Анатоль УЛЬЯНАЎ, дырэктар прадстаўніцтва БелдЗяржстраху па Чэрвеньскаму раёну

Люди и судьбы

У кожнага пакалення ёсць свае адметныя прыкметы, якія праяўляюцца ў песнях, адзенні, захапленнях. Прадстаўнікі пасляваеннага пакалення спявалі патрыятычныя песні, былі непераборлівымі ў адзенні і ежы, не цураліся ніякай працы. Наступнае пакаленне, дзеці тых, хто аднаўляў гаспадарку, разбураную вайной, былі ўжо трошкі іншымі. Не, яны таксама любілі патрыятычныя песні і фільмы, былі працалюбівымі, але пільна сачылі за модай, насілі штаны “клёш”, кароткія сукенкі, слухалі замежных “Бітлз”. Маладзёжныя праекты, рухі былі напоўнены рамантыкай, энтузіязмам.
Тыповым прадстаўніком пакалення канца шасцідзесятых гадоў з”яўляецца і Анатоль Ульянаў. Сёння наша размова з ім.

— Анатоль Мікалаевіч, раскажыце пра сябе.
— Нарадзіўся ў вёсцы Любішына ў 1969 годзе. Бацька Мікалай Канстанцінавіч быў брыгадзірам трактарнай брыгады, маці Тэрэза Уладзіміраўна — ветэрынарным урачом, разам працавалі ў эксперыментальнай базе “Натальеўск”. Бацька рана пайшоў з жыцця, а матуля сёння жыве ў Любішына. Да сямідзесяці гадоў яшчэ працавала на свінакомплексе гаспадаркі. Мы з братам Уладзімірам раслі паслухмянымі, працалюбівымі. Дапамагалі бацькам па гаспадарцы, стараліся добра вучыцца.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №3 Чэрвеня, я паступіў вучыцца ў аграрна-тэхнічны ўніверсітэт (былы БІМСГ) на факультэт “Механізацыя сельскай гаспадаркі”. Неблагія здольнасці былі па ўсіх дакладных прадметах, мог бы падаваць дакументы і на фізмат, як раілі настаўнікі, але прыклад бацькі, адмысловага механізатара, пераважыў усе сумненні. Пасля першага курса разам з іншымі аднагодкамі прызвалі на службу ў войска. Праз два гады зноў сеў за студэнцкую парту. Няпроста гэта было — наноў спасцігаць прызабытыя навукі. Але ўпартасць прынесла вынікі. Інстытут я заканчваў з павышанай стыпендыяй. На працу накіравалі ў Чэрвеньскі раён, у родную гаспадарку – эксперыментальную базу “Натальеўск”. Прызначылі брыгадзірам трактарнай брыгады, якой раней кіраваў бацька. Потым былі розныя пасады ў гаспадарцы. Тут жа ў гаспадарцы юрыстам працавала жонка Таццяна.
Спачатку наша сям”я жыла разам з маці ў Любішына. Але нам хацелася самастойнасці, і ў 2000 годзе мы купілі недабудаваны дом у Чэрвені.
У гэты ж час мне прапанавалі перайсці на працу ў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Чэрвеньскаму раёну. Спачатку афармляў страхоўкі транспарту, потым скончыў курсы і працаваў ацэньшчыкам пашкоджнаных у аварыях аўтамабіляў. У 2015 годзе прызначаны дырэктарам Чэрвеньскага прадстаўніцтва. Каб адпавядаць патрабаванням кіраўніка такой установы, па асабістай ініцыятыве паступіў вучыцца ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце РБ па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка ”. За ўласныя грошы, бо гэта была другая вышэйшая адукацыя для мяне.

— Чым Вы ганарыцеся ў сваім жыцці?
— Мой гонар дзве мае дачушкі. Яны выдатна вучыліся ў гімназіі. Старэйшая дачка Крысціна паступіла ў Медыцынскі ўніверсітэт у Мінску, зараз праходзіць ардынатуру ў Бараўлянах, урач агульнай практыкі, замужам. Малодшая Анастасія, залатая медалістка, вучыцца ў Акадэміі кіравання на факультэце правазнаўства. Захацела быць юрыстам, як маці. Мы выхоўвалі іх на асабістым прыкладзе. Наогул, лічу, што ў сям”і павінны быць роўныя, даверлівыя, цёплыя адносіны, каб кожнаму хацелася больш часу праводзіць у кругу сям”і.

— Якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік?
— Падобная, камфортная атмасфера павінна быць і ў працоўным калектыве. Я лічу, што кіраўнік павінен быць справядлівым, патрабавальным, разумна размяркоўваць абавязкі паміж работнікамі. Стварыць каманду аднадумцаў не так проста. Пазапрацоўныя мерапрыемствы таксама павінны быць. З работнікамі нашай установы мы часта ездзім на экскурсіі, канцэрты, удзельнічаем у турзлётах. Безумоўна, гэта аб’ядноўвае людзей. Штат у нас невялікі. Дваццаць шэсць чалавек. З іх трынаццаць – страхавыя агенты. Працуюць на ўчастках.

— Ваша асабістае захапленне?
— Я вельмі люблю рыбалку. Падабаецца не столькі быць з уловам, колькі радавацца нашай беларускай прыродзе, слухаць цішыню. З гадамі больш усведамляеш і разумееш значнасць кожнага моманту жыцця. Гэта цяжка перадаць словамі, кожны сам адчуе такое, калі прыйдзе час.

— А што такое шчасце для Вас?
— На мой погляд, няма вялікага і аб’ёмнага паняцця шчасця. Яно складаецца з маленькіх дробязей. У дзяцінстве ты шчаслівы свабодай, пяшчотай бацькоў, бестурботнасцю існавання. У юнацтве шчаслівы каханнем. Потым ты шчаслівы, калі нараджаюцца дзеці, бачыш, як яны растуць добрасумленнымі, шчырымі, з павагай ставяцца да старэйшых, сваіх бацькоў, потым – заканчваюць школу, вучацца, атрымліваюць адукацыю і становяцца прафесіяналамі сваёй справы. Шчаслівы, калі яны знаходзяць сваю палавінку і будуюць ужо свае сем”і. Буду шчаслівы, калі ўнукі назавуць мяне дзядуляй. Шчасце адчуваю і ў сваёй рабоце, калі мае наведвальнікі дзякуюць мяне.
Наогул, шчаслівым можна быць усё жыццё.

Гутарыла Галіна ГАМЕЗА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *