Там, дзе жыве аленяў статак

Общество

33 асобіны высакароднага еўрапейскага аленя пасяліліся на пачатку зімы ў вальеры на тэрыторыі аднаго з лясных масіваў нашага раёна. Статак набыты ў Літве рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” у рамках дзяржаўнай праграмы “Беларускі лес” на 2016-2020 гады. Яна, у прыватнасці, прадугледжвае павелічэнне папуляцыі гэтай жывёлы ў краіне.

На сустрэчу з высакароднымі еўрапейскімі аленямі, якія сталі своеасаблівым навагоднім падарункам для Чэрвеньшчыны (трох дарослых самцоў, пятнаццаць самак і столькі ж імі народжаных сяголетак прывезлі да нас з Літвы 27 снежня) выпраўляемся з дырэктарам раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Аляксандрам Давыдзенкам. Збочыўшы з магілёўскай шашы, яго “Ніва” гойсае па калдобінах лясной дарогі, ушчэнт разбітай падчас вывазу бураломнай драўніны. Па шляху трапляецца прыпаркаваная на паляне іншамарка (з нізкай пасадкай па бездаражы не праедзеш), а неўзабаве сустракаем на дарозе і яе гаспадара – жыхара Чэрвеня Мікалая Бабіновіча, які апякуецца над статкам аленяў. Аддаўшы ў машыну заплечнік з ласункамі для падкормкі жывёлы, ён вырашае працягнуць шлях да вальера пешшу.

Аляксандр Давыдзенка

З лесу выязджаем на поле, якое абгарадзілі сеткай разам з участкам маладога хвойніку ўперамешку з лазняком. Праз колькі хвілін падцягваецца і Мікалай Бабіновіч. Пакуль ён адагравае замерзлы замок на ўваходнай браме, шпацыруем з Аляксандрам Давыдзенкам уздоўж перыметра вальера. Па шляху Аляксандр Іванавіч паказвае абсталяваныя ў лесе па гэты бок сеткі кармушкі з сенам і соллю для дзікіх жывёл, пра якіх у паляўнічай гаспадарцы таксама не забываюцца. Прайшоўшы яшчэ колькі метраў, заўважаем свежыя сляды мясцовага аленя, якія цягнуцца з лесу да самай агароджы вальера: няйнакш знаёміцца з навасёламі прыходзіў. А саміх “літоўцаў” не відно, хаця, як кажа Аляксандр Давыдзенка, яны часта выходзяць на прасеку, да якой мы наблізіліся.

Мікалай Бабіновіч

Тым часам Мікалай Бабіновіч ужо адчыніў браму. Вяртаемся, каб агледзець вальер. Яго плошча разам з участкам лесу складае каля 12 гектараў. На ўзлеску абсталяваны пляцоўкі пад сакавітыя кармы, сянаж і сена, а таксама два кармавыя сталы для збожжа і солі. У лесе выкапалі невялікі вадаём, каб, калі сыдзе снег, аленям было дзе папіць.

– Яшчэ бацька некалі распавядаў мне, як гэтае поле ўтварылася, – узгадвае Мікалай Бабіновіч. – Адсюль напрамкі менш за два кіламетры да вёскі Падар. У вайну яна згарэла, а пасля вайны людзям далі тут лес рэзаць, каб хаты адбудоўваць. А гэты хвойнік у межах вальера ўжо пры мне вырас. Калісьці поле было калгасным. Потым у 90-х гадах яго перадалі паляўнічай гаспадарцы для стварэння падкормачных угоддзяў…
Мікалай Бабіновіч і Аляксандр Давыдзенка (нягледзячы на дырэктарскую пасаду, ён не цураецца працы па догляду за аленямі, займаючыся ёй фактычна штодня) насыпаюць у кармушкі духмянае, бы толькі з бункера камбайна, збожжа.
– Тут у статку свая іерархія, – распавядае Мікалай Бабіновіч. – Ёсць важак, якога мы клічам Сямёнам, і яго сяброўка, самка Соня. Звычайна яны, як разведчыкі, першымі вытыркаюць галовы з лесу, калі я прыходжу. Выходзяць – і ўсе за імі. Да мяне алені прызвычаіліся: пакуль у другую кармушку збожжа насыпаю, дык ў першай яны ўжо ядуць. А паміж кармушкамі – метраў трыццаць, не больш. Увогуле ж, алень – вельмі асцярожная жывёла: баіцца не толькі шуму, але і чужога паху. Я аднойчы іншую куртку апрануў, дык яны адразу вушы натапырылі…Ці то з-за прысутнасці чужога, ці то з-за завірухі, што ўсчалася (падчас непагадзі дзікая жывёла звычайна стаіць на месцы) гэтым разам алені і не думалі паказвацца з хвойніку, хаця “абед” ужо даўно чакаў іх на кармавым стале.

Каб паскорыць працэс, Мікалай Бабіновіч з гучнымі воклічамі “Го-о-о-о!” пашыбаваў у лес. А мы сцішыліся ў чаканні. Праз нейкі час статак літаральна на хвіліну паказаўся ў месцы, дзе дрэвы амаль ушчыльную падступаюць да агароджы вальера. Але зрабіць хаця б адзін больш-менш удалы фотаздымак не дазволіў лазняк на пярэднім плане.

Тады ўжо Аляксандр Давыдзенка выправіўся на дапамогу Мікалаю Бабіновічу. Другая спроба аказалася ўдалай. Алені выскачылі з лесу амаль напрыканцы вальера, перасеклі поле і пашпацыравалі ўздоўж сеткі. Фатаграфаваць давялося на максімальна магчымую даўжыню здымкі праз шчыльную сцяну снегу, якая перашкаджала сфакусавацца аб’ектыву. Жывёлы аббеглі частку перыметра, на некалькі секунд спыніліся, павярнуліся ў мой бок, нібыта пазіруючы, а потым развярнуліся і тым жа маршрутам скіраваліся назад у лес…

Гутарку з Аляксандрам Давыдзенкам і Мікалаем Бабіновічам працягваем, схаваўшыся ад непагадзі ў вагончыку пры ўваходзе ў вальер. З яе, у прыватнасці, даведаўся, што кормяць аленяў раз на дзень. Акрамя аўса, які пераважае ў рацыёне і з’ядаецца літаральна за 15 хвілін, жывёлам даюць сена, сянаж і два разы ў тыдзень – сакавітыя кармы: бульбу ці капусту. Набыццё збожжа, сена і сенажу прафінансавала РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, бульбай і капустай у якасці бязвыплатнай дапамогі рэгулярна забяспечвае вядомы ў раёне фермер – брат Мікалая Бабіновіча Віктар.

Ну і, канешне ж, пацікавіўся я далейшым лёсам прывезеных аленяў. Як распавёў Аляксандр Давыдзенка, у красавіку-маі чакаецца прыплод ад самак. Дзесьці праз месяц пасля гэтага, калі малыя ўстануць на ногі, увесь статак выпусцяць на волю. З разлікам на тое, што ў натуральным асяроддзі папуляцыя будзе надалей развівацца.

Ад таго, наколькі хутка і паспяхова пойдзе працэс павелічэння папуляцыі высакароднага еўрапейскага аленя ў раёне, залежаць перспектывы магчымасці палявання на яго. Бо зараз раённая арганізацыйная структура БТПР не прымае ліцэнзій на адстрэл гэтага пакуль што нешматлікага на Чэрвеньшчыне віду жывёлы.Дарэчы, і Мікалай Бабіновіч, і Аляксандр Давыдзенка – паляўнічыя з немалым стажам. Але абодва не ўпэўнены, што пасля догляду за літоўскімі гадаванцамі калі-небудзь пры сустрэчы з аленем здолеюць націснуць на курок.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *