Аб правілах дарожнага руху — з гумарам

Молодежная политика

Занальны этап КВЗ сярод юных інспектараў дарожнага руху ў 12-ы раз сабраў у адной зале каманды вясёлых і знаходлівых школьнікаў. Гульня адбылася на базе гімназіі №1 Чэрвеня, і за выхад у фінал абласнога конкурсу змагаліся чатыры раёны – Чэрвеньскі, Бярэзінскі, Уздзенскі і Пухавіцкі.

На дарозе не да жартаў, і гэтым кіраваліся арганізатары КВЗ, выбіраючы тэмай гульняў словы «Мы вас просім пераканаўча – на дарозе будзьце пільнымі». Мэтай жа конкурсу з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і моладзі і папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.
Каманды са сцэны жартавалі і над кіроўцамі, і над пешаходамі, і над інспектарамі ДАІ. У іх было ўсяго чатыры конкурсы, каб прадэманстраваць увесь свой гумар, знаходлівасць і артыстызм.
Ацэньвала выступленні каманд журы ў складзе начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Алега Цюрына, начальніка Чэрвеньскай раённай Дзяржаўтаінспекцыі Аляксандра Івашкевіча, метадыста аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння выхаваўчай працы і моладзевых ініцыятыў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандры Смоліч, першага сакратара Чэрвеньскага раённага камітэта БРСМ Вячаслава Клімковіча.
Першыя тры конкурсы не выявілі відавочнага фаварыта, каманды ішлі практычна нараўне. Музычнае хатняе заданне вывела ў пераможцы Бярэзінскі раён: аднагалосным рашэннем журы ацаніла выступ каманды «Па барабану» ў максімальныя 5 балаў.
Другое месца падзялілі школьнікі з Чэрвеньскага («STOP, boys and girls») і Уздзенскага («Неўтаймаваныя») раёнаў. Трэцяе месца заняла каманда «Флюіды» (Пухавіцкі раён).
Усіх удзельнікаў занальнага этапу гульняў узнагародзілі дыпломамі, падарункамі і салодкімі прызамі ад арганізатараў конкурсу.
Каманда-пераможца прыме ўдзел у фінале XII Мінскіх абласных гульняў сярод каманд КВЗ юных інспектараў дарожнага руху, які адбудзецца 4 мая ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня».

Сняжана КАЎГАРЭНЯ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *