Партызанскае дзяцінства

Общество

Я – дзіця вайны. Воляю лёсу з бацькамі і сястрычкай, годам старэйшай за мяне, апынулася ў партызанскай зоне Чэрвеньскага раёна на тэрыторыі вёсак Парыжская камуна — Кобзевічы. Быў канец 1942 года. Бацька – Мурашка Міхаіл Аляксеевіч – застаўся ў партызанскім атрадзе імя Гастэлы брыгады “Чырвонае знамя”, а мяне разам з маці Таццянай Федараўнай і сястрой Наташай пасялілі ў сям”і Бялевічаў у весцы Парыжская камуна. Вёску часта наведвалі немцы і чэрвеньскія паліцаі. Мясцовыя жыхары баяліся аднолькава як немцаў, так і паліцаяў. Асабліва нам, партызанскай сям”і, вельмі небяспечна была б сустрэча з паліцаямі, якія добра ведалі нашу маму. Таму пры з”яўленні паліцаяў мы хуценька ўцякалі ў лес.

Акрамя таго, вёску бамбілі немцы, і мясцовым жыхарам таксама даводзілася хавацца ў лесе.
Вясной 1943 года нас перасялілі ў веску Кобзевічы на ўскраек лесу. Так было небяспечней. Да таго ж, Кобзевічы – вёсачка невялічкая і туды не так часта наведваліся немцы і паліцаі. За той час, калі мы жылі ў Кобзевічах, нагараваліся ад страху за жыццё. Маці шыла шапкі, бялізну партызанам, а яны калі-нікалі дапамагалі нам прадуктамі, хаця ім і самім цяжка было здабываць харчаванне. Асноўнай ежай для нас былі гнілая з восеньскага бульбянішча бульба, летам шчаўе, грыбы і ягады. Не хапала спажыўнай солі, таму ўжывалі патроху амаль атрутную калійную. У выніку мы распухлі, а сястра пакрылася балячкамі. Пра лекі нельга было і думаць. Неяк дажылі да вясны 1944 года. Немцы адступалі і іх зверствам не было межаў. Пачалася блакада па знішчэнню партызан.
Была сонечная бязветраная халодная красавіцкая раніца. Мы, дзеці, на адталінах прызбы нашай хаты будавалі домікі з пяску.
Сюды пачалі збірацца вельмі ўстрывожаныя дарослыя. Гэта трывога перадавалася і нам, дзецям. У суседняй весцы Папова града непадалёку за леса высока ў неба ўздымаліся два чорныя нерухомыя слупы дыму. Яны і цяпер стаяць у мяне перад вачамі. Вяскоўцы са страхам гаварылі: “Паляць людзей”. Нечакана з лесу з”явіліся на конях два партызаны. Яны закрычалі: “Уцякайце ў лес! У Паповай градзе паляць людзей, немцы ідуць сюды!” Жыхары страпянулімя, кінуліся ў лес, у балота, далей ад дарогі. Прасядзеўшы амаль суткі ў лесе, мама адвяла нас з сястрой на хутар каля Кобзевіч і там пакінула ў нейкай цёткі. Апроч нас, у гэтай хаце былі і іншыя дзеці. Раніцай прыйшлі немцы і паліцаі. Гаспадыня пачула, як паліцай гаварыў, што гэта партызанскія дзеці і іх да вечара трэба расстраляць. Спалохаўшыся, гаспадыня мяне і сястру вывела на дарогу і сказала: “Ідзіце прама па дарозе ў Паркамуну да Волькі Калтовіч, яна вас прыме”. Ішоў дождж, было холадна, але мы, маленькія дзеці, патрапілі дапяць да Вольгі Калтовіч. Вялікі дзякуй гэтай добрай жанчыне, прыняла нас і глядзела, як сваіх дзяцей. Дзе знаходзілася наша мама, мы не ведалі.
Дзесьці тыдні праз два яна нечакана прыйшла да нас, але, як аказалася, не надоўга. Па вёсцы бегла моладзь з крыкамі: “Едуць немцы, забіраюць маладых людей у Германію”. І наша мама зноў пабегла ў лес. Пакінуўшы нас на хутары, яна доўгі час яшчэ хавалася ў лясах, балотах, у холадзе пад дажджом. У выніку ў яе адказала нага. Яна выпаўзла на ўскраек лесу, дзе яе падабрала вясковая жанчына, накарміла, абагрэла і звязала з партызанскім атрадам. У атрадзе мама гатавала ежу для партызан, на свой страх збірала рэшткі тлушчу ў маленькую скрыначку, каб потым аднесці нам. Каб партызаны даведаліся пра гэта, яны б маглі яе расстраляць. Аднойчы з задання прыйшоў партызан і сказаў маме, што мы так і засталіся да гэтага часу ў Волькі Калтовіч. Мама кінулася бегчы да нас, але гэтага зрабіць ёй не дазволілі партызаны, патлумачыўшы, што калі яна патрапіць на немцаў, то можа выдаць дыслакацыю партызанскага атрада. Яе выратаваў той жа партызан, які заверыў, што правядзе маму па аднаму толькі яму вядомаму шляху.Так з гаршчочкам тлушчу (а на той час гэтай была найвялікшая каштоўнасць) прыйшла наша мама ў Паркамуну.
Прайшло яшчэ два тыдні. Навокал пацішэла. Немцы больш не з”яўляліся ў весцы, скончылася блакада.
У адзін з дзён мы з сястрой капалі леташнюю бульбу, з якой пяклі на той час вельмі смачныя аладкі, і ўбачылі нашу маму. Яна выйшла з лесу і крочыла па дарозе. Нашай радасці было не перадаць! Да гэтага часу памятаецца гэты самы шчаслівы момант!
Праз некаторы час, гэта было ўжо напачатку ліпеня 1944 года, мы разам з абозам партызанскага атрада вярнуліся ў Чэрвень. Больш мы з мамай не разлучаліся. Вось так скончылася наша партызанскае дзяцінства.
Ала Мурашка, ураджэнка Чэрвеньшчыны

Ад рэдакцыі. Аўтар гэтага артыкула – ураджэнка Чэрвеня Ала Міхайлаўна Мурашка. Яна скончыла хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 1960-я гады працавала настаўніцай у Раваніцкай, СШ№3 г.Чэрвеня, затым – на розных асветніцкіх пасадах ў Мінску. Некаторы час была намеснікам дырэктара адной з мінскіх школ і, як творчы чалавек, ладзіла сустрэчы сваіх вучняў з нашымі знакамітымі пісьменнікамі, мастакамі. Пры яе актыўным удзеле ў школе быў адкрыты музей Якуба Коласа.
Дарэчы, пра гэта паведаміў рэдакцыі наш даўні сябра -зямляк, кандыдат гістарычных навук, доктар філалагічных навук Аляксей Канстанцінавіч Каўка, які і даслаў нам артыкул “Партызанскае дзяцінства”, запісаны ім са слоў Алы Міхайлаўны, сваёй зямлячкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *