Лепшае, вядома, наперадзе…

Спорт

Дзявочая футбольная каманда “Асторыя” (Чэрвень) упершыню ўзяла ўдзел у спаборніцтвах.

Як распавядаў “Раённы веснік”, група дзяўчат і дзяўчынак, пераважная большасць якіх вучыцца ў трэцяй гарадской школе, адгукнуўшыся на прапанову трэнера Максіма Шалабнёва, напрыканцы мінулай восені пачала збірацца ў спартыўнай зале гэтай навучальнай ўстановы, а крыху пазней – і ў спартыўным комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР. На трэніроўках, якія праводзяцца чатыры разы на тыдзень, спасцігалі азы футболу, тэхніку валодання мячом, умацоўвалі фізічную форму, а таксама спрабавалі гуляць паміж сабой, падзяліўшыся на дзве каманды. І вось, усяго праз паўтара месяца з часу першага збору, у іх з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў сапраўдных спаборніцтвах. У пярэдадзень Новага года чэрвеньская “Асторыя” (Вольга Мурашка, Таццяна Мурашка, Ганна Зяневіч, Дар’я Варкенцін, Карына Канапелька, Ульяна Цітко, Анастасія Забаўская, Маргарыта Харытановіч, Наталля Задзіран, Дыяна Іваненка і Ксення Ладуцька) выправілася на традыцыйны Калядны турнір у Мар’іну Горку.
У гутарцы перад стартам спаборніцтваў Максім Шалабнёў адразу папярэдзіў, што нічога звышнатуральнага ад яго выхаванак чакаць не варта. І не толькі таму, што наша каманда не мае абсалютна ніякага досведу гульняў, а яшчэ і таму, што сярод сапернікаў пераважаюць мацнейшыя каманды, футбалісткі якіх гуляюць у чэмпіянаце краіны і нават выступаюць за зборную Беларусі. Але дзе, як не на падобных турнірах, вучыцца гуляць у футбол?
Пацвярджэннем слоў трэнера стала першая ж гульня нашых дзяўчат з камандай Маладзечна. Пратрымацца на роўных з саперніцамі ім удалося ўсяго некалькі хвілін. А потым адсутнасць вопыту і вельмі моцнае хваляванне зрабілі сваю справу. Як вынік, паражэнне – 0:9.
У другім матчы, з камандай Асіповічаў, чэрвеньскія футбалісткі адчувалі сябе ўжо больш упэўнена. І хаця забіць не ўдалося (а інакш – не пераможаш!), зладжана згуляўшы ў абароне, прапусцілі ўсяго двойчы.
А ў трэцяй сустрэчы, з будучымі пераможцамі турніру, камандай Мар’інай Горкі, “Асторыя” і ўвогуле ледзь не стварыла сенсацыю! Першы тайм дзяўчаты, дзякуючы дакладнаму ўдару Ульяны Цітко ў “дзявятку”, выйгралі з лікам 1:0. І толькі пасля перапынку гаспадыні пляцоўкі за кошт вопыту здолелі змяніць ход гульні і перамагчы – 4:1.
На апошні матч у нашых дзяўчат па-просту не хапіла маральных і фізічных сіл. Удзел у турніры “Асторыя” завяршыла паражэннем ад равесніц са Старых Дарог – 0:7.
Вось такімі выдаліся дэбютныя спаборніцтвы для чэрвеньскай дзявочай футбольнай каманды. У гісторыі застануцца першыя паражэнні і першы забіты гол. Праз пэўны час да “Асторыі” прыйдзе і першая перамога. І, канешне ж, яна будзе не адзінай.
Як спяваецца ў вядомай дзіцячай песеньцы, “лепшае, вядома, наперадзе”.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *