Маці вярнулі дзяцей пасля адабрання

Актуальное Происшествия

Паглядзіце, якой радасцю свецяцца вочкі Васілісы, Назара і маленькай Сафійкі! З пяшчотай прытуліліся яны да сваёй мамы. Паўгода давялося ім пражыць у разлуцы ў сацыяльным прытулку… І вось, урэшце, яны зноў разам.

8 лютага гэтага года камісія па справах непаўналетніх Чэрвеньскага райвыканкама на аснове Дэкрэта Прэзідэнта ад 24.11.2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” прыняла рашэнне аб адабранні трох непаўналетніх дзяцей у жыхаркі вёскі Горкаўская Слабада Алены Федарэнчык. Як патлумачыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Сцяжко, жанчына злоўжывала алкаголем, не займалася выхаваннем дзяцей і стварыла для іх нязносныя ўмовы жыцця. Алену накіравалі на лячэнне. Яна яго прайшла, мае намер дастойна выхоўваць сваіх дзяцей, працуе, не ўжывае алкаголь. Час на выпраўленне становішча прайшоў. 8 жніўня камісія прыняла рашэнне вярнуць дзяцей маці. Але некаторы час сям’я будзе ў полі зроку камісіі.

— Эмоцыі захліснулі, калі пераступіла парог сацыяльнага прытулку і дзеці кінуліся да мяне, — гаворыць Алена. – Як жа яны чакалі гэтага моманту! Разумею, што вяла сябе не лепшым чынам і прынесла сваім дзецям столькі пакут. Увесь вечар мы правялі за размовамі: дзеці расказвалі пра сваё жыццё без мяне…

На жаль, іншы раз бывае так, што чалавек збіваецца з правільнага жыццёвага шляху. Так здарылася і з маладой мамай Аленай. Не заўважыла, як чарка ў яе жыцці стала больш важкай, чым родныя дзеці…

У патрэбны момант маладой жанчыне аказалі дапамогу педагогі Лядзенскай школы, у якой вучыцца Васіліса, яе дырэктар Ірына Змачынская, супрацоўнікі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, пракуратуры, кіраўніцтва ААТ “Лядзенскі”, камісія па справах непаўналетніх Чэрвеньскага райвыканкама.

— Я вельмі рада, што маці вярнулі дзяцей, і яна змагла правільна асэнсаваць свае паводзіны. — сказала Ірына Мікалаеўна Змачынская. — Разумею, што было цяжка пераадолець гэтую хваробу. Але Алена справілася. Цяпер ёй трэба наладжваць свой быт, гадаваць дзяцей, ствараць ім неабходныя ўмовы. А мы, у сваю чаргу, будзем падтрымліваць і дапамагаць ім па неабходнасці.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Маці вярнулі дзяцей пасля адабрання

  1. Как хорошо, что деток вернули! Всё таки детки должны жить в семье. И мама молодчинка, что исправилась! Каждый в жизни совершает ошибки, главное успеть их исправить!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *