Чэрвень прымаў сандружыны вобласці

Актуальное Общество

У мінулую пятніцу ў лесапарку “Загор’е” адбыліся абласныя спаборніцтвы санітарных дружын, удзел у якіх прынялі 23 каманды Міншчыны.

Санітарная дружына УП «Чэрвеньская ЖКГ»

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, палкоўнік ўнутранай службы Сяргей Лапановіч. Ён выказаў упэўненасць, што кожны ўдзельнік спаборніцтваў пры неабходнасці зможа аказаць дапамогу блізкім, абараніць свой дом, сваё прадпрыемства. Падзякаваў кіраўніцтву Чэрвеньскага раёна за гасціннасць і пажадаў удачы ўсім камандам.

Старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталь Казлоў павітаў удзельнікаў спаборніцтваў і выказаў спадзяванні, што Чэрвеньшчына пакіне прыемныя ўражанні ў нашых гасцей.
Удзельнікам мерапрыемства прадставілі судзейскую камісію ў складзе начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Наталлі Баярскай, намесніка галоўнага суддзі – намесніка галоўнага ўрача Мінскай абласной клінічнай бальніцы Валерыя Усніча, суддзі на фінішу-арбітра спаборніцтваў – старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людмілы Мусянковай.

Спаборніцтва праходзіла ў пяць этапаў, чарговасць якіх вызначала жараб’ёўка. На кожным этапе сандружыны дэманстравалі сваё майстэрства працаваць у розных ачагах паражэння і прафесійна аказваць першую медыцынскую дапамогу.

Пакуль судзейская камісія падводзіла вынікі агульнакамандных выступленняў, распачаўся конкурс мастацкай самадзейнасці. На ім прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у санітарнай дружыны КУП “Амкадор ”Лагойскага раёна, другое – у СВК “Агракамбінат “Сноў” Нясвіжскага раёна і трэцяе – СК “Брусы” Мядзельскага раёна. Пераможцам конкурса мастацкай самадзейнасці ўзнагароды — Дыпломы Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях і святочныя торты — уручыла Наталля Баярская.

Людміла Мусянкова ўручыла Дыплом і каштоўны падарунак ад Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяне Ільмоўскай, камандзіру звяна санітарнай дружыны УП “Чэрвеньская ЖКГ” у намінацыі “Лепшы камандзір санітарнага звяна”.

У агульнакамандных спаборніцтвах лепшай стала сандружына РУП “НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі” горада Жодзіна. Пераможцы атрымалі Дыпломы, медалі і Сертыфікат на атрыманне грашовай прэміі ў памеры 112 базавых велічынь.

На другім месцы – сандружына ААТ “Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў” Барысаўскага раёна. Камандзе ўручаны Дыпломы, медалі і грашовая прэмія ў памеры 70 базавых велічынь. На трэцім месцы – санітарная дружына філіяла “ТЭЦ-5” РУП “Мінскэнерга” Пухавіцкага раёна. Пераможцы атрымалі Дыпломы, медалі і грашовую прэмію ў памеры 42 базавых велічынь.

Узнагароды ўручыў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Янчык.

Санітарная дружына УП “Чэрвеньская ЖКГ” заняла ў агульнакамандных спаборніцтвах сёмае месца.

Аляксандр Гадун

Напрыканцы мерапрыемства намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Аляксандр Гадун павіншаваў каманды з перамогай, падзякаваў усім за ўдзел у конкурсе, за прыемныя моманты спаборніцтваў, выказаў словы ўдзячнасці за арганізацыю і правядзенне спаборніцтваў членам арганізацыйнага камітэта, судзейскай камісіі, статыстам.

Раённае спажывецкае таварыства частавала ўсіх смачнай салдацкай кашай і гарачай гарбатай, рыбгас “Волма” – духмянай юшкай, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа – кавай і гарбатай. Можна было таксама паласавацца блінамі з розным начыннем, якія тут жа выпякалі работніцы райспажыўтаварыства Алена Каваленка і Дзіна Кароль. Гандлявалі таксама пірагамі, шашлыком, гатовымі мяснымі вырабамі, печывам, рознымі напоямі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *