Свята вёскі адзначылі ў Дзеруцкой

Общество

Першае ў гэтым годзе свята вёскі адбылося ў Дзеруцкой, на малой радзіме старшыні Чэрвеньскага сельвыканкама Наталлі Свірыдовіч. Гэта не выпадкова: у Год малой радзімы хочацца яшчэ раз дакрануцца да вытокаў, успомніць сяброў дзяцінства, школьныя і юнацкія гады. У віншавальным слове да ўдзельнікаў свята старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка адзначыў гэты момант, як сімвалічны, і заклікаў прадоўжыць гэтую традыцыю ў іншых населеных пунктах раёна, запрашаючы на мерапрыемствы славутых землякоў, творчых людзей — ураджэнцаў Чэрвеньскай зямлі.

Наталля Уладзіміраўна згадала прысутным, што вёска Дзеруцкая вядомая з 19 стагоддзя, была часткай сядзібы Натальеўск памешчыка Булгака. У 1897 годзе ўвайшла ў склад Грабёнскай воласці Ігуменскага павета, на яе тэрыторыі ў той час было 18 двароў, 159 жыхароў. На пачатак 20 стагоддзя тут ужо было 24 двары і 173 жыхары. А на пачатак 21 стагоддзя ў вёсцы размяшчалася жывёлагадоўчая ферма, магазін і 33 двары з 64 жыхарамі. У двухтысячныя вёску Дзеруцкая спасціг лёс іншых маленькіх вёсачак: моладзь ад’язджала ў гарады, сацыяльныя аб’екты зачыняліся. Дамы пусцелі, ажывалі толькі на летні перыяд. Сёння тут размяшчаецца 46 дамоў, з іх на 17 падворках – пастаянныя жыхары. Астатнія прыязджаюць на лета папрацаваць і адпачыць на дачах. У гэты час насельніцтва павялічваецца ў тры разы. Прыемна адзначыць, што ў мінулым годзе ў вёсцы купілі два участкі пад будаўніцтва прыватных дамоў. Ужо ёсць фундаменты і сцены. Гэты факт дае надзею, што Дзеруцкая будзе развівацца і жыць.
Аб годных, працавітых людзях вёскі расказвалі вядучыя свята, работнікі раённага Цэнтра культуры і адпачынку Вольга Лаўніковіч і Андрэй Хурсевіч. Прысутныя павіталі апладысментамі старэйшую жыхарку Алену Пятроўну Калтовіч. Ей 88 гадоў, яна мае праблемы са здароўем, таму падарунак і словы віншавання атрымала дома. А на імправізаваную сцэну паклікалі Надзею Мікалаеўну Канапелька, узнагароджаную ордэнам “Знак Пашаны”, якой 20 мая споўнілася 85 гадоў (аб ёй быў надрукаваны матэрыял у раённай газеце). Добрыя словы ветэранам працы аграпрамысловай галіны раёна выказалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка і намеснік дырэктара ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс” Нэла Альшэўская. Падарункі ад гэтай арганізацыі атрымалі былыя яе работнікі Ала Пятроўна Красоўская, Надзея Мікалаеўна Канапелька, Таццяна Леанідаўна Патапчык.
Удзячныя словы за добрасумленную працу гучалі ў адрас Таццяны Аляксандраўны Мажыдавай, якая 32 гады адпрацавала ў магазіне вёскі Дзеруцкая. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства Ларыса Бандаровіч сардэчна вітала калегу “Удзячным пісьмом” ад кіраўніцтва і падарункам. Ад Чэрвеньскага сельвыканкамаТаццяна Мажыдава атрымала сувенір, як стараста вёскі, за актыўную грамадзянскую пазіцыю, дапамогу па добраўпарадкаванню, навядзенню парадку на зямлі. Аўтапарк №20 Чэрвеня ўшанаваў былую работніцу Галіну Канстанцінаўну Жызнеўскую.
Радасна сустракалі аднавяскоўцы самую маладую жыхарку — вучаніцу Анастасію Шкор і выпускніцу 2018 года Паліну Рак. А лепшым падворкам у Дзеруцкой прызнаны падворак Алы Бабок.
На свята роднай вёскі завітала шмат жыхароў раёна: тыя, хто сёння тут жыве, дачнікі, хто раней тут жыў з бацькамі і чый лёс быў звязаны з гэтай вёскай у розныя моманты юнацтва і жыцця. Госць свята Рэгіна Канапелька віншавала вяскоўцаў са святам, зычыла здароўя, міру, дабрабыту, шчасця і паразумення. Яна прачытала прыгожы верш аб сэнсе жыцця і аб яго каштоўнасцях.
Даспадобы сяльчанам прыйшліся прысмакі Чэрвеньскага гандлю, прыватнікаў, вырабы цэнтра рамёслаў Чэрвеня. У захапленні засталіся гледачы ад канцэртных нумароў артыстаў раённага Цэнтра культуры і адпачынку, калектыва “Чэрвеньскія Балагуры”, калектыва «Азяраначка” Азёрнаўскага сельскага Дома культуры, ансамбля народнай песні “Крынічанька” Рудзенскага сельскага Дома культуры Пухавіцкага раёна. Дапозняй ночы гучалі песні, сучасныя танцавальныя мелодыя на вуліцах Дзеруцкой.

Галіна ГАМЕЗА.
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *