Адбыліся сустрэчы з працоўнымі калектывамі падчас адзінага Дня інфармавання

Актуальное Общество

У чацвер адбыўся адзіны Дзень інфармавання насельніцтва: прадстаўнікі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў сустрэліся з працоўнымі калектывамі, з насельніцтвам па месцы жыхарства. Акрамя асвятлення асноўнай тэмы дня – стану аварыйнасці на дарогах — яны абмеркавалі магчымасці для самарэалізацыі моладзі.

У ліку арганізацый, якія наведалі прадстаўнікі груп, – СПФ «Аграбуд», ААТ «Запольскае», філіял «АграБокс» — «Унібокс», прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Чэрвеньскім раёне, друкарня, будаўнічы ліцэй, дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інш.

Прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Віталем Казловым сустрэлася з калектывам Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Размова вялася не толькі на тэмы дня – дарожную бяспеку і перспектывы развіцця моладзі, — але і агучваліся набалелыя праблемы смілаўчан.

Адной з першых абмеркавалі сітуацыю з маладымі кадрамі ў раёне. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Алы Шахоцька, найбольшы працэнт замацаванасці маладых спецыялістаў у сферы адукацыі — 85%, ахове здароўя — 71%, культуры — 78%, прамысловасці – 60%, у будаўнічай галіне, гандлі, сельскай гаспадарцы — 42-43%.
Калі ў чалавека няма праблем з працай, жыллём і здароўем, тады ён адчувае сябе шчаслівым.

— У Беларусі рэалізуецца некалькі дзяржаўных праграм, якія накіраваныя на стварэнне камфортных умоў для насельніцтва ўвогуле і моладзі, у прыватнасці, — адзначыла Ала Шахоцька. – Адна з галоўных – «моладзевая палітыка і адукацыя», якая закранае шырокі спектр пытанняў – ад навучання і выхавання да грамадскай дзейнасці. На працягу апошніх гадоў у раёне праводзіцца значная работа па стварэнню камфортных умоў для жыцця, для павышэння якасці і даступнасці паслуг: вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторый, будаўніцтва жылля, дзіцячых пляцовак, адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу, рамонт і тэхнічнае аснашчэнне бальніцы, школ, дзіцячых садоў і г. д.

Даведка:
у Чэрвеньскім раёне пражывае 31 870 чалавек, з іх 5 664 чалавекі — ва ўзросце да 31 года.

Што тычыцца сітуацыі на рынку працы, то ў першым паўгоддзі з 321 чалавека, які звярнуўся ў раённую службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні, прызнаны беспрацоўнымі 161, у тым ліку 49 –людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. 39 маладых грамадзян былі працаўладкаваныя на пастаянную працу, 8 – накіраваны на навучанне.

Па словах прадстаўнікоў каледжа, у Смілавічах асаблівай увагі мясцовых улад патрабуе добраўпарадкаванне тэрыторый, у прыватнасці пасля пракладкі цепласетак, ўтрыманне дарог і асвятленне вуліц.

На сустрэчы смілаўчане таксама цікавіліся, як атрымаць зямельны ўчастак пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, хваляваў іх і лёс кінатэатра (у гэтым будынку, як ім паведамілі, плануецца размясціць Дом культуры). Усе пытанні ўдалося патлумачыць на месцы.

Напрыканцы сустрэчы старшыня ЖБВК «Аграрнік-1» Алена Прадзед выказала падзяку старшыні райвыканкама Віталю Казлову за вырашэнне пытання з рамонтам дома па вул. М. Горкага ў Смілавічах.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Яфіменка ў філіяле “АграБокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс”.

 

Старшыня прафкама ААТ “Запольскае” Галіна Пінчук з працоўным калектывам гаспадаркі.

Адным з адрасоў правядзення гутаркі ў адзіны Дзень інфармавання стаў Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй. Тут з супрацоўнікамі вучэбнай установы гутарыла начальнік камісіі па справах непаўналетніх Наталля СЦЯЖКО. Акцэнт быў зроблены на прафілактыку ДТЗ і правапарушэнняў сярод падлеткаў і моладзі — навучэнцаў ліцэя. Гэта тым больш актуальна, што хутка пачнецца вучэбны год. Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што з пачатку года ў нашым раёне не было ДТЗ з удзелам дзяцей і падлеткаў: “Хацелася б, каб мы так і працягвалі – без траўм, без аварый, без здарэнняў. Для гэтага трэба праводзіць на такім жа ўзроўні прафілактычную работу з навучэнцамі ліцэя.”

 

У Дзень інфармавання старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка правёў прыём грамадзян у Раваніцкім сельсавеце.

Дырэктар мясцовай школы Валянціна Ільмоўская прыйшла на яго з праблемай жылля для маладых спецыялістаў. Паводле яе расповеду, кіраўніцтва ААТ “Раванічы” адмаўляе школе ў далейшым пражыванні настаўнікаў, што прыязджаюць сюды працаваць па размеркаванню, у жылым доме гаспадаркі, які дагэтуль фактычна быў інтэрнатам.

Як патлумачыла старшыня сельвыканкама Вольга Тарасік, дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Кіпець аргументуе гэта неабходнасцю прадастаўлення жылля сваім новым работнікам. Каб удакладніць пазіцыі бакоў, яна мела намер запрасіць кіраўніка гаспадаркі на прыём, але звязацца з ім не ўдалося.

Мікалай Лойка паабяцаў на працягу тыдня разабрацца ў сітуацыі, што склалася.
– У любым выпадку жыллё для маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці павінна быць, незалежна ад таго, работнік гаспадаркі гэта, настаўнік, міліцыянер ці ўрач, – сказаў ён.

…Падчас рабочай гутаркі Мікалай Лойка і Вольга Тарасік абмеркавалі іншыя праблемы, якія сёння хвалююць жыхароў сельсавета. Бадай, галоўная з іх – пашкоджаная падчас вывазкі драўніны пасля ліпеньскага ўрагану 2016 года дарога з Раванічаў на Градно. Сродкаў на яе рамонт пакуль што няма. Тым часам, едучы па гэтай дарозе, заўсёды ёсць рызыка сапсаваць тэхніку. Асабліва гэта тычыцца легкавых аўтамашын.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *