Час падводзіць вынікі

Местная власть

Сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і выкананне бюджэту за 2017 год абмяркоўваліся на чарговым пасяджэнні райвыканкама.
Намеснік старшыні райвыканкама Алена ШЛОМА, якая выступіла асноўным дакладчыкам па першым пытанні, адзначыла станоўчую дынаміку развіцця асноўных галін эканомікі, у тым ліку і ў аб’ёме знешняга гандлю. Экспарт тавараў (без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, нафты і нафтапрадуктаў) вырас на 10,2% да ўзроўню 2016 года пры прагнозе ў 3%. На 20% вышэй прагнознага і паказчык па працаўладкаванню грамадзян на новыя працоўныя месцы, створаныя за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў.
Выраслі ў параўнанні з пазамінулым годам і аб’ёмы будаўніча-мантажных работ, рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі – на 33,5% і 4,8% адпаведна. У поўным аб’ёме выканана заданне па росце заработнай платы, на 145,4% — заданне па ўводу ў эксплуатацыю жылля: у 2017 годзе пабудавана 14834 кв. м.
Высокія тэмпы развіцця ў 2017 годзе паказаў прамысловы комплекс. Найбольшы рост аб’ёмаў прадукцыі ў мінулым годзе дасягнуты Нафтабітумным заводам: прадпрыемства павялічыла вытворчасць бітумных сумесяў у 3,9 разоў, нафтавага бітуму – у 1,2 разы.
У суме на 11,3% «прырост» у аб’ёмах вытворчасці далі Чэрвеньскі вытворча-харчовы завод і Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка.
Экспарт паслуг, прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове і вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі арганізацыямі раёна апынуліся ніжэй прагнозных паказчыкаў. На пасяджэнні былі заслуханы кіраўнікі прадпрыемстваў, якія ў мінулым годзе дапусцілі памылкі ў сваёй дзейнасці. Старшыня райвыканкама Віталь КАЗЛОЎ раскрытыкаваў іх падыходы да працы.
Другім пытаннем на пасяджэнні разглядаліся вынікі выканання бюджэту раёна за 2017 год. Як падкрэсліла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына КРАПІЎНАЯ, асноўнымі даходнымі крыніцамі з’яўляліся падаходны падатак, падаткі на дабаўленую вартасць, на прыбытак, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, на нерухомасць. Іх удзельная вага ў агульнай суме даходаў склала 80%.
Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што ў 2017 годзе не ў поўнай меры выкарыстаны рэзервы для павышэння эфектыўнасці вытворчасці і максімальна магчымага прыцягнення даходаў у бюджэт, у першую чаргу – за кошт зніжэння выдаткаў на вытворчасць, скарачэння запасаў гатовай прадукцыі, рэалізацыі дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, правядзення аўкцыёнаў.

Па матэрыялах райвыканкама падрыхтавала Сняжана КАЎГАРЭНЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *