Камандзіроўка на поўдзень

Люди и судьбы

Жыхар Чэрвеня Сяргей Галаўко больш за год правёў у  Антарктыдзе.

Ведаеце адказ на загадку: “Чаму белыя мядзведзі не ядуць пінгвінаў?”. Правільна! Таму што першыя жывуць на Паўночным полюсе, а другія – на Паўднёвым. Жыхар Чэрвеня Сяргей Аляксандравіч Галаўко меў унікальную магчымасць пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы. Напрыканцы сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ён быў удзельнікам 22-й Савецкай Антарктычнай экспедыцыі.

А дапамагла нашаму герою наведаць шосты кантынент прафесія вайсковага тапографа. Пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага вайсковага тапаграфічнага каманднага вучылішча (адзінага такога у СССР) ён трапіў у Рыжскі тапаграфічны атрад. Там і атрымаў прапанову адправіцца ў “камандзіроўку на поўдзень”, ад якой нельга было адмовіцца ў прамым і пераносным сэнсе гэтага выразу. Адзіным бар’ерам мог стаць адмоўны вердыкт урачоў (адбор для працы ў суровых кліматычных умовах быў вельмі строгі), але Сяргей Галаўко паспяхова прайшоў шматлікія медкамісіі.
– Наша экспедыцыя адправілася ў Антарктыду напрыканцы студзеня 1977 года з Рыгі на камфартабельным цеплаходзе “Эстонія”, – узгадвае ён. – Пасля спартанскага вайсковага быту ўмовы, у якіх жылі на судне, былі проста царскімі. Па шляху заходзілі на Канарскія астравы – у сталіцу заходняй правінцыі горад Санта-Крус-дэ-Тэнерыфэ, а таксама ў сталіцу Уругвая Монтэвідэа. Ну і, канешне ж, пры перасячэнні экватара было традыцыйнае Свята Нептуна!
Шлях да Антарктыды заняў амаль сорак дзён. Наша “Эстонія” прышвартавалася да ўсходняга берага кантынента з другой спробы: пры першай з-за моцнага ветру ад прычалу адламалася вялікая ледзяная глыба. Два дні давялося стаяць на рэйдзе ў чаканні спрыяльнага надвор’я…
Працаваў Сяргей Галаўко на станцыі “Маладзёжная”, якая месціцца на свабодным ад лёду грунце ў прыбярэжным аазісе на беразе заліва Алашэева (мора Касманаўтаў). Працяглы час яна лічылася сталіцай Савецкай Антарктыды. Тут функцыянавала каля сямідзесяці будынкаў, якія ўтваралі вуліцы. На “Маладзёжнай” магло адначасова жыць і працаваць да 150 чалавек. Акрамя жылых комплексаў і навукова-даследчых лабараторый, меліся электрастанцыя, радыёцэнтр, станцыя касмічнага зандзіравання атмасферы, склады, паліўная база.
Нягледзячы на тое, што «Маладзёжная» размешчана ў параўнальна мяккіх кліматычных умовах (мінімальная тэмпература паветра складае мінус 15 градусаў, максімальная – плюс 7, у адрозненне ад станцыі «Усход», дзе зафіксавана рэкордна нізкая тэмпература на паверхні Зямлі — мінус 89,2 градуса), вытрымаць іх пад сілу далёка не кожнаму. У прыватнасці, было ўстаноўлена, што нават у такім ашчадным тэмпературным рэжыме не рэкамендуецца жыць у Антарктыдзе больш за пяць гадоў, бо імунная сістэма арганізма моцна аслабляецца.
Асабліва даецца ў знакі палярнікам моцны вецер.
– На ўзбярэжжы Антарктыды ён пачынаецца знянацку. Парывы дасягаюць 35 метраў у секунду – не тое што ісці, а стаяць немагчыма, – распавядае Сяргей Галаўко. – Таму перасоўвацца па аднаму нам было забаронена. А пры моцным ветры даводзілася рухацца, трымаючыся за спецыяльна нацягнутыя на вешках вяроўкі – лееры, ды яшчэ і твар прыкрываць адмысловым прыстасаваннем (мы яго называлі “тэлевізар”), каб не параніцца каменьчыкамі, якія ўздымае вецер. Па гэтай жа прычыне сцены блочных дамоў для станцыі вырабляліся з трывалага матэрыялу – арбаліту (сумесі цэменту з пілавіннем), а ўсе будынкі манціраваліся на сваях, каб снег, які ляціць пад моцным парывам ветру, не затрымліваўся на фундаменце…
Асноўная праца Сяргея Галаўко і яго напарніка (на кожнай станцыі падчас экспедыцыі працавалі па два вайсковыя тапографы) заключалася ў фатаграфаванні актыўных і пасіўных спадарожнікаў Зямлі на фоне зорнага неба для стварэння апорнай сеткі геадэзічных дадзеных, на асновы якіх затым складаліся тапаграфічныя карты народнагаспадарчага і ваеннага прызначэння. Выконваліся работы пры дапамозе спецыяльнай фотаастранамічнай устаноўкі. Яна месцілася ў будынку, дах якога ў патрэбны момант рассоўваўся. Пра памеры ўстаноўкі можна меркаваць па тым, што шырыня фотаплёнкі складала 18 сантыметраў. Дзякуючы таму, што гэты гіганцкі “фотаапарат” быў аздоблены адмысловай экватарыяльнай платформай, якая кампенсавала кручэнне Зямлі, зоркі на здымках атрымліваліся круглымі, а не змазанымі, як гэта бывае пры звычайным фатаграфаванні на вялікай вытрымцы. Сабе на памяць Сяргей Галаўко сфатаграфаваў такім чынам сузор’е Паўднёвы Крыж, якое нельга пабачыць у нашым паўшар’і.
У вольны ад працы час Сяргей Аляксандравіч цешыўся краявідамі Антарктыды і знаёміўся з яе экзатычным для нас жывёльным светам.
– Першых пінгвінаў пабачыў яшчэ з палубы цеплахода “Эстонія”, – распавядае ён. – А потым яны сталі звыклымі для нас суседзямі. Праўда, гэта былі не вялікія імператарскія пінгвіны (яны жывуць на іншых станцыях), а маленькія – Адэлі. Яны не дужа баяцца людзей: фатаграфаваліся з намі без праблем. А аднойчы да нас ўсё ж завітаў адзінокі “імператар”, і мне нават пашчасціла яго сфатаграфаваць. Цікава было назіраць і за цюленямі. Праўда, даводзілася асцерагацца, каб выпадкова не патрапіць у падмерзлыя і схаваныя пад снегам лункі, якія яны рабілі, выбіраючыся з вады на сушу.
А вестуном вясны ў Антарктыдзе (па месяцах яна адпавядае нашай восені) з’яўляецца паморнік. Па традыцыі, першую такую птушку наш повар сустракаў з адбіўной, якую выносіў на падносе…
Сёлета споўніцца 40 гадоў, як Сяргей Галаўко вярнуўся з антарктычнай экспедыцыі.
– Па першым часе часта бачыў Антарктыду ў снах, – прызнаецца Сяргей Аляксандравіч. – Той год з невялікім, што правёў сярод снягоў, ільдоў і пінгвінаў, захоўваецца ў памяці і зараз. Калі б надарылася магчымасць, з задавальненнем пабываў бы там яшчэ раз…
Сяргей Галаўко лічыць сябе чалавекам непублічным, але на запрашэнне супрацоўнікаў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі выступіць спачатку на семінары бібліятэчных работнікаў, а потым і перад удзельнікамі клуба “Моладзевае перакрыжаванне” пагадзіўся без ваганняў. Падчас гэтых сустрэч ён не толькі падзяліўся цікавымі ўспамінамі, але і паказаў “трафеі”, якія прывёз з Антарктыды: яйка імператарскага пінгвіна, рознакаляровыя каменьчыкі скальных парод, атрыманую пры перасячэнні экватара Грамату, паштоўкі са штэмпелямі антарктычных станцый. Ну і, канешне ж – унікальныя фотаздымкі, зробленыя падчас экспедыцыі ім і яго калегамі, некаторыя з якіх мы сёння друкуем.

ДАВЕДКА:
У адпаведнасці з канвенцыяй аб Антарктыцы, падпісанай 1 снежня 1959 года, Антарктыда не належыць ніводнай дзяржаве. Дазволена толькі навуковая дзейнасць.
Аднак наяўнасць дамовы не азначае, што дзяржавы, якія да яе далучыліся, адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзій на кантынент. Напрыклад, Нарвегія прэтэндуе на тэрыторыю, якая перавышае яе ўласную ў дзесяць разоў. Вялізныя тэрыторыі абвясціла сваімі Велікабрытанія. Аўстралія лічыць сваёй амаль палову Антарктыды. Прад’явілі тэрытарыяльныя прэтэнзіі таксама Новая Зеландыя, Чылі і Аргентына.
Асаблівую пазіцыю занялі ЗША і Расія, якія заявілі, што ў прынцыпе могуць вылучыць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыцы, хоць пакуль гэтага і не робяць. Пры гэтым абедзве дзяржавы не прызнаюць прэтэнзіі іншых краін.
Антарктыда – адзіны незаселены і неасвоены кантынент Зямлі, які з’яўляецца апошнім рэсурсным рэзервам для чалавецтва. Геолагі ўстанавілі, што нетры Антарктыды ўтрымліваюць значную колькасць карысных выкапняў – жалезнай руды, каменнага вугалю; знойдзены сляды руд медзі, нікеля, свінцу, цынку, малібдэна, горнага крышталю, графіту. Акрамя таго, тут размешчана каля 80% сусветнага запасу прэснай вады.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *