«Пераплылі» «Нёман» без праблем

Спорт

«БУДАЎНІК» (ЧЭРВЕНЬ) – «НЁМАН» (СТОЎБЦЫ) – 8:1.

1 лютага. Мінск. Палац спорту «Уручча».
«Будаўнік»: Капітулец (Курыловіч); Срыбненка – Бялоў – Яроміч – Лапшын; Арлоў – Тарлікоўскі – Кулікоў – Варэнік; Шмаянкоў.
Галы ў «Будаўніка»: Варэнік (8, 13, 15), Лапшын (8) Яроміч (25), Кулікоў (33), Арлоў (34, 38).

Гэты паўфінал быў для “Будаўніка” трэцім у непрацяглай гісторыі яго выступлення ў розыгрышу Кубка Беларусі. У першым з іх наша каманда саступіла шлях у фінал брэсцкаму “Меркурыю-ДМК”, а летась, абыграўшы яго ж, затым перамагла і ў галоўным матчы, заваяваўшы ганаровы трафей.
Сёлета ў сапернікі па 1/2 фіналу “Будаўніку” трапіў стаўбцоўскі “Нёман”, каманда без тытулаў і гучных імёнаў, якая, тым не менш, сенсацыйна выбіла з розыгрышу ў чвэрцьфінале бабруйскую “Вікторыю”.
Каманды пачалі матч даволі асцярожна, нібыта прыглядаючыся адна да адной. “Выбух” здарыўся на 8-й хвіліне сустрэчы, калі спачатку Аляксандр Варэнік нечаканым ударам з развароту скіраваў мяч у вароты паміж ног галкіпера, а ў наступнай атацы Андрэй Лапшын выканаў парашут, закінуўшы плямістага за спіну варатару – 2:0.
Відавочна, што каманда са Стоўбцаў не чакала такога павароту падзей і доўга не магла прыйсці ў сябе. А нашы не змяншалі абаротаў амаль да самага перапынку. Асабліва актыўнічаў на пляцоўцы Аляксандр Варэнік, які яшчэ двойчы прымусіў галкіпера “Нёмана” вымаць мяч з сеткі.
Натуральна, што пры ліку 4:0 “Будаўніку” цяжка было настроіцца на працяг барацьбы ў другім тайме. Гэта пацвердзілі першыя яго хвіліны. Балазе, гол, які забіў “Нёман”, стаў для нашых добрым раздражняльнікам. Ужо праз хвіліну пасля таго, як мяч пабываў у варотах Станіслава Капітульца, Алякесандр Яроміч зрабіў лік 5:1.
У далейшым нашы атакавалі шмат і разнастайна. Спачатку вызначыўся Аляксей Кулікоў, а потым Аляксандр Арлоў двума магутнымі ўдарамі завяршыў разгром “Нёмана” – 8:1.
У фінале “Будаўнік” згуляе з брэсцкім “Меркурыем-ДМК”, які ў паўфінальнай сустрэчы з лікам 2:0 адолеў “Меліяратар” з Ганцавічаў.
Фінальны матч адбудзецца ў чацвер, 8 лютага, у сталічным палацы спорту “Уручча” (пачатак у 18.00) і будзе транслявацца на тэлеканале “Беларусь-5”. Для жадаючых падтрымаць “Будаўнік” арганізоўваецца выезд на гульню. Папярэдні запіс па тэлефоне 8(029) 2698079.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *