Дождж ішоў, а яны спаборнічалі

Общество

Нягледзячы на даждлівае надвор’е, настрой удзельнікаў традыцыйных штогадовых спаборніцтваў санітарных дружын і звенняў, добраахвотных пажарных дружын, якія адбыліся ў мінулую пятніцу, быў скіраваны на перамогу. У гэты дзень змагацца за званне лепшых сабраліся каманды з 19 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Саўковіч адзначыў, што менавіта гэтыя спаборніцтвы паказваюць ступень падрыхтоўкі грамадскіх фарміраванняў да дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі. Ён пажадаў поспехаў і ўдачы ўсім камандам.
У складзе судзейскай калегіі — галоўны суддзя спаборніцтваў, загадчык паліклінікі Чэрвеньскай раённай бальніцы Таццяна Прахарэнка, суддзі — Сяргей Каўзуновіч, старшы інжынер раённага аддзела па надзвычайных ситуацыях; Аляксандр Ніціеўскі, інжынер па грамадзянскай абароне Чэрвеньскай раённай бальніцы; Валянціна Ніціеўская, загадчык стаматалагічнага аддзялення Чэрвеньскай раённай бальніцы; Алена Лагавая, урач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі; Лілія Кудзелка, старшая медыцынская сястра паліклінікі.
Кожная каманда прадставіла на спаборніцтвы Дзённік санітарнай дружыны або звяна. У ім – схема апавяшчэння асабовага саставу санітарнай дружыны ў нерабочы час, ведамасць замацавання маёмасці, пратакол праверачных заняткаў, план падрыхтоўкі, абавязкі асабовага саставу, пералік укладанняў у санітарную сумку, прыкладны табель аснашчэння санітарнага фарміравання грамадзянскай абароны сродкамі аховы і журнал вытворчага навучання.
Чарговасць выступленняў вызначыла жараб’ёўка.
На першым этапе праводзіўся агляд экіпіроўкі, аснашчэння, правяралася ўменне імі карыстацца. На другім – каманды дэманстравалі свае навыкі аказання неадкладнай дапамогі ў камбінаваным ачагу паражэння, паказвалі тэарэтычныя веды, адказваючы на пытанні па білетах. На трэцім этапе неабходна было паказаць веды і ўменні дзейнічаць у ачагу хімічнага паражэння.
Добраахвотныя пажарныя дружыны спаборнічалі ў баявым разгортванні. Усе каманды ўдзельнічалі ў перацягванні каната. Таксама яны падрыхтавалі баявыя лісткі і нумары мастацкай самадзейнасці.
Пераможцамі сталі: сярод санітарных дружын – санітарная дружына Чэрвеньскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, другое месца заняла каманда з эксперыментальнай базы “Натальеўск”, трэцяе – санітарная дружына з ААТ “Райаграсервіс”. Сярод санітарных звенняў – першым было прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Нафтабітумны завод”, на другім месцы — Чэрвеньскі вытворча-харчовы завод, на трэцім — дзяржаўнае прадпрыемства “Ганута-Агра”. Сярод добраахвотных пажарных дружын – ААТ “Валевачы”, на другім месцы — сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Новыя Зелянкі”, на трэцім — Чэрвеньскі вытворча-харчовы завод.
Лепшым баявым лістком прызнаны баявы лісток, аформлены сандружынай ААТ “Раванічы”. У музычным конкурсе лепшай стала каманда Смілавіцкага аграрнага каледжа. У спаборніцтвах па перацягванню каната вылучыўся Чэрвеньскі лясгас.
Заахвочвальны салодкі прыз ад райкама БРСМ камандзе ААТ “Валевачы” уручыў Вячаслаў Клімковіч. Усе пераможцы атрымалі Дыпломы Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *