Жыццё, аддадзенае школе

Люди и судьбы

Святлана Аляксееўна Ананчыкава, дырэктар сярэдняй школы №1 г.п.Смілавічы, адзначае 60-гадовы юбілей.

Нарадзілася ў вёсцы Сакольнікі Суражскага раёна Віцебскай вобласці. Бацькі пераехалі ў Смілавічы, калі дзяўчынцы было пяць гадоў. Тут пайшла ў першы клас сярэдняй школы №1.
— У той час яна была новая, — прыгадвае Святлана Аляксееўна. – Пахла фарбай, будаўнічымі матэрыяламі.
Пры ўспамінах пра той час вочы дырэктара засвяціліся нейкім асаблівым святлом. Адразу прыгадала сваіх настаўнікаў: Надзею Фёдараўну Крупскую, першую настаўніцу, Надзею Фёдараўну Германовіч-Жаваронак, класнага кіраўніка. Многія з яе настаўнікаў, дзякуй Богу, жывыя.
У Святланы заўсёды была і ёсць актыўная жыццёвая пазіцыя: яе выбіралі старшынёй Савета піянерскай дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Акрамя таго, яна вельмі любіла сцэну, асабліва падабалася танцаваць.
— У нас не было тады педагогаў-арганізатараў, якія зараз арганізоўваюць вольны час вучняў, — гаворыць Святлана Аляксееўна. — Нам гэта было не патрэбна. Танцавалі мы народныя танцы. Касцюмы бралі ў Доме піянераў у Чэрвені. Нам было самім цікава гэтым займацца. Зараз, напэўна, час іншы, трэба дзяцей у прымусова-добраахвотным парадку чымсьці займаць.
У 1975 годзе Святлана скончыла школу з залатым медалём. Паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут на факультэт гісторыі і замежных моў. Скончыла яго ў 1980-м.
Пачынала педагагічную дзейнасць у сваёй роднай школе настаўніцай гісторыі, грамадазнаўства. Выкладала нямецкую мову. Праз некаторы час ужо з мужам пераехалі ў Чэрвень. Працавала адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага райвыканкама. Асноўную работу сумяшчала з выкладаннем нямецкай мовы ў Чэрвеньскім ПТВ-80.
Неўзабаве сям’я пераехала ў Мінск. Святлана Аляксееўна вырашыла набыць яшчэ адну спецыяльнасць – настаўніцы пачатковых класаў. Падабалася ёй працаваць з малодшымі вучнямі. А працавала ў Мінску ў школе, дзе вучылася больш за 2000 дзяцей. Там была настаўніцай пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, курыравала пачатковыя класы.
У 1993 годзе ёй давялося вярнуцца ў Смілавічы. Зноў прыйшла ў сваю школу.
— Тут мне было заўсёды цёпла, утульна, таму што гэта – родныя сцены, таму што тут яшчэ было шмат настаўнікаў, якія мяне вучылі, ведалі і любілі, — працягвае Святлана Аляксееўна. — Гэта Нэла Мікалаеўна Грышко, настаўніца геаграфіі, Іосіф Браніслававіч Грышко, яе муж, настаўнік гісторыі, пайшоў ужо з жыцця, Марыя Іосіфаўна Зяневіч, Іван Уладзіміравіч Зінкевіч, муж і жонка Кавалеўскія. Я прыйшла, як да сябе дамоў. Завучам быў Мікалай Пахомавіч Зызо. Потым гэтую пасаду ён перадаў мне. Разам з ёй аддаў мне свае абавязкі і клопаты.
З 1993 года і да студзеня 2011 года працавала завучам. І вось ужо сёмы год – дырэктарам.
У гэтым годзе калектыў школы папоўніўся маладымі спецыялістамі, прыехалі пасля вучобы сем дзяўчын. На жаль, колькасць мужчын-настаўнікаў становіцца ўсё менш і менш. Працуе ў школе настаўнік фізікі Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў. Выдатны педагог, яго вучні штогод на розных спаборніцтвах па фізіцы і астраноміі выходзяць пераможцамі.
За шматгадовую добрасумленную педагагічную працу па выхаванню падрастаючага пакалення Святлана Аляксееўна мае шмат узнагарод: знак “Выдатнік адукацыі” (2015 год), Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2011), Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама (2009, 2013 г.г.), Грамату Чэрвеньскага райвыканкама (2012), Ганаровыя граматы аддзела адукацыі спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама (2008, 2010, 2013, 2014, 2015 г.г.), Падзякі старшыні Мінскага аблвыканкама (2006, 2013 г.г.), Падзяку начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама (2013 г.).
— Удзячна, што маю працу заўважылі, адзначылі, — гаворыць Святлана Аляксееўна. – А самае прыемнае, калі ад вучняў маеш аддачу. Хочацца, каб традыцыі, якія склаліся ў школе, захоўваліся, перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Галоўнае – захаваць мір у свеце. Прыгадваю з дзяцінства, як мая бабуля (яна траюрадная сястра бацькі Міная – Міная Піліпавіча Шмырова) увесь час на печцы сушыла хлеб. Мне было незразумела, навошта яна гэта робіць? Пазней яна расказала пра тое, як падчас вайны хавалі дзяцей ад немцаў, як іх трэба было карміць. У бабулі было сямёра дзяцей, трое з іх памерлі ад голаду. Тое, што яны памерлі галоднай смерцю, яна не магла перажыць…
Аб сваіх уласных захапленнях Святлана Аляксееўна гаворыць:
– Мае жыццё аддадзена школе. С зоркамі прыходжу сюды і з зоркамі вяртаюся дамоў. Два сыны ў мяне, унук. Стасункі з імі – таксама радасць. Пачытаць люблю, кветкі вырошчваю…
Віншуем Вас, шаноўная Святлана Аляксееўна, з юбілеем! Жадаем Вам моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і шмат нагод для радасці!

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Жыццё, аддадзенае школе

  1. Хочу пожелать Светлане отличного здоровья — это главное!
    Еще не время Вам сдаваться,
    Еще лишь только шестьдесят.
    Желаю жизнью восхищаться,
    Смотреть вперед, а не назад!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *