З вялікіх гарадоў — з любоўю

Год малой радзімы Люди и судьбы

Іван МАНЖУЛІН, 26 гадоў, сістэмны інжынер, г.Мінск:

– Мае бацькі прыехалі ў Натальеўск у маладосці на працу. Маці родам з Крупскага раёну, бацька – з Мсціслаўскага. Тут і засталіся жыць. 

Тата і мама і цяпер разам працуюць на Мінскай абласной доследнай станцыі. Маці — тэхнік, бацька – вартавы. А для мяне Натальеўск сапраўдная малая радзіма. Як большасць немаўлят-равеснікаў, я нарадзіўся ў Мінску і праз некалькі тыдняў пераехаў (з дапамогай бацькоў, канешне) у родную вёску.

Мы жылі і жывём у трохпавярховым шматкватэрным доме, у двухпакаёвай кватэры. Наколькі я ведаю, дамы такого тыпу будавалі спецыяльна для супрацоўнікаў доследнай станцыі ў 70-80-х гадах мінулага стагоддзя. Наша вуліца носіць гордую назву “50 год БССР”. Менавіта на ёй размешчаны ўсе натальеўскія шматпавярховыя дамы. Але ў адрозненне ад гарадскіх дамоў, тут амаль кожны жыхар мае сваю гаспадарку, свой хлеў і гараж. Бацькі і зараз трымаюць курэй, свіней. На мой погляд, у гэтым ёсць нейкі парадокс: ты жывеш у вёсцы, але ў шматпавярховым будынку, і пры гэтым у цябе ёсць свая гаспадарка. Аднак большая частка жыхароў Натальеўска вядзе меней парадаксальны лад жыцця: яны звычайныя ўладальнікі ўласных дамоў з сядзібамі.
З дзяцінства я памятаю, як ўсім домам дарослыя святкавалі значныя падзеі, спявалі песні, праводзілі пазапланавыя суботнікі, наводзячы парадак у двары. Канешне, побач заўсёды былі мы, дзеці. З намі жыла мая бабуля, татава маці, якая прыехала да яго са сваёй радзімы. Яна і цяпер жыве тут, ёй ужо 90 гадоў! Адносіны да старых у нас заўсёды былі вельмі паважлівыя, гэта захавалася і зараз.

Іван МАНЖУЛІН, 26 гадоў, сістэмны інжынер, г.Мінск.

На шчасце, мая вёска, у адрозненне ад многіх, не прыйшла ў заняпад, не вымерла і не сканала. Я не магу сказаць, напрыклад, так: “Мне шкада, што сыйшоў той час, калі ў вёсцы было шмат людзей і віравала жыццё”. Бо зараз людзей у Натальеўску яшчэ больш, і жыццё віруе як мае быць. Будуюцца новыя дамы, пераязджаюць людзі з горада, шмат дзяцей, шмат новых насельнікаў, вёска развіваецца, і гэта цудоўна. Мне пашанцавала!
Усё гэта дзякуючы малой адлегласці ад горада і таму, што на тэрыторыі вёскі знаходзяцца даволі буйныя па вясковых мерках прадпрыемствы – Мінская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя і эксперыментальная база “Натальеўск”.
Дарэчы, пра паходжанне назвы «Натальеўск» у маім дзяцінстве хадзілі дзве гісторыі. Абедзве яны звязаныя з жаночым імем Наталля. Побач з Натальеўскам ёсць вёска Фёдараўск. Лічылася, што ў дасавецкія часы, нават, яшчэ ў дарэвалюцыйныя, двое маладых людзей — альбо ўлюбёныя, альбо брат з сястрой — увекавечылі свае імёны ў назвах гэтых населеных пунктаў.
Наша сям’я па вясковых мерках невялікая: у бацькоў нас двое, я і малодшы брат Андрэй. Ён, прынамсі, працягвае справу бацькоў і дзядоў, звязаных з сельскай гаспадаркай. Брат — малады спецыяліст, працуе аграномам у «Х з’ездзе Саветаў”. Атрымліваецца, што я ў сям’і накшталт белай вароны: адзіны, хто не звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай.
У дзяцінстве як любое вясковае дзіця, навучыўся палоць, падрыхтоўваць глебу да засеву, даглядаць свойскіх жывёл, саджаць і выкопваць бульбу, нарыхтоўваць сена. З гадоў 12-ці ўлетку працаваў на доследнай станцыі: разгружаў машыны са збожжам, сушыў яго. У майго пакалення тэхнічны прагрэс — глабальная павуціна і смартфоны, — не паспеў адабраць гадзіны дзяцінства. Мы мелі велізарны аб’ём часу на ўсё – на гульні, сяброўства, пазнанне навакольнага свету.

Сярод нешматлікіх дзіцячых фотаздымкаў мама захоўвае і вось гэты, дзе мы ўсе чацвёра, — я і мае сябры.

Дзіцячае сяброўства, як у многіх, складвалася з тымі, хто альбо жыў у нашым шматпавярховым доме, альбо прыязджаў на лета да дзядулі-бабулі з іншых куткоў Беларусі. Нашы суседзі па лесвічнай пляцоўцы – сям’я Коршунавых. Маргарыта Леанідаўна — выкладчыца па класе фартэпіяна ў музычнай школе. А з яе сынам, Славам, я правёў дзяцінства. Лепшы мой сябар зараз – таксама з дзяцінства, Павел Андрушкевіч. Склалася свая «групоўка»: Слава Коршунаў, я, Паша Андрушкевіч і Лёша Яцына.
Дзяцінства было насычанае! Збіралі яблыкі ў садзе, хаваліся ад пчолаў, рабілі пугачы, каталіся на веласіпедах, сустракалі з поля суседскіх кароў, дапамагалі дарослым па гаспадарцы, працавалі на зернетоку. Гулялі з дзяўчынкамі ў нешта накшталт сучаснага квэсту, дзе ў якасці прызу пераможцу чакалі невялікія грошы ці марозіва, гулялі ў футбол супраць зборнай Чэрвеня. Гэта атрымлівалася дэрбі, якое па гарачыні можна было б параўнаць з Эль Класіка (футбольнае супрацьстаянне паміж мадрыдскім «Рэалам» і каталонскай «Барселонай»)!Дарэчы, пра футбол. Ім я захапляюся па жыцці. Таплю за “Ювентус” шмат гадоў. Быў у Італіі ў музеі клуба і на іх стадыёне ў Турыне. Нават вывучаю італьянскую мову: яна вельмі прыгожая, як і беларуская. У маім дзяцінстве натальеўскі стадыён выглядаў неблага: на ім часта гулялі, і ён быў не такі паросшы бур’яном, як зараз. Наколькі ведаю, калісьці на гэтым стадыёне праходзілі матчы чэмпіянату БССР. Цяпер я жыву у Мінску, але мая блакітная мара — назбіраць грошай, аднавіць стадыён і стварыць свой натальеўскі клуб, каб у будучым атрымаць каманду накшталт “Лестэра” ці “Крумкачоў”. Па мінімуму хоць аднавіць поле, каб на ім зноў маглі гуляць цяперашнія натальеўскія дзеці, падлеткі і моладзь.
Мо, прачытаўшы гэты артыкул, маю ідэю падтрымаюць іншыя жыхары вёскі.
Я з замілаваннем і павагай стаўлюся да сваёй роднай вёскі. Тут жыве многа добрых і працавітых людзей, яны простыя, адкрытыя і сяброўскія. Як ёсць магчымасць, заўжды імкнуся прыехать да бацькоў. Я ганаруся тым, што я з Натальеўска. У якой бы краіне не быў – заўсёды памятаю сваю малую радзіму і стаўлюся да яе з павагай і любоўю. Дзяцінства ў вёсцы навучыла мяне і маіх сяброў цаніць прыгажосць як прыроды, так і ўласнага жыцця, тых людзей, якія сустракаюцца на яго шляху, але пры гэтым не спяшацца і не ляцець насустрач сумніўным матэрыяльным дасягненням.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *