Інтуіцыя інспектара Апалчэўскага — супраць злодзеяў і п’яных кіроўцаў

Безопасность

Лейтэнант міліцыі Віктар АПАЛЧЭЎСКІ служыць участковым інспектарам у раённым аддзеле ўнутраных спраў без малога два гады. «Ініцыятыўны, старанны і неабыякавы», – так паспеў ён зарэкамендаваць сябе ў кіраўніцтва. Характарыстыка афіцэра пацвярджаецца і ўчынкамі.

– Апалчэўскі ніколі не пакіне без увагі п’янага за рулём – затрымае парушальніка і выклікае ДАІ. Пры гэтым не важна – на службе Віктар ці не – адказнасці нецвярозаму кіроўцу не пазбегнуць, – кажа намеснік начальніка Чэрвеньскага РАУС Сяргей КАЧАНОВІЧ.
На “рахунку” ўчастковага ўжо 5 гора-вадзіцеляў. У іх лік нядаўна трапіў і яго паднаглядны, які калясіў на «БМВ» разам з уладальнікам аўтамабіля. Міліцыянер здзівіўся, заўважыўшы маладога чалавека за рулём іншамаркі, бо ў таго ніколі не было пасведчання кіроўцы! У дадатак абодва мужчыны былі п’янымі. Па выніках разбіральніцтва на іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Сяргей Качановіч усміхаецца:
– Часам у жарт прапануем Віктару перайсці ў ДАІ – на нядбайных аўтамабілістаў у яго, вобразна кажучы, інтуіцыя. Верагодна, з-за нецярпімасці і катэгарычнасці ў пытанні п’янства за рулём. Разам з тым, сярод участковых ён адзін з лепшых у раёне.
Дарэчы, дзякуючы інтуіцыі, інспектару не раз удавалася спыняць і злачынствы.
У мінулым годзе па дарозе на працу Апалчэўскі звярнуў увагу на хлопца: той з ноўтбукам у руках таропка ішоў па трасе «Магілёў-Мінск». Малады чалавек патлумачыў, што нібыта вяртаецца з гасцей, а гаджэт належыць яму. Падман выявіўся пры спробе падарожніка выдаць сябе за іншага чалавека. Аказалася, ён абакраў свайго сабутэльніка і меў намер збыць міні-камп’ютар.
Па волі выпадку афіцэр затрымаў дваіх жыхароў раёна і ў гэтым годзе. Вечарам 5 лютага ў адным з дачных дамоў мужчыны ўзламалі скрыню і ўкралі газавы балон. На зваротным шляху зламыснікі заўважылі міліцэйскі аўтамабіль і, кінуўшы здабычу прама на дарозе, паспрабавалі ўцячы. Схавацца не ўдалося.
– Інтуіцыя і выпадак – толькі маленькія памочнікі ў вялікай справе Віктара Апалчэўскага. А спакой і правапарадак на яго ўчастку – вынік штодзённай і карпатлівай працы, у тым ліку па самаўдасканаленню, – рэзюмаваў Сяргей Качановіч.

Аляксандр МАРЧАНКА, упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *