўцам хлебнай нівы дырэктар гаспадаркі Алена Махнач. Яна адзначыла важкі ўклад кожнага ў агульны вынік. А ён для сёлетніх умоў надвор’я атрымаўся неблагім. З 2498 гектараў зерневых і зернебабовых культур атрымалі 8163 тоны збожжа (больш за ўсіх у раёне) пры сярэдняй ураджайнасці 33 цэнтнеры з гектара. Шэсць камбайнавых экіпажаў перасягнулі тысячны рубеж намалоту, пяць вадзіцеляў перавезлі ад камбайнаў больш чым па тысячы тон зерня.

dav

За нязмушанай сяброўскай гутаркай хлебаробы дзяліліся ўражаннямі і пачуццямі наконт жніва. Усе сышліся на думцы, што паспяхова выканаць пастаўленыя задачы дапамагла згуртаванасць калектыву, высокая арганізацыя работ.

У знак падзякі хлебаробам кіраўніцтва гаспадаркі падрыхтавала кожнаму сувенір – кубак з сімволікай жніва, а сельвыканкам уручыў ручкі з лагатыпам гаспадаркі і надпісам “Жніво-2018”.

Калі на зямлю апусціўся змрок, натоленае водарам збожжа і зваблівым пахам шашлыкоў наваколле азарылася феерверкам. Так “Натальеўск” адсалютаваў героям жніва.

Людміла ПАСУДЗЕЎСКАЯ, старшыня Калодзежскага сельвыканкама.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *