Паэты — у госці да нас

Культура

Выдатным навагоднім падарункам для сяброў літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, які працуе пры Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, стала сустрэча з вядомымі беларускімі творцамі – паэтам Леанідам Дранько-Майсюком і бардам, галоўным рэдактарам часопіса “Верасень” Эдуардам Акуліным.
Адразу ж прыгадалася, што гэты творчы дуэт ужо завітваў у Чэрвень сем гадоў таму. Ад сустрэчы ў 2010 годзе, як у саміх паэтаў, так і ў тых, хто на ёй прысутнічаў, засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Таму гэтым разам аўдыторыя вітала гасцей, як старых добрых знаёмых. Нязмушаная атмасфера імпрэзы спрыяла шчырым стасункам паміж выступоўцамі і залай.

У якасці эстрадна-віншавальнага ўступу, Леанід Дранько-Майсюк прачытаў некалькі сваіх вершаў, што сталі песнямі. Сярод іх – усім вядомая “Полька беларуская”, створаная ў супрацоўніцтве з кампазітарам Ігарам Лучанком, якую выконвае ансамбль “Сябры”.

Цікава прэзентаваў Леанід Дранько-Майсюк сваю дакументальную аповесць пра Максіма Танка “…Натуральны, як лінія небасхілу”, прымеркаваную да 105-годдзя з дня яго нараджэння. Прачытаўшы ўсе кнігі, прысвечаныя Народнаму паэту Беларусі, будучы аўтар аповесці заўважыў, што перыяд яго жыцця і творчасці ў трыццатыя гады недастаткова даследаваны. Таму Леанід Дранько-Майсюк скіраваўся ў Вільню і знайшоў у архівах дакументы з крымінальных спраў, якія польская ўлада заводзіла супраць Максіма Танка за яго вершы і грамадскую дзейнасць: пратаколы допытаў, каліграфічных экспертыз, канфіскаваныя рукапісы.

– Чытаючы дакументы, на падставе якіх была створана аповесць “…Натуральны, як лінія небасхілу”, я ўбачыў нашага паэта маладым, прыгожым, смелым, сапраўдным героем Галівуду – бландзінам з блакітнымі вачыма, – распавёў аўтар. – Адчуў, як годна трымаўся ён на допытах, на судзе, як спрыяў, каб пад удар не трапілі яго сябры…
Адметным штрыхом намаляваў Леанід Дранько-Майсюк у кнізе знаходлівасць Максіма Танка. Абвяргаючы абвінавачванні ў напісанні невялікай паэмы, якая нібыта зневажала рэлігійныя пачуцці вернікаў, і за якую яму пагражала пяцігадовае турэмнае зняволенне, паэт прыдумаў цэлую гісторыю. Нібыта гэты твор напісаў не ён, а… Кандрат Крапіва. Натуральна, што польскія ўлады не мелі магчымасці дапытаць ужо даволі вядомага ў той час савецкага пісьменніка, бо ён знаходзіўся па той бок мяжы…

Яшчэ адно выданне, пра якое распавялі на сустрэчы Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін – часопіс “Верасень”. Калі паэты мінулым разам прыязджалі ў Чэрвень, ён толькі пачынаў выдавацца, а за час, што прайшоў, ужо выйшла сямнаццаць нумароў.

Адметнасць часопіса ў тым, што аснову яго зместу складаюць творы маладых талентаў з усёй краіны, якія пішуць вершы і прозу па-беларуску. У кожным нумары “Верасень” адкрывае да дзесяці новых імёнаў. А яшчэ тут друкуюцца цікавыя матэрыялы пра музыку, пераклады, публіцыстыка, творы вядомых паэтаў і пісьменнікаў.

– Калі мы па просьбе Таварыства беларускай мовы пачыналі гэты праект, то, шчыра кажучы, я не думаў, што ў часопіса будзе доўгае жыццё, – распавёў Эдуард Акулін. – Бо на выданне кожнага нумара трэба знаходзіць грошы, а гэта дужа няпроста. І вельмі прыемна, што часопіс застаецца ў тым фармаце, у якім першапачаткова быў задуманы.
Адмысловую ўвагу Эдуард Акулін звярнуў на мастацкае афармленне часопіса. Паводле яго слоў, пры стварэнні “Верасня” быў рэалізаваны эстэтычны дэвіз Максіма Багдановіча – “Краса і сіла”. Гэта значыць, што часопіс не толькі змястоўны, але і прыгожы. Сярод адметных элементаў афармлення – фотаздымкі аўтараў-пачаткоўцаў памерам на ўсю старонку, рэпрадукцыі карцін маладых мастакоў…

Імпрэза таксама запомнілася лірычнымі аўтарскімі песнямі ў выкананні Эдуарда Акуліна і дасціпнай пародыяй сябра літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” пісьменніка Генадзя Аўласенкі на адзін з вершаў Леаніда Дранько-Майсюка. Напрыканцы кожны меў магчымасць набыць прэзентаваныя падчас сустрэчы творы і атрымаць аўтографы паэтаў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Падчас сустрэчы сябра літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» Уладзімір АДАМОВІЧ перадаў паэту аркуш са сваімі пытаннямі. Атрымалася адмысловае бліц-інтэрв’ю.

ВОСЕМ ПЫТАННЯЎ ЛЕАНІДУ ДРАНЬКО-МАЙСЮКУ

— У чым перавага паэзіі перад іншымі жанрамі?
— Раней бы я адказаў на гэтае пытанне так: мова паэзіі больш сціслая і больш выразная. А цяпер ужо я так і не сказаў бы. Бо ўсвядоміў, што кожны жанр па-свойму арыгінальны, па-свойму неабходны: і верш, і п’еса, і раман, і аповесць.

— Ці здольны Дранько-Майсюк на экспромт, імправізацыю?
— Вершы, якія імгненна нараджаліся на ўзроўні чатырох-васьмі радкоў, у мяне былі. Для гэтага патрэбна, каб твой настрой супаў з тым, што вакол цябе.

— Вы яшчэ ў “эміграцыі”, ці ўжо не?
— Тут, мабыць, намёк на мой верш “Эмігрант”, які быў напісаны ў 1988 годзе… Дарэчы, ён пачынаўся, як імправізацыя. Будучы рэдактарам кнігі Пімена Панчанкі, я ехаў да яго дадому, каб удакладніць нейкія праўкі ў рукапісе. І ў аўтобусе стаў “сам з сабою размаўляць”:
Сто англій і дзвесце францый
Ніякай сваёю сілай
Не зробяць з мяне эмігранта,
А наша жыццё зрабіла…
Не, я ўжо не ў эміграцыі. Гэта тады мне так здавалася. Я проста шчаслівы, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Шчыра кажу. І лепшай краіны за Рэспубліку Беларусь няма на свеце. Усё нашае, і маё таксама, менавіта тут.

— Ці трэба на паэта ў Маскве вучыцца? Ці не лепш самавукам?
— Вучыцца трэба ўсяму, у тым ліку – і літаратуры. Вучоба – вялікая справа. І шанцуе таму, у каго добрыя настаўнікі. Мне пашанцавала: і ў школе былі добрыя настаўнікі, і ў савецкай арміі былі добрыя камандзіры і ў Літаратурным інстытуце ў Маскве былі проста выдатныя выкладчыкі.

— Як наконт сэрцаедства на сённяшні дзень?
— Дзякуй Богу, што з’явіўся той жыццёвы вопыт, які дапамагае на самога сябе глядзець з усмешкай, гумарам, іроніяй. Бо, калі табе трыццаць гадоў, ты сам сабе здаешся каралём. А, калі твой мастацкі і жыццёвы вопыт супадаюць, то тады ты ўжо можаш цвяроза ацэньваць свае магчымасці. Але ж, па-шчырасці, жаночае хараство я магу і сёння ацаніць.

— Што можна сказаць пра меліярацыю Палесся сёння?
— Максім Танк, пра якога я напісаў кнігу, меліяратараў называў “душагубы прыроды”. Я не думаю, што ён меў на ўвазе таго, ці іншага экскаватаршчыка, людзей, якія цяжка працавалі і цяжка здабывалі капейку, каб прынесці яе ў сям’ю, выгадаваць дзяцей. Ён казаў пра тое, пра што мы думаем: знішчана прырода, знішчана маё Палессе. Мой родны Давыд-Гарадок стаяў на дзесяці рэках. У выніку меліярацыі ўсе гэтыя рачулкі зніклі. Гарынь была ў шырыню 130 метраў, па ёй хадзілі параходы. А цяпер гэта не рака, а інвалід… Праедзьце па ўсёй Беларусі: стаіць знак з назвай ракі, а ад яе нітачка засталася. Можна скласці мартыралог рэк, што загінулі. Гэта – страшная трагедыя.

— Якія беларускія неалагізмы ў Вас з’явіліся?
— Напрыклад, прыстасаванне для спампоўвання і чытання кніг са “страшнай” англійскай назвай “ридер” я вызначыў для сябе як “чытнік”. А “камп’ютар” для мяне – “асветар”.

— Ці пішаце Вы на заказ?
— Здараецца. Гадоў дваццаць таму я зайшоў у адну з мінскіх аптэк. А там аптэкарка, якая пазнала мяне, кажа: “Спадар Леанід, я заўтра іду на срэбнае вяселле да сяброўкі. Хачу павіншаваць яе менавіта на беларускай мове. Ці маглі б Вы напісаць такое віншаванне?”. Ну, добра, кажу. Запытаўся, як зваць сяброўку, яе мужа, дзетак. І, стоячы ля шырокага вакна, напісаў віншаванне… Літаральна праз два дні жанчына папрасіла зайсці да яе. І з пад прылаўка мне – пляшку спірту (а часы такія былі, што ўсё – у дэфіцыце, па талонах!). Я кажу: “За што?”. А яна: “Ой, так усім спадабалася віншаванне. Я была самай арыгінальнай на свяце!”…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *