Першы хлопец наА «WоrldSkills Belarus»

Год малой радзімы

Бліскучай перамогай скончыўся для трэцякурсніка Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Паўла ХМЯЛЬНІЦКАГА ўдзел у ІІІ рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “WоrldSkills Belarus-2018”. Выступаючы ў кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”, ён набраў 100 балаў са ста магчымых і адзіны з канкурсантаў Міншчыны заваяваў залаты медаль.

Павел Хмяльніцкі з дырэктарам Смілавіцкага сельгасліцэя Юрыем Корсікам падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу.

Спаборніцтвы, якія на працягу двух дзён праводзіліся на пляцоўцы мінскага Футбольнага манежа, сабралі больш за 300 прадстаўнікоў 37 прафесій: навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны.
Плануецца, што кампетэнцыю “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”, у якой канкурсанты на рэспубліканскім ўзроўні спаборнічалі ўпершыню, уключаць у праграму міжнароднага чэмпіянату прафесійнага майстэрства, які пройдзе ў наступным годзе ў расійскай Казані. У гэтым выпадку Павел Хмяльніцкі будзе абараняць на ім гонар краіны ў складзе зборнай Беларусі.
– Конкурс “WоrldSkills” – свайго роду Алімпійскія гульні, толькі замест відаў спорту – рабочыя прафесіі, – распавядае дырэктар Смілавіцкага сельгасліцэя Юрый Корсік. – Заснаваны ён быў напрыканцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя па ініцыятыве Італіі, Іспаніі і Германіі. Сёння ў конкурсе ўдзельнічае больш за 60 краін-пераможцаў нацыянальных спаборніцтваў.
Адбор на “WоrldSkills Belarus-2018” быў даволі сур’ёзным. Туды трапілі пераможцы абласных спаборніцтваў, а таксама прадстаўнікі двух вышэйшых навучальных устаноў – Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.
У кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын” разам з Паўлам Хмяльніцкім за перамогу змагаліся восем канкурсантаў. Сярод заданняў, якія яны выконвалі – рамонт паліўнай апаратуры трактара, тэхнічнае абслугоўванне газаразмеркавальнага механізму, работы па падрыхтоўцы плуга да ворыва. Адметна, што Павел адзіны з усіх удзельнікаў “WоrldSkills Belarus-2018” набраў максімальна магчымую колькасць балаў – сто. Такую адзнаку наш навучэнец атрымаў ад журы, у якое ўваходзіла восем незалежных суддзяў. Мне, як галоўнаму эксперту спаборніцтваў, засталося толькі пагадзіцца з іх меркаваннем. Падлік балаў праводзіўся ананімна, з дапамогай адмысловай аўтаматызаванай праграмы больш чым па ста аспектах. Такім чынам, выключалася неаб’ектыўнасць ацэнкі таго ці іншага канкурсанта, а інтрыга ў спаборніцтвах захоўвалася літаральна да аб’яўлення іх вынікаў.
Як адзначыў Юрый Корсік, Павел – якасны прадукт практычнай падрыхтоўкі сельгасліцэя. Важкі ўнёсак у яго перамогу ўнеслі майстры вытворчага навучання Васіль Кучук (на здымку ўнізе) і Арцём Крывапуст, выкладчыкі спецыяльных дысцыплін.
– Сам я – з вёскі Грыва Смалявіцкага раёна, – распавядае Павел Хмяльніцкі. – Механізатарам вырашыў стаць па прыкладу дзеда, бацькі, а таксама брата, які тут вучыўся і ў 2012 годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу аратых.
Падрыхтоўка да “WоrldSkills Belarus-2018” была вельмі напружанай, бо трэніровачныя зборы супалі з вытворчай практыкай, якую праходжу у РСУП “Пятровічы”. Прачынаўся ў пяць гадзін раніцы, да васьмі гадзін абслугоўваў на трактары ферму гаспадаркі, у дзевяць мяне прывозілі сюды на трэніроўкі, а ўвечары зноў адвозілі на ферму.
Сакрэт паспяховага выступлення – у грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўцы. Пастараўся паказаць усё, чаму навучылі…
Са сцен ліцэя Павел Хмяльніцкі выйдзе спецыялістам шырокага профілю. Тут ён атрымаў прафесіі трактарыста-машыніста ўсіх катэгорый, машыніста экскаватара, вадзіцеля грузавога аўтамабіля, слесара па рамонту дарожна-будаўнічых машын і трактароў. У дадатак юнак захапляецца тэхнічнай творчасцю – самастойна змайстраваў квадрацыкл і механічную касілку. А яшчэ, дапамагаючы брату будаваць дом, навучыўся класці цэглу, блокі, керамічную і тратуарную плітку. Пра такіх кажуць: у жыцці не прападзе.
Што да перспектыў далейшай вучобы, то, падобна, для Паўла яны выразна акрэсліліся. Падчас конкурсу “WоrldSkills Belarus-2018” яго заўважыла кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і прапанавала паступаць на аграмеханічны факультэт. А ў Смілавіцкім сельгасліцэі разлічваюць, што, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, Павел Хмяльніцкі вернецца сюды выкладчыкам.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара і Арцёма КРЫВАПУСТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *