Аўтарытэт для вучняў і аднавяскоўцаў

Люди и судьбы

26 студзеня святкавала юбілейны дзень нараджэння прыгожая жанчына, добрая жонка, чулая маці і любая бабуля, цудоўны чалавек і бездакорны аўтарытэт для сваіх вучняў былы дырэктар (1998-2005) Лядзенскай сярэдняй школы Клаўдзія Адамаўна Міхіевіч.

Яе жыццё, лёс – тыповыя для пасляваеннага пакалення. Дзяцінства абазначана толькі гадамі. На самой справе з самых першых свядомых дзён — дапамога старэйшым, работа ў хаце, на агародзе, на палетках – вось што засталося ў памяці пасляваеннай дзетвары. Вельмі рана дзеці станавіліся самастойнымі і мелі шмат абавязкаў: падтрымлівалі чысціню ў доме, палілі ў печы, назапашвалі ў хаце дровы і ваду, займаліся агародам, пасвілі кароў, гусей, прыбіралі навоз, чысцілі скаціну. Старэйшыя ў полі вязалі снапы, збіралі каласкі, варушылі сена. Патрэбна было яшчэ добра вучыцца і прыкладна выконваць хатнія заданні.
Продкі Клаўдзіі Адамаўны жылі на ігуменскай зямлі. Нарадзілася дзяўчына ў вёсцы Рэчкі ў шматдзетнай сям’і. З вёскі Бярозаўка ў 1937 годзе забралі ў турму дзядулю (рэабілітавалі пасля вайны), у Рэчках цудам не расстралялі бабулю з мамай фашысты за тое, што тры старэйшыя сыны бабулі ваявалі на фронце і ў партызанах. Тут разам з іншымі падлеткамі шчыравала Клаўдзія на нарыхтоўцы сена, на праполцы буракоў, даглядала хатнюю жывёлу ў пасляваенны час. У Рэчках скончыла дзяўчына выдатна сярэднюю школу. Марыла быць педагогам, як Эмілія Іосіфаўна Пшыгодская, яе першая настаўніца. Колькі гадоў прайшло, але не забыцца пра яе цудоўныя мудрыя ўрокі. Усё жыццё яна з’яўляецца прыкладам для Клаўдзіі Адамаўны. Паступіла дзяўчына вучыцца ў педагагічны інстытут у Мінску на філалагічны факультэт. Закончвала яго ўжо завочна. Бо сустрэла тут у Рэчках свайго суджанага – Міхаіла Ільіча Міхіевіча. Хлопец адслужыў ў войску, вярнуўся дамоў, скончыў мар’інагорскі тэхнікум, працаваў загадчыкам майстэрняў у калгасе “Ляды”. Ажаніліся. Хутка нарадзілася першая дачушка. Дарэчы, у 2017 годзе сямейная пара Міхіевічаў адзначыла сапфіравае вяселле, 45 гадоў разам у ладзе і згодзе. Выхавалі трох дачок. Маюць своеасаблівы рэкорд: усе дочкі – медалісткі. Выдатна закончылі школу, атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая Наталля стала медыкам, працуе намеснікам галоўнага ўрача ў Заслаўі, сярэдняя Антаніна мае дзве вышэйшыя адукацыі, працуе галоўным бухгалтарам, жыве ў Мінску, малодшая Людміла – вядучы бухгалтар райпо, жыве з сям’ёй у Чэрвені. Клаўдзія Адамаўна і Міхаіл Ільіч шчаслівыя ў дзецях і ўнуках.
Клаўдзія Адамаўна працавала ў школе 38 гадоў, але выпуск мае толькі адзін – непаўторны дзясяты класс 1986 года. Запалі ў сэрца тыя шумлівыя хлопцы і дзяўчаты. Іх характары, лёс, сем’і хвалююць настаўніцу. Справа ў тым, што астатні час яна была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, дырэктарам школы. Ёсць шмат граматаў і падзяк ад аддзела адукацыі, раённага выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі аблвыканкама.
Вось і ў юбілейны дзень нараджэння прыехалі павіншаваць Клаўдзію Адамаўну Віталь Іванавіч Труш, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Іван Фёдаравіч Ладуцька, старшыня раённага Савета ветэранаў. Віншавалі кветкамі, зычылі здароўя, шчасця, бадзёрасці.
Асабліва ўдзячны ёй аднавяскоўцы за дзейнасць на пасадзе старшыні ветэранскай арганізацыі Лядзенскага сельсавета. Уваходзіць у яе склад 206 чалавек. Пры актыўным удзеле Клаўдзіі Адамаўны тут дзейнічаюць валанцёры. Восем добраахвотнікаў з ліку жвавых пенсіянераў даглядаюць адзінокіх суседзяў. Наведваюць, цікавяцца здароўем, расказваюць навіны, дапамагаюць па хатніх справах, частуюць прысмакамі. Ветэраны працы з вёскі Луч сумесна са старастай Таццянай Пятроўнай Міхіевіч, вучнямі Лядзенскай школы даглядаюць магілу Героя Савецкага Саюза, ураджэнца вёскі Бярозаўка Казачэнкі Мікалая Міхайлавіча. Сваякі Героя з Расіі падчас наведвання Чэрвеньскага раёна летам 2016 года былі прыемна ўражаны парадкам, чысцінёй на месцы пахавання родзіча.
Клаўдзія Адамаўна Міхіевіч – даўні чытач і аўтар артыкулаў у раённай газеце. Прыгожа, шчымліва, па-свойску піша яна пра суседзей, калег, навіны вёскі.
Віншуем з юбілеем, жадаем доўгіх гадоў жыцця, актыўнасці, радасці, чакаем новыя лісты і навіны.

Галіна ГАМЕЗА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *