Адкрыты рэгіён: удзельнікі абласнога семінара наведалі наш раён

Власть Год малой радзімы Официально

Мінск і Чэрвеньскі раён прымалі ўдзельнікаў семінара на тэму «Фарміраванне кіраўніцкай кампетэнцыі кіраўнікоў сацыяльнай сферы».

Якую ролю адыгрываюць кіраўнікі ў стварэнні ўмоў для выхавання дзяцей і занятасці моладзі ў рэгіёне? Як развіваць масавы спорт на ўзроўні рэгіёну? Гэтыя і іншыя пытанні ўдзельнікі семінара абмеркавалі на плянарным пасяджэнні ў Мінаблвыканкаме.

У нашым раёне абласная дэлегацыя наведала адукацыйныя і спартыўныя ўстановы, пазнаёмілася з іх вопытам работы. Гасцінны прыём удзельнікаў семінара чакаў яшчэ на мяжы Мінскага і Чэрвеньскага раёнаў, дзе іх сустракалі прадстаўнікі райвыканкама і народны ансамбль «Чэрвеньскія балагуры».

Першым пунктам праграмы былі Смілавічы, дзе дэлегаты наведалі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і музычную гасцёўню Станіслава Манюшкі.

Для Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі 2017-ы год стаў паспяховым на міжнароднай творчай прасторы. Па словах дырэктара ўстановы Алы Лаўрыновіч, мясцовыя юныя мастакі адзначаны 49 выніковымі дыпломамі на міжнародных конкурсах. Мінулы тыдзень прынёс Цэнтру прыемную навіну: Вікторыя Андрэйчык атрымала перамогу на Міжнародным конкурсе дзіцячых малюнкаў «Намалюй мне свет». У ім прымалі ўдзел больш за 2000 дзяцей з 30 краін свету. Наша 11-гадовая выхаванка Цэнтра адправіла працу Children Are Flowers Of Life («Дзеці – кветкі жыцця»). Узнагароджанне адбудзецца 7 мая ў французскай сталіцы, у Люксембургскім палацы. 50 работ пераможцаў конкурсу будуць паказаны на перасоўнай выставе ў розных гарадах свету.

Ала Лаўрыновіч прадставіла гасцям работу арт-цэнтра «Вулей» (педагог – Алена Карнеенка). Эксперыментальная студыя, створаная па ініцыятыве Белгазпрамбанка пры ўдзеле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, адкрылася ў кастрычніку 2016-га года. Методыка навучання ў арт-цэнтры заснавана на стратэгіі візуальнага мыслення. Знаёмячыся з беларускай мастацкай спадчынай, у мінулым годзе ўдзельнікі “Вулля” наведалі 12 гістарычных месцаў нашай радзімы. Геаграфія выездаў была шырокай з ахопам усіх абласцей Беларусі. 

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі госці наведалі музей «Прастора Хаіма Суціна», акунуліся ў атмасферу парыжскіх вуліц у зале «Парыжскае кафэ». Падчас агляднай экскурсіі Ала Лаўрыновіч зрабіла акцэнт на неабходнасці ў сучасных рэаліях ўсталёўваць сацыяльнае партнёрства з арганізацыямі дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці для паспяховага развіцця ўстановы.

У Смілавічах абласная дэлегацыя азнаёміліся з вопытам рэалізацыі мясцовых ініцыятыў па праекце «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Адна з іх – музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі, якая распачала сваю працу ў лістападзе мінулага года.

У музейным пакоі наведвальнікі даведаліся крыху больш аб жыцці і творчасці знакамітага кампазітара, у камернай зале – паслухалі «жывую» музыку ў выкананні выхаванцаў Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў.

На развітанне з музычнай гасцёўняй намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінаблвыканкама Валянціна Бяляева пакінула запіс у кнізе водгукаў:

“Велізарная падзяка за прыём, прафесіяналізм і душэўнасць. Поспехаў у далейшай працы. Ад прадстаўнікоў Мінаблвыканкама і ўсіх раёнаў Мінскай вобласці».

У праграме выязнога практычнага семінара таксама было наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Ігумен» і Лядзенскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. У Лядах гасцям прадставілі вопыт работы школьнай бізнес-кампаніі «Грашовае дрэва» і рэалізацыі праекта па пошуку працы LiteJob (яго ініцыятар і стваральнік — дзевяцікласнік Лядзенскай школы Руслан Касцевіч).

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *