Узбагаціліся ведамі

Общество

Пытанні арганізацыйнай работы ў дзейнасці прафсаюза, грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, а таксама сацыяльнага партнёрства абмеркаваны на семінары-вучобе для прафсаюзнага актыву раёна.

Удзел у ім бралі старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, загадчык аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольга Камалятдзінава, галоўны прававы інспектар працы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алеся Шпетная, намеснік старшыні, загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя Наталля Зязетка і старшыня Чэрвеньскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна.

Кіраўнік Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі

Кіраўнік Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, падзякаваўшы старшыням прафкамаў за актыўны ўдзел у жыцці грамадзянскай супольнасці, распавёў пра надзённыя клопаты сваёй арганізацыі. Ён, у прыватнасці, заўважыў, што абласное аб’яднанне прафсаюзаў, акрамя грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, калектыўна-дагаворнай дзейнасцю, шмат увагі надае масавай рабоце.

Гэта – фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя мерапрыемствы, дабрачынныя акцыі ў падтрымку дзяцей, конкурсы прафесійнага майстэрства.

Віктар Маліноўскі таксама зазначыў, што прапановы прафсаюзаў па вырашэнню праблемных пытанняў у галіне аплаты працы знаходзяць падтрымку ў сацыяльных партнёраў. Кампраміс дасягаецца шляхам перагавораў. Тым не менш, ёсць праблемы, якія прафсаюзы не могуць вырашыць сваімі сіламі. Таму абласное аб’яднанне дамовілася аб супрацоўніцтве з пракуратурай Міншчыны ў пытаннях, звязаных з парушэннем працоўнага заканадаўства.

Актуальнай задачай сёння з’яўляецца стварэнне новых прафсаюзных пярвічак. Найперш гэта тычыцца прадпрыемстваў і арганізацый прыватнай формы ўласнасці. Паводле слоў Віктара Маліноўскага, такая неабходнасць выклікана занепакоенасцю тым, што без прафсаюза там праблематычна будзе абараняць сацыяльныя правы работнікаў…

Затым вучобу з прафсаюзным актывам правялі запрошаныя на семінар спецыялісты. Вось вытрымкі з іх выступленняў.     

Вольга КАМАЛЯТДЗІНАВА, загадчык аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў:

– Адзін з важных накірункаў дзейнасці прафсаюзнага актыву – інфармацыйная работа. Вы ладзіце шмат разнастайных мерапрыемстваў, але не так часта распавядаеце пра іх на прафсаюзных сайтах, у сродках масавай інфармацыі. Запрасіце да сябе на мерапрыемства карэспандэнта раённай газеты. Работнікам вашай арганізацыі, пра якіх ён напіша, іх родным, сваякам, сябрам будзе вельмі прыемна.

Таксама трэба сачыць за актуальнасцю інфармацыі на стэндах. Калі там вісіць мінулагодні лісток, то каму такі стэнд патрэбны?

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правяла грунтоўны маніторынг справаводства ў пярвічных арганізацыях шэрагу галіновых прафсаюзаў. Сярод найбольш тыповых памылак, якія сустракаліся – адсутнасць на ўліковых картках членаў прафсаюза фотаздымка, звестак аб даце нараджэння, адукацыі, месцах жыхарства і працы, даце ўступлення ў прафсаюз, подпісу старшыні прафкама. А таксама – адсутнасць журнала ўліку бланкаў прафсаюзных білетаў. Памылковым з’яўляецца і напісанне работнікам заявы на ўступленне ў пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Правільна пісаць – у адпаведны галіновы прафсаюз.

Варта звярнуць увагу на тое, што ў кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі павінны быць графік прыёму грамадзян яе старшынёй, Кніга заўваг і прапаноў.

Наталля ЗЯЗЕТКА,намеснік старшыні, загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя:

– Як вядома, калектыўны дагавор, які заключаецца паміж прафсаюзам і наймальнікам, грунтуецца на палажэннях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці сацыяльнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь і з’яўляецца лакальным нарматыўна-прававым актам.

Гэты дакумент павінен быць даступным для азнаямлення кожнаму работніку-члену прафсаюза. Што тычыцца інфармацыйных стэндаў, то на іх не абавязкова вывешваць увесь дагавор. Дастаткова першай старонкі, на якой бачна, што ён падпісаны і зарэгістраваны, а таксама – пераліку асноўных сацыяльных гарантый работніку. Гэта найперш палажэнні аб прэміраванні, аказанні матэрыяльнай дапамогі.

Важна на стадыі падрыхтоўкі калектыўнага дагавора даць магчымасць работнікам кожнага структурнага падраздзялення не толькі ўбачыць праект, але і ўнесці ў яго свае прапановы. Гэтыя прапановы затым павінны быць абмеркаваны на камісіі. У выпадку іх неўключэння ў дагавор, работнікам трэба растлумачыць прычыну.

Калектыўны дагавор – гэта калектыўная творчасць. У яго стварэнні бяруць удзел спецыялісты юрыдычнай, кадравай, бухгалтарска-эканамічнай службаў. Таму і пры падвядзенні вынікаў выканання дагавора яны павінны трымаць справаздачу нароўні са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Алеся ШПЕТНАЯ, галоўны прававы інспектар працы Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў:

– Пры ажыццяўленні намі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы выяўляецца шэраг парушэнняў. У прыватнасці, здараецца, што ў калектыўным дагаворы не прапісаны гарантыі прафсаюзнаму актыву. А менавіта тое, што тэрмін заключэння кантракту са старшынёй прафкама не павінен быць меншым за тэрмін паўнамоцтваў выбарнага органа, а прыцягненне яго да дысцыплінарнай адказнасці або звальненне магчымы  толькі пасля апавяшчэння вышэйстаячай прафсаюзнай арганізацыі. Бо як старшыня прафкама можа абараняць правы работнікаў, калі сам не абаронены?

Таксама нельга забываць, што графікі працоўнага адпачынку павінны зацвярджацца і прадастаўляцца для азнаямлення работнікам да 5 студзеня. Працоўны адпачынак даецца  работніку штогод. У выключных выпадках, калі яго адсутнасць можа адбіцца на дзейнасці арганізацыі, частку адпачынку дазваляецца перанесці на наступны год. Але абавязкова кожны работнік павінен штогод знаходзіцца ў адпачынку не менш за 14 дзён. Нельга пераносіць працоўны адпачынак работнікам маладзейшым за 18 гадоў і работнікам, якія працуюць у шкодных або небяспечных умовах.

Удзельнікі семінара-вучобы задалі некалькі пытанняў выступоўцам. Адно з іх тычылася крыніцы аплаты дадатковых дзён працоўнага адпачынку, якія даюцца паводле ўмоў кантракту, работнікам бюджэтнай сферы. Як растлумачыла Наталля Зязетка, сродкі павінны выдаткоўвацца з пазабюджэтнага фонду, і толькі пры адсутнасці пазабюджэтнай дзейнасці – з бюджэту.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі выказаў спадзяванне, што яно мела практычную карысць для ўдзельнікаў. Ён засяродзіўся на важнасці ролі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ў жыцці працоўнага калектыву.

Віктар Маліноўскі нагадаў, што ў пярэдадзень Новага года прафсаюзам трэба вельмі ўважліва падысці да размеркавання падарункаў, каб выпадкова не забыцца, напрыклад, пра работніц, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Бо такое, на жаль, здараецца.   

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *