«Край наш легендарны, ты непараўнаны…»

Общество

Гэтыя словы з песні, якая стала гімнам Мінскай вобласці, вельмі яскрава і дакладна адлюстроўваюць багатае гістарычнае мінулае і самабытнасць Міншчыны.
На працягу некалькіх стагоддзяў славу зямлі мінскай прымнажалі прадстаўнікі шляхетных родаў Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў, Агінскіх, Ваньковічаў, Прушынскіх, Ельскіх, Чапскіх і іншых.
З Міншчынай непарыўна звязаны імёны многіх выдатных дзеячаў культуры і мастацтва: асветніка і гуманіста Сымона Буднага, кампазітараў Станіслава Манюшкі і Міхала Клеафаса Агінскага, выдатных майстроў мастацкага слова Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і многіх іншых.
Наша вобласць – самая вялікая сярод абласцей Беларусі. Яе тэрыторыя – пятая частка ўсёй краіны. Сёння гэта найбуйнейшы рэгіён, дзе засяроджаны магутны навуковы і прамысловы патэнцыял.
Мінская вобласць была ўтворана 15 студзеня 1938 года, а змяненне яе адміністрацыйных межаў працягвалася амаль 30 гадоў – да 1966 года. Сапраўды натхнёнай і шчырай працай жыхароў Міншчыны наш рэгіён заслужыў права звацца цэнтральным. У сэнсе агульнага ўнёску ў развіццё краіны, а не толькі геаграфічнага размяшчэння.
У пачатку 1941 года Мінская вобласць ўяўляла сабой даволі моцны эканамічны рэгіён: працавалі 8460 прамысловых прадпрыемстваў, налічвалася 1962 калектыўныя гаспадаркі. Пашыралася сетка школьнай адукацыі, адкрываліся вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, з’явіліся публічныя бібліятэкі і клубы.
Пачатак вайны быў трагічным: нямецкія захопнікі за 8 дзён акупавалі тэрыторыю вобласці. Разам з рэгулярнай арміяй змагаліся байцы апалчэння з мясцовых жыхароў вёсак і гарадоў вобласці.
Нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі на тэрыторыі вобласці лагеры смерці. Сярод іх Масюкоўшчынскі, Маладзечанскі, Трасцянецкі. 157 вёсак падзялілі трагічны лёс Хатыні.
У вобласці дзейнічалі 3 партызанскія злучэнні, 45 партызанскіх брыгад, якія аб’ядноўвалі 213 атрадаў.
За актыўны ўдзел у партызанскім руху, за мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні народнай гаспадаркі, Мінская вобласць у 1967 узнагароджана ордэнам Леніна. А ў 1970 годзе зноў атрымала другі такі ж ордэн за выкананне задання 8-га пяцігадовага плана па развіццю прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці.
У канцы 80-х гадоў дасягнулі свайго росквіту навука, культура, адукацыя, ахова здароўя. 13 студзеня 1998 года за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці і ў сувязі з 60-годдзем з дня ўтварэння Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мінскай вобласці быў прысуджаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
Дзень сённяшні сталічнага рэгіёну таксама напоўнены стваральнай працай. Вялікагрузныя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, унікальныя прыборы і вузлы для сучаснай авіяцыйнай і трактарнай тэхнікі, канкурэнтаздольная лёгкая і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Штогод працаўнікі аграпрамысловага комплексу робяць значны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай, расце вытворчасць мясной, малочнай і іншай прадукцыі. На Міншчыну прыпадае 15 працэнтаў усёй прамысловай вытворчасці краіны, чвэрць – сельскагаспадарчай. Актыўна развіваецца сацыяльная сфера, нараджаюцца буйныя культурныя ініцыятывы.
Важныя сучасныя акцэнты – развіццё навуковага патэнцыялу і інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёну. Таму зразумела, што менавіта на Міншчыне паспяхова рэалізуецца самы буйны сумесны праект Беларусі і Кітая, разлічаны на дзесяцігоддзі, – індустрыяльны парк «Вялікі камень». У стратэгічна ўнікальным месцы – геаграфічным цэнтры Еўропы, на стыку буйнейшых інтэграцый (ЕАЭС, ЕС) і новым Шаўковым шляху ствараецца пляцоўка для работы высокатэхналагічных кампаній з усяго свету.
Міншчына — вялікае і добрае сэрца нашай краіны. Яно б’ецца дакладна, рытмічна, надзейна. Гэта дзякуючы добрасумленнай актыўнай працы яе жыхароў. Міншчына здольна захапіць любога чаловека прыгажосцю сваёй прыроды, унікальнасцю і адметнасцю культуры, шчырасцю і адкрытасцю людзей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *