Чэрвеньскі «Колас» згуляў з «Беразіно»: 3:3

Спорт

22 ліпеня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Пахмурна, падчас гульні — дождж. 25 градусаў. 70 гледачоў.
«Колас»: Аўраменка, Весялоў, Палтаржыцкі, Цэдрык, Шалабнёў (Лявонцьеў, 70), Шафераў (Фофанаў, 82), Ганчарык, Чысты, Ліпніцкі (Курбанаў, 61), Казарын, Купровіч (Шмідаў, 54).
Галы ў «Коласа»: Ліпніцкі (7, 29), Шмідаў (68).

Хатняй сустрэчай з “Беразіно” “Колас” завяршаў першы круг чэмпіянату. Апошнія дзве гульні на сваім полі чэрвеньцы правялі няўдала, саступіўшы салігорскаму “Гарняку” і слуцкаму “Фаварыту”. Таму жаданне рэабілітавацца перад сваімі балельшчыкамі ў сустрэчы з аўтсайдэрамі спаборніцтваў было ў іх вялікім.

Зрэшты, бярэзінцы для нас нязручны сапернік. Традыцыйна знаходзячыся на дне турнірнай табліцы, яны заўсёды ахвотна імкнуцца падпсаваць “Коласу” турнірнае становішча. Так сталася і гэтым разам.

Не паспелі нашы ігракі і балельшчыкі парадавацца хуткаму ўзяццю варот у выкананні Аляксандра Ліпніцкага, як госці літаральна праз хвіліну параўналі лік. Праўда, такі ход падзей на полі не дужа засмуціў “Колас”. Чэрвеньцы працягвалі актыўна напружваць абарону “Беразіно”, і на зыходзе паўгадзіны гульні Аляксандр Ліпніцкі зрабіў лік 2:1.
Пачатак другога тайма прайшоў у роўнай барацьбе. Праблемы ў “Коласа” пачаліся пасля 60-й хвіліны, калі атрымаў траўму нагі і пакінуў поле Аляксандр Ліпніцкі, які быў лепшым іграком нашай каманды ў сустрэчы. Ужо праз хвіліну пасля гэтага эпізода госці ў другі раз адыграліся – 2:2.

“Колас” зноў выйшаў наперад на зыходзе 68-й хвіліны, калі Ігар Шмідаў, які выйшаў на замену, бліскуча выйграў дуэль у галкіпера бярэзінцаў і забіў свой восьмы мяч у чэмпіянаце. Аднак неўзабаве “Беразіно” ў трэці раз параўнала лік…

Апошнія дзесяць хвілін сустрэчы нагадалі канцоўку хатняга кубкавага матча чэрвеньцаў з “Фаварытам”. Трэба было ісці наперад і забіваць, а сіл ужо не засталося…
На старце другога круга, 5 жніўня, “Колас” згуляе ў гасцях з камандай “Крупкі-ДРБУ-164”, 12 жніўня – у Чэрвені з “Нясвіжам”.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *