Футбол Мінскай вобласці: «Вілія» (Вілейка) — «Колас» (Чэрвень) — 1:3

Важное Спорт

19 жніўня. Вілейка. Гарадскі стадыён. Сонечна. 25 градусаў. 150 гледачоў.
«Колас»: Аўраменка, Весялоў (Аруцюнян, 88), Палтаржыцкі, Курбанаў (Ліпніцкі, 46), Шалабнёў (Шафераў, 82), Чысты (Юдо, 87), Цэдрык, Ганчарык, Шарыпаў (Каражан, 74), Шмідаў (Фофанаў, 66), Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Мрынскі (6, 27), Чысты (8).

Аляксандр Мрынскі забівае першы мяч у вароты “Віліі”

“Колас” прыехаў у Вілейку з баявым настроем і рашучасцю пацвердзіць свой статус лідара чэмпіянату. Імпэту чэрвеньцам надавала і тое, што з 2012 года яны ніводнага разу не перамаглі мясцовую “Вілію” на яе полі: 4 паражэнні і адна нічыя. Гэтую непрыемную традыцыю трэба было мяняць.

Што да саставу “Коласа”, то без страт не абышлося: прыкладна на месяц выбыў са строю з-за праблем са здароўем цэнтральны паўабаронца Аляксандр Качаргін. З добрых навін – залячыў траўму і вярнуўся ў каманду правы паўабаронца Аляксандр Ліпніцкі.

Чэрвеньцы хутка асвоіліся на новым штучным газоне вілейскага стадыёна і амаль што са стартавым свістком пайшлі наперад. І гэта неўзабаве хутка прынесла плён. Ужо на шостай хвіліне сустрэчы Аляксей Ганчарык зрабіў выдатную верхавую перадачу ў штрафную на Аляксандра Мрынскага, і наш гуляючы трэнер адкрыў лік.

Не паспелі вілейскія ігракі ачомацца, як праз дзве хвіліны іх галкіпер вымушаны быў у другі раз вымаць мяч з сеткі. Стандарт за парушэнне правілаў супраць Аляксандра Мрынскага, якое адбылося на подступах да штрафной пляцоўкі, выдатным ударам у абвод сценкі вынікова завяршыў Дзмітрый Чысты.

Дзмітрый Чысты са штрафнога робіць лік 2:0 на карысць “Коласа”

Другі прапушчаны мяч, нарэшце, “узбадзёрыў” гаспадароў поля, і яны за непрацяглы час стварылі адразу чатыры небяспечныя моманты ля варот “Коласа”. А потым адна з контратак нашай каманды завяршылася яшчэ адным голам. Навабранец чэрвеньцаў Фарух Шарыпаў верхам зрабіў перадачу на Аляксандра Мрынскага, той у сваім фірменным стылі вызваліўся з-пад апекі абаронцаў саперніка, перайграў галкіпера і з вострага вугла скіраваў мяч у пустую браму “Вілейкі”.

Наколькі прыгожым быў у выкананні ігракоў “Коласа” першы тайм, настолькі слаба яны правялі другі. Дзякуй Богу, гаспадары поля здолелі забіць нам толькі адзін гол, і той – з пенальці. Аднак, паколькі гэта адбылося праз пятнаццаць хвілін пасля перапынку, то ў астатнія паўгадзіны гульні, як ігракам, так і трэнерскаму штабу, давялося патраціць шмат нерваў, здароўя і эмоцый.

Гэта – трывожны званочак для чэрвеньцаў перад вырашальнымі гульнямі чэмпіянату, якія наперадзе. Хаця час, каб унесці карэктывы (нават не столькі ў моманты, звязаныя з фізічнай падрыхтоўкай, колькі ў псіхалагічны настрой ігракоў) яшчэ ёсць.

Наступны матч чэмпіянату “Колас” правядзе ў бліжэйшую нядзелю на сваім полі з “Лагойскам”. Пачатак – у 14 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *