Чэрвеньскі «Колас» перамог «Нясвіж»

Важное Спорт

12 жніўня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Пераменная воблачнасць. 26 градусаў. 150 гледачоў.
«Колас»: Аўраменка, Весялоў (Аруцюнян, 81), Палтаржыцкі, Цэдрык, (Лявонцьеў, 78), Лаўрык (Каражан, 78), Качаргін (Курбанаў, 54), Ганчарык, Чысты (Шалабнёў, 54), Шарыпаў (Фофанаў, 66), Шмідаў (Шафераў, 76), Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Мрынскі (35 — з пенальці), Цэдрык (40), Палтаржыцкі (63).

Віталь Палтаржыцкі забівае трэці мяч у вароты «Нясвіжа».

Чарговы хатні матч “Колас” пачынаў не на лепшым эмацыйным фоне: апошнія тры гульні на сваім полі чэрвеньцы правялі няўдала. Пачалося ўсё з паражэння ад галоўнага канкурэнта ў чэмпіянаце салігорскага “Гарняка” – 0:3. Затым быў драматычны “вылет” з розыгрышу Кубка вобласці (2:4 ад слуцкага “Фаварыта”) і, нарэшце, нічыя – 3:3 – з аўтсайдэрам чэмпіянату “Беразіно”.

Вось чаму на перадматчавай устаноўцы гуляючы трэнер нашай каманды Аляксандр Мрынскі звяртаў асаблівую ўвагу ігракоў на неабходнасць аддаць доўг балельшчыкам, парадаваўшы іх прыгожай і выніковай гульнёй. Ну, і, зразумела, не згубіць ачкі з не самым моцным “Нясвіжам”.

Можна было не сумнявацца, што госці выйдуць на матч супраць аднаго з лідараў чэмпіянату максімальна мабілізаванымі. Так і атрымалася. “Нясвіж”, не маючы магчымасцяў атакаваць, узяў курс на разбуральныя дзеянні. Лагічна, што над Аляксандрам Мрынскім, які выйшаў на поле са стартавым свістком і адыграў увесь матч, была ўстаноўлена персанальная апека. Праўда, стрымаць лідара атак нашай каманды сапернікам удавалася не заўсёды. Прынамсі двойчы Аляксандр мог адкрываць лік. На жаль, яго ўдарам не хапіла дакладнасці.

У такой сітуацыі гульню на сябе ўзяў лепшы бамбардзір “Коласа” Ігар Шмідаў. Менавіта яго імклівы праход у штрафную пляцоўку “Нясвіжа” на 35-й хвіліне быў спынены з парушэннем правілаў. Пенальці бездакорна рэалізаваў Аляксандр Мрынскі.

А яшчэ праз пяць хвілін чэрвеньцы падвоілі перавагу ў ліку. Пасля розыгрышу вуглавога навес Мрынскага ў штрафную пляцоўку галавой замкнуў Яўген Цэдрык – 2:0.
Ад пачатку другога тайма госці вялікімі сіламі пайшлі наперад, спрабуючы адыграцца. Нашы пабудавалі гульню з разлікам на хуткія контратакі. Адна з іх завяршылася вуглавым, які неўзабаве прывёў да трэцяга ўзяцця варот “Нясвіжа”.

Ці то госці не ведалі пра здольнасці Віталя Палтаржыцкага апярэджваць усіх у барацьбе “на другім паверсе”, ці то забыліся. Але, так сталася, што наш абаронца без праблем сустрэўся з мячом, які навесіў з вуглавога Аляксандр Мрынскі, і галавой скіраваў яго ў сетку.

У далейшым камфортная галявая перавага дала магчымасць трэнерскаму штабу “Коласа” зрабіць усе сем замен. Асабліва патрэбна гэта было для моладзі, якую пакуль яшчэ не рызыкуюць выпускаць на поле ў матчах з больш грознымі сапернікамі.

Важным вынікам гульні варта назваць тое, што наша каманда гэтым разам не прапусціла. Бо ў трох папярэдніх матчах мяч дзесяць (!) разоў улятаў у вароты “Коласа”. Да таго ж, абаронцы не толькі паспяхова выканалі свае абавязкі, але і забілі два з трох мячоў. Хаця, з іншага боку, гэта сведчыць пра недапрацоўку ігракоў атакі. Варта спадзявацца, што трэнерскі штаб зробіць адпаведныя высновы ўжо да наступнай гульні, якая адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю ў Вілейцы.

А ў Чэрвені балельшчыкі зноў убачаць “Колас” 26 жніўня, калі ў госці да нас завітае “Лагойск”.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *