Мама — чэмпіёнка

Спорт

Гэтыя кветкі дзесяцігадовы Улад СЯЧКО падрыхтаваў для сваёй матулі з нагоды адразу дзвюх падзей. Па-першае, да 8-га Сакавіка. А-па другое, як асабісты падарунак чэмпіёнцы рэспублікі па муай-тай. Як раз напярэдадні жаночага свята мама Улада, Вольга ЖУРАЎСКАЯ, заняла першае месца на Чэмпіянаце Беларусі, выканаўшы нарматыў кандыдата ў майстры спорту і адначасова прайшоўшы адбор на Чэмпіянат Свету, які адбудзецца ў Мексіцы напрыканцы вясны.

Згадзіцеся, такая мама мала ў каго ёсць! Раніцай варыць табе аўсянку, пасля абеду правярае дзённік, а ўвечары разам з табою калоціць “грушу” у спартзале:) Праўда, Улад аддае перавагу вольнай барацьбе, але і ў залу муай-тай наведваецца з задавальненнем. Менавіта з-за цікаўнасці маленькага сына да гэтага адзінаборства і прыйшла Оля першы раз на трэніраўку да знакамітага Яўгена ДАБРАТВОРСКАГА. Прывяла малога – а атрымалася, засталася сама, ды як удала! Ужо не раз за гэтыя чатыры гады ўдзельнічала ў чэмпіянатах рознага ўзроўню, у сувязі з чым вельмі ўдзячная адміністрацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працуе, за тое, што заўсёды станоўча рэагуюць на спартыўныя “камандзіроўкі”.
Аднаму Богу вядома, як у такой невялічкай, худзенькай асобе ўмяшчаюцца тыя неверагодныя сілы, якія даюць магчымасць перамагаць у жорсткіх баях на рынгу. Ды і у звычайным жыцці таксама даводзіцца не кветачкі дзень за днём збіраць, а, лічы, вытрымліваць штодзённыя спарынгі з рознымі бытавымі, эканамічнымі, гаспадарчымі праблемамі. Вольга вельмі мэтанакіраваная і заўсёды ідзе да канца, не здаецца і не апускае рукі. Гэта – рысы байца, дзякуючы якім яна і перамагла на рэспубліцы. Але пры гэтым хто, як не сыночак, лепш за ўсіх ведае: мама такая пяшчотная, такая мяккая і спагадлівая, з самым добрым серцам у свеце! Канешне, ёй неабходна быць у меру строгай, і дома, і на рабоце, і на трэніроўцы, бо без гэтага проста немагчыма дабіцца выніку. Аднак толькі зазірні ў яе прыгожыя яскравыя вочы – і патонеш у зіхаценні цёплага свету, жаноцкай пяшчоты і кранальнай безабароннай прыгажосці. Вось такая яна, мама-кікбаксёр, мама-сябар, мама-прыгажуня, мама-чэмпіёнка!..

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Мама — чэмпіёнка

  1. Молодец Ольга! Очень впечатляет, особенно когда женщина достигает таких успехов в спорте! Силы духа, успехов во всех соревнованиях и крепкого здоровья!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *