Маніторынг выявіў парушэнні

Аграрный сектор

Паспяховае правядзенне веснавых палявых работ у гаспадарках шмат у чым залежыць ад рэалізацыі комплексу арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага павінна надавацца стварэнню бяспечных і здаровых умоў працы, выкананню тэхналогіі вытворчасці. Гэтаму закліканы паспрыяць месячнік грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, які праводзіцца на Чэрвеньшчыне з 15 сакавіка да 15 красавіка.

Ларыса Ефіменка і Вольга Коціна падчас маніторынгу на машынным двары ААТ “Раванічы”.

Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларысай Ефіменкай і старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольгай Коцінай карэспандэнт “Раённага весніка” наведаўся ў адкрытае акцыянернае таварыства “Раванічы”. Праведзены тут з удзелам старшыні прафкама гаспадаркі Тамары Цітавец маніторынг гатоўнасці да веснавых палявых работ закрануў аб’екты машыннага двара.
Ацаніўшы неблагі агульны парадак на тэрыторыі і бляск свежапафарбаваных кабін трактароў (не так даўно трактарная тэхніка ААТ “Раванічы” паспяхова прайшла тэхагляд), мы скіраваліся ў рамонтную майстэрню. Ужо на падыходзе да яе нават неспецыялісту ў пытаннях аховы працы без цяжкасцяў можна было заўважыць адразу некалькі парушэнняў. У прыватнасці, адзін з работнікаў фарбаваў машыну без выкарыстання рэспіратара, а другі – праводзіў свідравальныя работы без спецыяльных акуляраў. І гэта пры тым, што, па сведчанню Тамары Цітавец, неабходныя сродкі абароны ёсць у наяўнасці.
Непасрэдна ў майстэрні прадстаўнікі прафсаюза выявілі, што кран-бэлька эксплуатуецца без ахоўнага замка на грузавым круку. Пры тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтамабіляў, насуперак патрабаванням тэхнікі бяспекі, выкарыстоўваюцца драўляныя падстаўкі, а на металічных страховачных падстаўках не пазначана максімальна дапушчальная нагрузка.
На пастаянным месцы правядзення агнявых работ адсутнічае пералік відаў дазволеных агнявых работ, няма першасных сродкаў пажаратушэння (не менш за два вогнетушыцелі, супрацьпажарны ручнік і ёмістасць з вадой). Каля стацыянарнага абсталявання няма спісаў работнікаў, дапушчаных да працы на гэтым абсталяванні, якія прайшлі навучанне, інструктаж і праверку ведаў па ахове працы.
Падчас выбарачнай праверкі аўтамашын высветлілася, што ў адной з іх няма вогнетушыцеля, у другой – вогнетушыцеля і медыцынскай аптэчкі. Малакавоз на момант маніторынгу эксплуатаваўся без тэхагляду, а ў пуцявым лісце не было подпісу асобы, якая нясе адказнасць за выпуск аўтамашыны на лінію. Таксама такі подпіс адсутнічаў у пуцявых лістах яшчэ дзвюх машын.
Да ўсяго варта дадаць, што на машынным двары гаспадаркі ўжо шмат гадоў (пасля пажару ў майстэрнях) няма ніякіх санітарна-бытавых умоў для механізатараў. Праўда, як распавяла старшыня прафкама гаспадаркі Тамара Цітавец, неўзабаве гэтую праблему тут маюць намер вырашыць, набыўшы адмысловы зборны домік.
Паводле слоў старшыні райкама прафсаюза АПК Ларысы Ефіменкі, падобныя і іншыя парушэнні мелі месца і падчас маніторынгу гатоўнасці да веснавых палявых работ, які ўжо праведзены ў рамках месячніка грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў ААТ “10 з’езд Саветаў” і КСУП “Ганута-Агра”. Кіраўнікам і старшыням прафкамаў гаспадарак накіроўваюцца рэкамендацыі для іх ухілення.
– Няма нічога больш каштоўнага за жыццё чалавека, – кажа Ларыса Ефіменка. – І трэба зрабіць усё магчымае, каб стварыць для работнікаў бяспечныя ўмовы працы. Адказныя за гэта спецыялісты павінны дзейнічаць у інтарэсах людзей, быць як мага больш прынцыповымі і патрабавальнымі, Таму падчас маніторынгу з кіраўнікамі і работнікамі абмяркоўваюцца пытанні выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
Пасля завяршэння месячніку яго вынікі будуць разгледжаны на пасяджэннях прафкамаў сельгаспрадпрыемстваў, а таксама – на пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, якое адбудзецца 20 красавiка.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *