30-31 студзеня ў Мінску адбыўся III рэгіянальны форум «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства»

Общество

АСНОЎНАЕ ПРА ПАДЗЕЮ
30-31 студзеня ў Мінску адбыўся III рэгіянальны форум «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства». Яго арганізатары — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі. Актыўны ўдзел у працы форума прынялі каля 150 журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў, сярод якіх быў і карэспандэнт «Раённага весніка». Двухдзённая праграма была насычанай, цікавай і карыснай.
У рэспубліканскім Доме прафсаюзаў адбылося пленарнае паседжанне, у якім удзельнічалі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл ОРДА, яго намеснік Алена МАНКЕВІЧ, начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Таццяна ХМЕЛЬ, журналісты і старшыні раённых аб’яднанняў прафсаюзаў.
У сваім звароце да ўдзельнікаў Міхаіл ОРДА назваў форум камунікатыўнай пляцоўкай для адкрытага дыялогу, дзе можна абмеркаваць найбольш значныя для грамадства тэмы. У фармаце гэтага дыялогу ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні дзейнасці прафсаюзных арганізацый і механізмы ўзаемадзеяння са СМІ.

НАВОШТА МЫ ПРАФСАЮЗАМ, альбо МЫ – ІХ РУПАР
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — самая масавая грамадская арганізацыя краіны, аб’ядноўвае звыш 4 з паловай мільёнаў чалавек (95 працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва). Сродкі масавай інфармацыі дапамагаюць грамадству даведацца аб падзеях, якія адбываюцца ў прафсаюзным руху, аб праблемах, што ўзнікаюць, і аб тым, як гэтыя праблемы вырашаюцца. Акрамя таго, рэгіянальныя СМІ сёння самі дапамагаюць вырашаць сацыяльныя праблемы на месцах. Аб гэтым гаварыў Міхаіл ОРДА ў сваім выступленні.
— Мы расказваем журналістам аб дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — дадала намеснік старшыні ФПБ Алена МАНКЕВІЧ. – Паведамляем, з якімі ініцыятывамі выступаем, якіх дасягнулі вынікаў па абароне правоў працоўных. У сваю чаргу, журналісты, знаходзячыся ў цэнтры ўсіх раённых падзей, дапамагаюць нам пазнаёміцца з жыццём у рэгіёнах, даведацца, з якімі праблемамі сутыкаюцца іх землякі.
Начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Таццяна ХМЕЛЬ зазначыла, што ў супрацоўніцтве СМІ і прафсаюзаў закладзены велізарны патэнцыял сацыяльнага партнёрства:
-Сёння пагадненне паміж органамі ўлады, наймальнікамі і прафсаюзамі — адна з найважнейшых задач дзяржавы. Менавіта сродкі масавай інфармацыі павінны дапамагчы людзям разабрацца ў пагадненні, паказаць ролю і функцыі аднаго з буйнейшых грамадскіх аб’яднанняў краіны.

НАВОШТА НАМ ПРАФСАЮЗЫ, альбо ЯНЫ — НАШ ХЛЕБ
У прафсаюзным жыцці адбываецца мноства падзей. Кожная з такіх падзей – інфармацыйны повад для напісання газетнага матэрыяла. Цеснае супрацоўніцтва з прафсаюзнымі лідэрамі на месцах, веданне сітуацыі, асабістыя таварыскія сувязі, зацікаўленасць у праўдзівай інфармацыі і якасным данясенні яе да чытачоў дае журналісту магчымасць быць заўжды забяспечаным цікавай работай, карыснай і для аўтара, і для грамадства.
Вось, напрыклад, шэраг праблем, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні і да якіх наша газета плануе звярнуцца ў хуткай будучыні, каб больш шырока распавесці аб іх чытачам Чэрвеньшчыны:
— плюсы і мінусы плануемых змяненняў у кантрактнай сістэме найму (з работнікамі, якія працяглы тэрмін працуюць добрасумленна, прапануецца заключаць кантракт як мінімум на 3 гады ці пераходзіць на бестэрміновыя ўмовы працы);
— шляхі падтрымкі працаўнікоў тых прадпрыемстваў, што сутыкнуліся з часовымі праблемамі (банкроцтва, санацыя, скарачэнне штатаў, змена формы уласнасці і г.д.). Для іх можа быць створаны так званы кампенсацыйны фонд. Па прапанове ФПБ гэтыя пытанні цяпер разглядаюцца ў Савеце Міністраў;
— стварэнне новых працоўных месцаў (на думку прафсаюзаў, значны рэзерв маецца ў турыстычнай сферы);
— правы і абавязкі маладых спецыялістаў;
— пенсійнае забеспячэнне;
— сацыяльныя гарантыі спецыялістам, занятым у лічбавай эканоміцы.
Журналісты рэгіянальных і абласных сродкаў масавай інфармацыі атрымалі на форуме Граматы і Падзякі ад Федэрацыі прафсаюзаў і Міністэрства інфармацыі за шматбаковае асвятленне прафсаюзнага жыцця. Прадстаўнікі ФПБ прапанавалі правядзенне рэспубліканскага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ пытанняў дзейнасці прафсаюзаў. Міністэрства інфармацыі падтрымала ініцыятыву. Так што, паважаныя члены прафсаюзаў і лідэры пярвічак, спяшайцеся падаць нам свой інфармацыйны повад – і ён абавязкова стане матэрыялам для публікацыі!

ТУРЫСТЫЧНАЯ ВЫСТАВА
Давялося разам з удзельнікамі форуму наведаць турыстычную выставу «Профтур — 2018». Тут быў прадстаўлены шырокі турыстычны патэнцыял Беларусі і замежныя тураператары з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Літвы, Расіі, Украіны. Можна было адшукаць адпачынак на любы густ: анімацыйныя туры выхаднога дня на базах «Беларустурыста»; санаторныя паслугі; экскурсіі па Беларусі; экскурсіі за мяжу; адпачынак у аграсядзібе; паездкі на мора; гастранамічныя туры; прамысловы турызм.
Дарэчы, апошні сёння вельмі актуальны сярод замежных турыстаў, папулярнасць экскурсій на беларускія прамысловыя прадпрыемствы расце. Хацелася б на наступнай аналагічнай выставе ўбачыць і родную Чэрвеньшчыну: ці не ў нас ёсць, напрыклад, адзіная ў Беларусі фабрыка па вырабу валёнак? Як бы добра глядзелася яе прадукцыя на той выставе!.. І ад пакупнікоў бы адбою не было, і, думаю, ад заявак на экскурсіі.

БУРДА І ЯГО…ІКРА
«Адмецінкай» выставы стаў вядомы тэлевядучы і інтэлектуал, знаёмы многім па тэлегульням элітарнага клуба «Што? Дзе? Калі?» Барыс БУРДА. Ён правёў кулінарны майстар-клас і пазнавальную віктарыну.
Мне, як іграку ў “ЧДК”, было асабліва цікава ўбачыць жывога Бурду, узяць аўтограф, крыху пагутарыць, паадказваць на пытанні. Дарэчы, ніводнага прызу не атрымала – але і недакладныя адказы вядучы “афармляў” у нейкія зусім някрыўдныя, вясёлыя фармуліроўкі)) Давялося паспрабаваць і кулінарны “піск” мэтра – бутэрброды з чырвонай ікрой, шынкаванай цыбуляй і смятанай. Тут нашы меркаванні, прызнацца, разыйшліся – застануся прыхільнікам класікі: масла, ікра, батон… А аўтограф зберагу, на відным месцы змяшчу: усё ж такі легенда!..

МАЙСТАР-КЛАСЫ
Укід, тролінг, скрыты тролінг, жаўцізна, фэйкавыя старонкі, фэйкавыя групы, дэструктыўныя сайты, акаўнты-боты, як не весціся, што супрацьпаставіць, выстройванне адносін, імідж, топавыя навіны – адным з самых насычаных па інфарматыўнасці, сучаснасці і карыснасці майстар-класаў было выступленне намесніка старшыні ФПБ Алены МАНКЕВІЧ. Яна сама журналіст, доўга працавала і ў газеце, і на інтэрнет-партале, выступае дакладна, сцісла, выключна “па тэме”, дае вельмі карысныя прафесійныя рэкамендацыі. “Рэгіянальныя СМІ — крыніца, з якой людзі атрымліваюць інфармацыю аб рэальнай дапамозе прафсаюзаў, -зазначыла Алена МАНКЕВІЧ. — Гэтым выданням давяраюць, яны карыстаюцца павагай. Наша задача — быць аўтарытэтнымі каментатарамі, распавесці чалавеку, як узнікшую праблему можна аператыўна вырашыць, а пры неабходнасці ўмяшацца ў канфліктную сітуацыю”.
Журналісты раённых СМІ шмат карыснага ўзялі для сваёй работы і з майстар-класаў галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Паўла СУХАРУКАВА, рэдактара «Сельскай газеты» Сяргея МІХОВІЧА, рэдактара інфармацыйнага партала ФПБ 1prof.by Аляксея ПАШКЕВІЧА.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *