25 ліпеня — Дзень пажарнай службы Беларусі

Актуальное

Змагацца з агнём і рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання іншых – на такое здольны не кожны, але для пажарных гэта звыклая справа. 

Сваю працу яны не лічаць асаблівым подзвігам і кажуць, что пажарны – гэта не прафесія, гэта прызванне. Менавіта яно вымушае чалавека зноў і зноў змагацца з вогненнай стыхіяй не па загаду, а па закліку сэрца, ісці на дапамогу тым, каму пагражае небяспека. На рахунку пажарных нашага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сёння не адна сотня выратаваных чалавечых жыццяў і не адна тысяча паспяховых аперацый па ліквідацыі пажараў самага рознага ўзроўню. І сёння ў дзень свайго прафесійнага свята і 165-годдзя нашай пажарнай службе ёсць чым ганарыцца.

Крыху гісторыі

25 ліпеня 1853 года Мінскае губернскае праўленне і Мінская гарадская дума, абмеркавалі пытанне «Аб стварэнні пажарнай часці ў Мінску», зацвердзіла каштарыс выдаткаў на ўтрыманне пажарнай часці ў складзе 51 чалавека. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца гісторыя прафесійнай пажарнай службы ў Беларусі. Арганізаваныя ў той час пажарныя каманды не толькі ліквідавалі пажары. Яны ўдзельнічалі ў выратавальных работах падчас паводкі і іншых прыродных катаклізмаў, нават выконвалі абавязкі дворнікаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускія змагары з агнём сталі неад’емнай часткай усесаюзнай сістэмы пажарнай аховы. З 1966 года кіраўніцтва пажарнай аховай ажыццяўляла Міністэрства ўнутраных спраў СССР. У першыя гады пасля абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці пажарная ахова Беларусі захоўвала ранейшую структуру, якая існавала ў СССР і складвалася з ваенізаванай пажарнай аховы, пажарнай аховы міністэрстваў і ведамстваў (у выглядзе добраахвотных пажарных падраздзяленняў). У маі 1993 года на базе пажарнай аховы МУС была створана ваенізаваная пажарная служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Аляксандр КАПАНЕЦ, начальнік Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з 1993-2006 год: Стаяў ля вытокаў стварэння ваенізаванай пажарнай службы ў раёне

“У той час у Чэрвеньскім раёне быў створаны атрад ваенізаванай пажарнай службы, які я ўзначаліў, і інспекцыя Дзяржаўнага нагляду. У 1998 годзе на падставе Указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ваенізаваная пажарная служба была вылучана са складу Міністэрства ўнутраных спраў і далучана да Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Наша служба таксама была рэарганізавана. У раёне быў створаны пажарна-аварыйна-выратавальны атрад, у склад якога ўвайшлі дзве пажарна-аварыйна-выратавальныя часці: у г.Чэрвені і ў г.п.Смілавічы, чатыры пажарна-аварыйна-выратавальныя пасты: у вёсках Горкі, Дамавіцк, Хутар, Рудня Астравітая, а таксама інспекцыя Дзяржаўнага пажарнага нагляду колькасцю 95 чалавек. Кіравалі падраздзяленнямі адпаведна Аляксандр Капанец, Уладзімір Касменка, Валерый Навічэнка, Сяргей Гоман, Фёдар Федарэнчык, Аляксандр Суша, Уладзімір Ашэйчык, Сяргей Кудзін. У пастаяннай гатоўнасці знаходзілася 8 аўтацыстэрн, 1 службовы аўтамабіль, другая спецыяльная тэхніка і ўзбраенне. Пажарна-аварыйна-выратавальны атрад не толькі непасрэдна ўдзельнічаў у аварыйна-выратавальных работах падчас розных надзвычайных сітуацый, але і пры неабходнасці каардынаваў дзейнасць іншых службаў пры ліквідацыі наступстваў стыхіі, прамысловых і тэхнагенных аварый.

З цеплынёй прыгадваю сваіх былых байцоў. Гэта Сяргей Краснагір, які прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС; Пётр Лісіца, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане; начальнік ППІ г.Чэрвеня Міхаіл Іваноў, начальнік ППІ г.п.Смілавічы Мікалай Парцянка, старшыня прафсаюзнага камітэта ППІ г.Чэрвеня Мікалай Богдан, начальнік інспекцыі Дзяржаўнага пажарнага нагляду Мікалай Фурс.

Штодзённая работа Чэрвеньскага раённага аддзела – гэта абарона насельніцтва і яго маёмасці ад наступстваў, да якіх прыводзяць надзвычайныя сітуацыі. Гэта не толькі ліквідацыя пажараў, але і аварый пры ўцечцы небяспечных хімічных рэчываў, разбор завалаў, аказанне дапамогі пацярпелым, выратаванне на вадзе і ў іншых надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару.

Віншую ўсіх сваіх былых калег і сённяшніх байцоў з прафесійным святам і юбілеем пажарнай службы.Прыміце мае самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, шчасця, аптымізму і невычэрпнай жыццёвай энергіі. Жадаю вам, каб ажыццяўляліся ўсе намечаныя планы, а кожны дзень прыносіў толькі станоўчыя эмоцыі. Няхай у жыцці заўсёды падтрымліваюць надзейныя сябры, а сэрцы сагравае цяпло родных і блізкіх”.

Пасля вайсковай службы – у ваенізаваную пажарную ахову прыйшоў працаваць Алег ГРЭСКІ, камандзір аддзялення:

“Было гэта ў 1994 годзе. Прыйшоў з войска, трэба ўладкоўвацца на работу. І мяне Аляксандр Мікалаевіч Капанец, які ўзначальваў у той час ваенізаваную пажарную ахову, запрасіў на службу. Амаль адразу прызначыў камандзірам аддзялення. І вось ужо 24 гады працую на гэтай пасадзе. Выязджаю разам з калегамі на ліквідацыю наступстваў падчас надзвычайных сітуацый, у асноўным, на пажары. Але бывалі і іншыя выпадкі.

Асабліва запомніўся першы баявы выезд на пажар. Гарэў магазін на вакзале. Вельмі хваляваўся, таксама як і мае маладыя хлопцы. На той час у нас не было прафесійнага абмундзіравання, амуніцыі. Ды і тэхніка іншы раз давала збоі. Але наша аддзяленне паспахова справілася з агнём, і ўжо на наступныя выклікі ішлі з большай ўпэўненасцю.

Сёння нашы супрацоўнікі – гэта калектыў высокіх прафесіяналаў. Мы маем ўсё неабходнае для ліквідацыі пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. І, калі прыязджаем на выклік, – кожны дакладна выконвае сваю работу, без мітусні і лішніх рухаў.

Таксама мы пастаянна павышаем сваё прафесійнае майстэрства. Два разы ў месяц выязджаем на спецыяльныя заняткі, адпрацоўваем няштатныя сітуацыі. За год аб’язджаем усе нашы аб’екты – школы, дзіцячыя садкі, месцы, дзе звычайна знаходзіцца шмат людзей, або праводзяцца масавыя мерапрыемствы. Усё гэта для таго, каб хутка з’арыентавацца ў памяшканнях пры надзвычайных сітуацыях, ведаць шляхі эвакуацыі людзей, кропкі, дзе адключаецца электраэнергія і гэтак далей.

Кожная надзвычайная сітуацыя – гэта незагойная рана на сэрцы і ў душы. Асабліва балюча, калі ў агні гінуць людзі, і самае страшнае – дзеці… Таму і прафілактычную работу пастаянна праводзім сярод насельніцтва, у дзіцячых установах, на прадпрыемствах, у арганізацыях.”

Ад рэдакцыі: Паслязаўтра Алег Іванавіч адзначыць 45-гадовы юбілей.
Шчыра віншуем яго с прафесійным святам і днём нараджэння! Зычым моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і каб меней было ў яго трывожных будняў!

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях нясуць службу людзі, аддныя сваёй справе і заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. А таму можна быць упэўненымі, які б сюрпрыз не падкінула прырода, да якой бы бязвыхаднай сітуацыі не прывяла чалавечая халатнасць – на зямлі, у вадзе і пад вадой – выратавальнікі заўсёды прыйдуць на дапамогу…

Матэрыял падрыхтавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара, інжынера інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Кірыла БАЖКО і з архіву Аляксандра Капанца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *