Без вёскі не будзе краіны

Общество

На мінулым тыдні ў Мінску адбылося ўшанаванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу краіны з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Сярод тых, хто прадстаўляў на ім Чэрвеньшчыну – дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алена Махнач і механізатар ААТ “Запольскае” Дзмітрый Шчатко. Вось якія ўражанні засталіся ў іх ад урачыстасці.

Алена МАХНАЧ, дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск”:

– Мне было вельмі прыемна прысутнічаць на гэтым прыгожым і велічным свяце вясковых працаўнікоў у ліку 17 кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Міншчыны. Незабыўныя пазітыўныя эмоцыі засталіся ад сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Выступленне Прэзідэнта было разлічана на ўсіх, і, у той жа час, не пакідала пачуццё, што ён звяртаецца да кожнага паасобку.
Асэнсоўваючы пачутае, задачы, якія былі пастаўлены, хачу сказаць, што калектыву нашай гаспадаркі многае па сілах. Мы завяршылі мінулы год са станоўчымі паказчыкамі па прыбытках, рэнтабельнасці вытворчасці і продажу прадукцыі. Гэта дасць фінансавыя магчымасці для стабільнай працы сёлета. Напрыклад, ужо зараз маем забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі па азоту на ўзроўні амаль 80 працэнтаў. А гэта – досыць трывалы падмурак пад будучы ўраджай.

Дзмітрый ШЧАТКО, механізатар ААТ “Запольскае”:

– Запрашэнне на ўрачыстасць з удзелам Прэзідэнта Беларусі стала для мяне вялікім гонарам, а атрыманне падарункавага сертыфікату на тэлевізар “Гарызонт” – прыемным сюрпрызам.
Усё, пра што казаў у сваім выступленні Аляксандр Рыгоравіч, блізкае мне. Сапраўды, не будзе вёскі – не будзе краіны. Асабліва ўзрушылі словы пра тое, што неабходна зрабіць так, каб моладзь заставалася працаваць у сельскай гаспадарцы. Сёння гэта – праблема, і трэба ствараць больш прывабныя ўмовы для жыцця і працы на вёсцы. Гэта і пытанні жылля, і годныя заробкі. А яшчэ, на маю думку, варта, каб і мы, бацькі, з дзяцінства прывівалі дзецям пашану і любоў да сялянскай працы.
Асабіста я з маленства выхоўваўся на прыкладзе таты, які шчыраваў на трактары ў мясцовай гаспадарцы. У выніку я таксама абраў прафесію механізатара і не здраджваю ёй вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі. Спадзяюся, што і мае сыны ў будучым стануць мне годнай зменай.

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *