Грамадскае і асабістае

Люди и судьбы

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ААТ “Раванічы” прызнана лепшай у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю грамадскага кантроля па ахове працы ў 2017 годзе. Старшыня райкама прафсаюза Ларыса Яфіменка ўручыла Падзяку ад рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК старшыні прафкама “пярвічкі” Тамары Цітавец.

Днямі Тамара Мікалаеўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння. Напярэдадні юбілея Мінскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК даслаў Тамары Цітавец Падзяку за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную работу па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза.
Ураджэнка вёскі Дубаўручча Раваніцкага сельскага Савета, яна па абставінах лёсу пэўны час жыла і працавала ў Казахстане, у Маскве. Але родная старонка прыцягвала да сябе, знаёмыя з дзяцінства мясціны з’яўляліся ў снах. Пасля заканчэння тэрміну службы мужа ў 1992 годзе сям’я вярнулася на радзіму Тамары. Працаваць маладая жанчына пайшла ў калгас “Раванічы” старшым дыспетчарам. У 1997 годзе Тамару Мікалаеўну абралі старшынёй пярвічнай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Працавала ў той час у Раванічах больш за 500 чалавек. Хапала ў старшыні клопатаў аб умовах працы работнікаў і аб арганізацыі адпачынку. Шмат працавалі, але і шмат вандравалі, ездзілі на экскурсіі, спаборніцтвы, фестывалі, конкурсы. Тамара заўсёды карысталася павагай і аўтарытэтам сярод працаўнікоў гаспадаркі і жыхароў Раваніч. З рознымі пытаннямі, бедамі і радасцямі звярталіся да яе. Аднагалосна падтрымалі рашэнне кіраўніцтва ў 2003 годзе аб назначэнні Тамары Мікалаеўны намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. Вось ужо пятнаццаць гадоў сумяшчае яна дзве пасады – адказвае за ідэалагічную работу ў калектыве і ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю, адну з лепшых у раёне.
Віншуем Тамару Мікалаеўну з цудоўнымі падзеямі ў жыцці. Зычым здароў’я, бадзёрасці, новых здзяйсненняў і поспехаў.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *