Футбол: «Колас» (Чэрвень) — «Фаварыт» (Слуцк) — 2:4

Спорт

18 ліпеня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Пераменная воблачнасць. 23 градусы. 80 гледачоў.
«Колас»: Аўраменка, Весялоў, Палтаржыцкі, Курбанаў, Лаўрык (Мрынскі, 80), Чысты, Ганчарык, Качаргін, Шалабнёў (Шафераў, 63), Цэдрык (Каражан, 89), Шмідаў (Лявонцьеў, 99).
Галы ў «Коласа»: Ганчарык (14), Мрынскі (93).

Пасля гасцявой перамогі над “Фаварытам” (2:1) чэрвеньцы мелі добрыя шанцы на выхад у паўфінал розыгрышу Кубка па суме дзвюх сустрэч. У хатнім матчы ім дастаткова было не разгубіць здабытую ў Слуцку галявую перавагу.

Напачатку ўсё ішло па плану. Праз чвэрць гадзіны пасля стартавага свістка “Колас” адкрыў лік: з перадачы Ігара Шмідава вызначыўся Аляксей Ганчарык. Цяпер “Фаварыту”, каб прабіцца ў паўфінал, трэба было забіваць тры мячы, ці хаця б два, каб перавесці супрацьстаянне ў дадатковы час.

Разумеючы, што “цягнік сыходзіць”, госці пачалі гуляць больш актыўна. Пік напружання ля варот Арцёма Аўраменкі прыйшоўся на заканчэнне першага тайма. І ўжо на другой дададзенай да яго хвіліне случчане параўналі лік.

Пасля перапынку “Фаварыт”, якому не было чаго губляць, працягваў найстойліва атакаваць нашы вароты і на 69-й хвіліне выйшаў наперад – 2:1.

Надзея на тое, што “Колас” здолее забіць адзін мяч і заваяваць пуцёўку ў паўфінал, з’явілася пасля таго, як, нягледзячы на траўму, на 80-й хвіліне на поле выйшаў гуляючы трэнер нашай каманды Аляксандр Мрынскі. Аднак да заканчэння асноўнага часу лік на табло не змяніўся.

Паводле рэгламенту розыгрышу Кубка, пры нічыйным выніку па суме дзвюх сустрэч і аднолькавай колькасці забітых мячоў на сваім і чужым полі, быў прызначаны дадатковы час – два таймы на пятнаццаць хвілін.

У дэбюце першага з іх каманды абмяняліся галамі: спачатку мяч уляцеў у нашы вароты, а праз хвіліну вызначыўся Аляксандр Мрынскі. І цяпер ужо “Фаварыт” за кошт трэцяга мяча, забітага на чужым полі, па суме дзвюх сустрэч праходзіў у паўфінал.

Чэрвеньцам патрэбна было яшчэ адно ўзяцце варот случчан. Але, чым менш часу заставалася да заканчэння матча, тым больш відавочным станавілася, што сіл на барацьбу ў нашых ігракоў ужо не засталося. Да таго ж, госці, каб захаваць лік, пачалі паказваць антыфутбол, гуляючы на адбой і ўсяляк цягнучы час. А пад заслону сустрэчы яшчэ і злавілі “Колас” на контратацы, забіўшы чацвёрты мяч у вароты Арцёма Аўраменкі.

Такім вось бязрадасным атрымаўся сёлетні паход нашых па Кубак…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *