Спаборнічалі ў майстэрстве повары

Людзі. Падзеі. Факты Образование

У конкурсе кулінарнага майстэрства, які нядаўна ладзіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама ў яслях-садзе №1 г.Чэрвеня прымалі ўдзел повары з васьмі ўстаноў адукацыі раёна.
Кожны канкурсант гатаваў па дзве стравы: адну – дамашнее заданне па тэматыцы “Беларуская нацыянальная страва”, другую – з дзіцячага асартыменту. Абавязковай умовай было тое, што кожны ўдзельнік конкурсу павінен быў арганізаваць прэзентацыю сваіх страў, аформіць іх рэцэптуры і сервіраваць стол у традыцыях беларускай кухні.

У конкурсе бралі ўдзел повары: Анастасія Вашкевіч і Марыя Некрашэвіч з ясляў-сада №1 г.Чэрвеня; Ксенія Гульбіна з ясляў-сада №2 г.п.Смілавічы; Наталля Калодзіч з Валевачоўскага дзіцячага сада; Манушак Петрасян з Новазелянкоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы; Ірына Лакціёнава з Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы; Алена Калашонак, з СШ №2 г.п.Смілавічы; Наталля Зяневіч з СШ №2 ім.А.К.Флегантава г.Чэрвеня і Таццяна Молчан з СШ №3 г.Чэрвеня.
Ацэньвала конкурс журы: Ларыса Асановіч, загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму, Людміла Сакава, галоўны спецыяліст па дашкольнай адукацыі аддзела, Раіса Курыловіч, вядучы тэхнолаг аддзела, Таццяна Сіман, тэхнолаг аддзела і Галіна Грынько, загадчык яслі-сада №1 г.Чэрвеня.
Канкурсанткі прадставілі шмат страў беларускай кухні: старажытную верашчаку і мачанку, дранікі і бліны, катлеты з мяса і з пячонкі, люля-кебаб і рамонкі з сасісак, ружы са свініны, разнастайныя рулеты, запечаную бульбу з рознымі начынкамі. Вельмі прыгожа былі прадстаўнены салаты. Адзін з іх “Тайны Альжбеты” быў пададзены ў сырным кошыку. Вабілі вока і прыемна казыталі пах шматлікія дэсерты: фруктовыя жэле, торты. Адзін з самых вялікіх тортаў прыгатавала Манушак Петрасян, які назвала “Я люблю Беларусь”.
Свае кулінарныя шэдэўры ўсе кухары прадстаўлялі з годнасцю і талентам. Аказалася, што яны не толькі валодаюць кулінарным майстэрствам, але і ўмеюць танчыць, спяваць, складаць вершы і ставіць спектаклі. Шмат апладысментаў падаравалі прысутныя прадстаўнікам ясляў-сада №2 г.п.Смілавічы, якія на “кані” вярталіся з кірмашу. Добрая група падтрымкі была ў кухараў ясляў-сада №1 г.Чэрвеня. Сама загадчык “камандавала” на кухні, выхавальнікі і дзеці выканалі прыгожыя танцы і праспявалі песні.
Тэарэтычная частка конкурсу паказала, што ўсе ўдзельніцы добра ведаюць патрабаванні, якія сёння прад’яўляюцца да дзіцячага харчавання, і дакладна адказвалі на пытанні.
Журы аказалася ў складанай сітуацыі. Яно прыйшло да высновы, што на гэты раз не будзе прытрымлівацца палажэння аб конкурсе і вылучаць кагосьці лепшага. Усе выступілі годна і паказалі добрыя вынікі, таму кожны канкурсант ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымаў падарунак, а таксама грашовыя прэміі.
Звяртаючыся да ўдзельніц конкурсу, Ларыса Асановіч адзначыла, што прафесія повара – адна з самых адказных і прэстыжных: неабходна мець фантазію і вынаходлівасць, добрыя памяць і густ.
— Сёння вы паказалі, што менавіта такімі спецыялістамі і з’яўляецеся, — сказала загадчык аддзела адукацыі. Ларыса Асановіч уручыла прыз “Сімпатый гледачоў” повару Манушак Петрасян. Гэтая жанчына, прыехаўшы з Арменіі, авалодала сакрэтамі беларускай кухні, з любоўю гатуе абеды дзецям, у якіх спалучае мясцовыя і стравы сваёй нацыянальнай кухні.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *