Футбол Мінскай вобласці: «Колас» (Чэрвень) — «Лагойск» — 4:0

Важное Спорт

26 жніўня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Воблачна. 25 градусаў. 150 гледачоў.
«Колас»: Шалабнёў, Весялоў (Каражан, 71), Палтаржыцкі, Цэдрык, Шмідаў, (Грабянок, 77), Чысты (Лявонцьеў, 57), Ганчарык, Казарын (Юдо, 77), Шарыпаў (Шафераў, 60), Фофанаў (Аруцюнян, 69), Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Казарын (6,30), Мрынскі (15, 63).

“Лагойск” быў апошнім сапернікам “Коласа” сярод каманд, якія не ўваходзяць у групу прэтэндэнтаў на медалі чэмпіянату (не лічачы “Беразіно”, выязным матчам з якім мы будзем завяршаць спаборніцтвы). Што ў пэўнай ступені давала магчымасць чэрвеньцам змадэляваць гульню на паядынкі з больш сур’ёзнымі апанентамі. Хаця зрабіць гэта было складана, бо госці, насуперак чаканням, прыехалі ў Чэрвень нават без запасных ігракоў і не здолелі аказаць нашай камандзе годнага супраціўлення.

“Колас” ад самага пачатку матча акрэсліў сваю тэрытарыяльную і гульнявую перавагу. І неўзабаве яна была ўвасоблена ў хуткі гол. Пры гэтым нашы ў каторы раз пацвердзілі майстэрства рэалізацыі стандартных становішчаў.

Напачатку галкіпер “Лагойска” выратаваў сваю каманду пасля ўдару Фаруха Шарыпава, перавёўшы мяч на вуглавы. А затым навес Аляксандра Мрынскага ў штрафную пляцоўку галавой замкнуў Андрэй Казарын.

Літаральна праз некалькі хвілін Аляксей Ганчарык бліскучай перадачай вывеў на рандэву з варатаром гасцей Аляксандра Мрынскага, і той не схібіў – 2:0. А на зыходзе паўгадзіны гульні наш гуляючы трэнер зрабіў галявы пас на Андрэя Казарына – 3:0.

У перапынку ў раздзявалцы “Коласа” ішла гаворка аб тым, што другі тайм не павінен быць такім, як у папярэднім выязным матчы з “Віліяй” (у Вілейцы, нагадаю, чэрвеньцы ў другой палове сустрэчы згулялі невыразна, саступіўшы яе – 0:1). Але і гэтым разам яркага працягу гульні не атрымалася. Найперш з-за таго, што трэнерскі штаб каманды вырашыў даць адпачыць ігракам асновы і пагуляць моладзі. Але нават пасля шасці замен наша каманда выглядала на фоне саперніка мацней. Хіба што дакладнасці ў завяршаючай стадыі атак не хапала. Адзіны пасля перапынку мяч забіў Аляксандр Мрынскі, перакінуўшы галкіпера, які далёка выйшаў з варот.
На гэтым лёгкія прагулкі для “Коласа” скончыліся. У бліжэйшую нядзелю нашых футбалістаў чакае выязны матч у Дзяржынску з “Лівадыяй-Юні”, затым – хатняя сустрэча з “Фалько”, выезд у Салігорск да “Гарняка” і гульня на сваім полі са “Старымі Дарогамі”…

Перад матчам з “Лагойскам” гуляючы трэнер чэрвеньцаў Аляксандр Мрынскі даў “Раённаму весніку” каментарый да вынікаў першага круга чэмпіянату і пачатку другой яго паловы:

— Калі не лічыць дзве нічые — з «Нясвіжам» у гасцях і «Беразіно» дома, то першы круг мы правялі, можна сказаць, паспяхова, як і планавалі. Хатняе паражэнне ад «Гарняка» — асобная размова. Па-шчырасці, тут ёсць і мая віна, як трэнера: ад пачатку была няправільна абрана тактыка на гульню. У выніку, як кажуць, пайшлі ў атаку, а патрапілі ў палон.
У цэлым жа, я задаволены тым, як прагрэсіруе каманда. Карпатлівая праца на трэніроўках не праходзіць дарэмна. Ёсць прагрэс і ў моладзі. Я веру ў яе, бо яна — наша будучае. Іншага шляху ў нас няма, калі не хочам, каб футбол у Чэрвені знік.
Наперадзе — вельмі цяжкая канцоўка чэмпіянату. У гульнях з сапернікамі, якія прэтэндуюць на самыя высокія месцы, будзем старацца паказаць максімальны вынік, выходзіць на кожны матч, як на апошні бой. Становішча абцяжарваецца тым, што на сёння ў «Коласа», нягледзячы на тое, што ён узначальвае турнірную табліцу спаборніцтваў, няма грошай нават на харчаванне ігракам, не гаворачы пра хаця б невялікае матэрыяльнае заахвочванне футбалістам, якіх мы запрасілі ў каманду з-за межаў раёна, і на кампенсацыю выдаткаў іншагароднім за праезд. Вельмі спадзяюся, што сітуацыя нейкім чынам выправіцца.
Разам з тым, хачу шчыра падзякаваць начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларысе Валянцінаўне Асановіч. Пры яе падтрымцы для каманды набылі медыкаменты і мячы.

Вынікі астатніх матчаў 13 тура: «Нясвіж» — «Беразіно» — 1:2, «Старыя Дарогі» — «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — 2:3, «Гарняк» (Салігорск) — «Фалько» (Дзяржынскі раён) — 2:1, «Крупкі-ДРБУ-164» — «Вілія» (Вілейка) — 5:0.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *