«Колас» (Чэрвень) — «Вілія» (Вілейка) — 2:0

Спорт

10 чэрвеня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Сонечна. 23 градусы. 200 гледачоў.
«Колас»: Нагорскі, Весялоў, Курбанаў, Палтаржыцкі, Лаўрык, Джайчыеў (Шафераў, 33), Ганчарык, Казарын (Купровіч, 79), Ліпніцкі (Шалабнёў, 46), Чысты (Шмідаў, 55), Качаргін.
Галы: Ліпніцкі (15), Шмідаў (90+2).

На другі хатні матч чэмпіянату “Колас” сабраўся амаль у аптымальным складзе. Адзінай сур’ёзнай стратай стала адсутнасць у ім гуляючага трэнера Аляксандра Мрынскага, які, з-за выдалення ў Нясвіжы, дыскваліфікаваны на дзве сустрэчы. У адсутнасць лідара атак чэрвеньцаў яго месца ў стартавай расстаноўцы намінальна заняў Аляксандр Качаргін.
Першыя пятнаццаць хвілін гульні “Колас” настойліва падбіраў ключы да варот “Віліі”. Пры гэтым надзейная гульня нашых абаронцаў не давала магчымасці гасцям рабіць тое ж самае: галкіпер чэрвеньцаў Сяргей Нагорскі ні разу не ўступіў у барацьбу за мяч.
Лік у матчы быў адкрыты пасля бліскучай камбінацыі. Дзмітрый Чысты з сярэдзіны поля зрабіў дакладную перадачу на ход праваму паўабаронцу Аляксандру Ліпніцкаму, і той закінуў мяч “за каўнер” варатару “Вілейкі” – 1:0.
Да перапынку чэрвеньцы яшчэ неаднойчы пагражалі варотам гасцей. У адной з атак пасля ўдару Андрэя Казарына “Вілейку” выратавала ад гола перакладзіна. Яшчэ ў адным моманце ледзь не паўтарыла поспех звязка Чысты – Ліпніцкі.
І пасля перапынку “Колас” цалкам кантраляваў ход гульні. Аднак хісткі лік 1:0 трымаўся на табло ажно да другой дадзенай да асноўнага часу матча хвіліны, калі дасягнуў мэты дальні прыцэльны ўдар Ігар Шмідава. Услед за другім узяццем варот “Віліі” прагучаў фінальны свісток.
Адметна, што на матчы прысутнічала і вяла прамую трансляцыю ў інтэрнэце апошніх яго хвілін аўтар і вядучая тэлепраграмы “Козел пра футбол” Крысціна Козел (на здымку – з Ігарам Шмідавым).
У чацвёртым туры чэмпіянату “Колас” згуляе ў гасцях з “Лагойскам”. Матч адбудзецца ў суботу, 16 чэрвеня. Пачатак – у 16 гадзін.

Вынікі астатніх матчаў 3 тура: «Гарняк» (Салігорск) – «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) – 2:0, «Фалько» (Дзяржынскі раён) – «Беразіно» – 9:1, «Старыя Дарогі» – «Лагойск» — 7:0, «Крупкі-ДРБУ-164» — «Нясвіж» — 1:0.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *