Чаму я пайду на выбары?

Общество

Вольга Міралевіч:

— Дзень выбараў для мяне заўсёды святочны. Пайсці галасаваць — мой грамадзянскі абавязак, а выбары — магчымасць выбраць тых, хто пасля будзе вырашаць надзённыя праблемы. Кандыдатаў я ацэньваю па рэальных дзеяннях, а не абяцаннях, таму што мяркую, што дэпутат павінен перажываць за людзей не словамі, а ўчынкамі.

Аляксандр Капанец:

— Абавязкова пайду на выбары. Я актыўны чалавек, мне не абыякава: як мы жывём, як выглядае наш горад і раён. Я бачу вялікія зрухі ў пытаннях добраўпарадкавання. Сярод кандытатаў шмат маладых людзей. Яны тут жывуць і працуюць, тут нарадзіліся і растуць іх дзеці, а значыць, бацькі зробяць усё, каб іх малая радзіма была прыгожай і ўтульнай.

Аляксандр Пікулік:

— Я сельскі жыхар, таму атрымаю тры бюлетэні. У адным прагаласую за дэпутата ў абласны Савет, у другім – за дэпутата раённага Савета, у трэцім – за дэпутатаў ў наш сельскі Савет. Зрабіць выбар тут зусім няцяжка, бо я добра ведаю ўсіх кандыдатаў. Давяраю ім. Яны жывуць побач з намі. Карыстаюцца такімі ж паслугамі, што і мы, ездзяць па тых жа дарогах. Спадзяюся, што яны будуць годна адстойваць нашы агульныя інтарэсы.

Аляксандр Грыбовіч:

— У выбарах прымаць ўдзел буду, бо лічу, што ў чалавека, які сябе паважае, павінна быць актыўная грамадзянская пазіцыя, якую ён мае права выказваць. Важна разумець, што ад кожнага голасу залежыць вынікі галасавання.
Упэўнены, што ў Савет дэпутатаў пройдуць разумныя, сумленныя і справядлівыя людзі, здольныя да вырашэння задач на карысць людзей, якія іх выбіраюць, накіраваныя на развіццё і росквіт Чэрвеньшчыны. Заўтра мы будзем жыць так, як выбралі сёння.

Аляксандр Роскач:

— На выбарчы ўчастак я пайду. Маё пакаленне з дзяцінства прывучана выконваць свой грамадзянскі абавязак. Калі ты не хочаш быць са сваім народам, дык які ж ты беларус? Можаш выкрэсліць хоць усіх кандыдатаў, але выкажы сваё меркаванне. Тады не будзе сумнення, што хтосьці падтасаваў вынікі і выкарыстаў твой голас.

Надзея Ламакіна:

— Кожны чалавек у нашай краіне мае права голасу. Асабіста я хаджу на выбары і лічу, што выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, прымаючы ўдзел у грамадска-палітычных кампаніях краіны, — гэта не толькі права, але і грамадзянскі абавязак. Бо хто, калі не мы, будзем вызначаць сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей!?

Запісала Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *