«Наш жывёлавод» — на ферме «Дамавіцк»

Аграрный сектор

Адной з запамінальных і знакавых падзей у жывёлагадоўлі раёна за мінулы год стала рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Яна мела на мэце дайсці да кожнай фермы, незалежна ад яе вытворчых паказчыкаў, правесці гутаркі ў працоўных калектывах, адзначыць лепшых работнікаў.

Падчас сустрэчы на ферме

Падчас акцыі, якую падрабязна асвятляў “Раённы веснік”, былі наведаны 32 фермы гаспадарак раёна, узнагароды атрымаў 61 жывёлавод. Сёлета добрае пачынанне атрымала працяг.

Міхаіл Бода ўручае ўзнагароду аператару машыннага даення кароў Святлане Куздэрка

На Чэрвеньшчыне старт акцыі “Наш жывёлавод” быў дадзены напрыканцы мінулага года, калі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Валевачы” прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод аператараў машыннага даення кароў. А ў новым годзе першым адрасам, куды яна завітала, стала МТФ “Дамавіцк” эксперыментальнай базы “Натальеўск”.
Пасля леташняй мадэрнізацыі шляхам будаўніцтва новага хлява і сучаснай даільнай залы з устаноўкай “Паралель”, мясцовыя жывёлаводы займелі не толькі палёгку ў працы за кошт ўдасканалення тэхналогіі вытворчасці малака, але і выдатныя бытавыя ўмовы. У прыватнасці, тут ёсць прасторны пакой адпачынку, які абстаўлены новай мэбляй, вырабленай пад заказ Чэрвеньскім дрэваапрацоўчым камбінатам, душавы пакой, кабінеты спецыялістаў. А літаральна напярэдадні акцыі падарункам ад наймальнікаў стала новая пральная машына.

Ларыса Ефіменка ўзнагароджвае аператара машыннага даення кароў Ніну Ласіцу

На сустрэчу з калектывам фермы завіталі старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода, старшыня Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Ефіменка і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Алеся Глінкова. Падчас нязмушаных стасункаў за кубкам гарбаты гаворка ішла пра нялёгкую працу жывёлаводаў, якія заслугоўваюць нашмат большага шанавання. Выказваючы шчырыя словы павагі работнікам фермы, госці пажадалі, каб гаспадарка, якая з’яўляецца адной з лепшых не толькі ў раёне, але і на Міншчыне, і надалей дынамічна развіваліся, а МТФ “Дамавіцк” памнажала яе набыткі.
Удзячныя лісты абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя прэміі за шчырую працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву атрымалі брыгадзір фермы Зінаіда Шчэрбач, аператары машыннага даення кароў Вольга Лепеш і Святлана Куздэрка. Падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўныя падарункі ўручаны жывёлаводу Людміле Гоман, аператарам машыннага даення кароў Ніне Ласіцы і Наталлі Сабашкінай.
Завяршылася сустрэча выступленнем самадзейных артыстаў з Грабёнкі, якія, як і летась, у сяброўстве з прафсаюзамі дораць добры настрой падчас акцыі “Наш жывёлавод”.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *