Ён вершы піша для душы

Люди и судьбы

Знаёмцеся, гэта жыхар вёскі Станева Валевачоўскага сельсавета Алег Рыгоравіч Латушка. Як атрымоўваецца ў яго так складна нанізаць словы на нітачку верша, ён не ведае і сам. Проста іншы раз находзіць натхненне. І, калі пад рукой аказваецца сшытак і аловак, на паперы нараджаецца верш.

– Асабліва добра вершы пішуцца ноччу, калі часам не спіцца, – заўважае Алег Рыгоравіч. – Але не заўсёды хапае жадання ўзяць і адразу запісаць новыя радкі. А раніцай іншы раз і не прыгадаю таго, што склалася начной парой. Бывае і так, што недапісаны верш чакае свайго завяршэння працяглы час…
Пра што вершы? У іх – успаміны дзяцінства і юнацтва: пра родныя краявіды, першае каханне, пра маці… Пра тое, што звычайна прыходзіць з гадамі — асэнсаванне свайго жыцця і пра тое, што раней у імклівасці не заўважаў…
Алег Рыгоравіч даўно на заслужаным адпачынку. Адпрацаваў 32 гады ў ліцейным цэху Мінскага аўтазавода. На пенсію выйшаў ільготную – у пяцьдзесят гадоў. Працаваў яшчэ некаторы час у Валевачах вартаўніком. Нарадзіўся ў вёсцы Станева. Бацькі — Рыгор Кандрацьевіч і Соф’я Васільеўна — працавалі на зямлі. Маці была родам са Смалявіцкага раёна. Акрамя Алега ў сям’і было яшчэ два сыны: Валерый і Эдуард. Іх зараз няма ў жывых. Эдуард шмат хварэў, памёр маладым. Алег Рыгоравіч быў першым памочнікам бацьку. Затое ўсяму ад яго навучыўся.
З жонкай Галінай пазнаёміўся на аўтазаводзе, яна кранаўшчыцай працавала, родам была з Бягомля. Жылі ў Мінску. Жыццё, здаецца, наладжвалася… Аднойчы Галіна (была ўжо цяжарнай) падняла цяжкую каструлю… І здарылася няшчасце… Так дзетак болей у іх і не было…
А разам пражылі ўсё жыццё. Неўзабаве жонка цяжка захварэла. Ад гэтай хваробы пакуль няма паратунку. Даглядаў яе Алег Рыгоравіч сам…
Пахавалі Галіну ў Бягомлі, так яна хацела. Там у яе маці з бацькам пахаваны, сёстры жывуць. Хутка будзе пяць гадоў, як Алег Рыгоравіч адзін…
Са сваёй гаспадаркай спраўляецца сам. Не марнуе час. Занятак у яго ёсць заўсёды. Шчыруе і ў садзе, і ў агародзе. Зараз якраз работы шмат. Нядаўна пабудаваў сабе лазню. Ды якую! Драўляную. У ёй яшчэ і пах дрэва не выветрыўся. А калі выпадае час адпачыць, тады і радкі прыходзяць самі сабой.
— Які ў мяне талент?! – адмахваецца Алег Рыгоравіч. – Так штосці запішу ў сшытак для сябе.
Гартаю сшытак. У ім вершы на роднай і рускай мове. Можа якійсьці верш і недасканалы, затое ў кожны слупок укладзена часцінка яго душы…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

Прывабны стан, цудоўная ўсмешка,
А голас – нібы трэлі салаўя.
Было ў цябе ад чараўніцы нешта,
Такой цябе калісьці стрэціў я.
А вочы – нібы сонейка праменні –
У іх убачыў я цяпло і дабрыню.
Я закахаўся з першага імгнення:
Было каханне то – ярчэй агню.
Але наканаваў мне лёс з табой расстацца:
Якаясь сіла разлучыла нас,
Каб выпрабаваць моц
майго кахання
Праз вельмі доўгі
і маўклівы час.
І зім, і вёсен праляцела мноства,
А над табой неўладарны час:
Усё тая ж захапляючая постаць,
Усё тая ж цеплыня ў тваіх вачах.
А тое маё першае каханне
Не знікла і не адышло ў небыццё —
Яно, нягледзячы на ўсе
выпрабаванні,
Са мною крочыць праз усё жыццё.

* * *
Кто-то придумал разлуки,
Кто-то придумал печаль,
Помню, как нежные руки
К моим прикасались плечам.
Помню твой голос приятный,
Твой взгляд, излучавший тепло.
Как же вернуть всё обратно?
Вернуть всем невзгодам назло.
Знаю, что время излечит,
Все раны души исцелит…
Но время уносится в вечность,
А сердце, как прежде, болит…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *