Гарбачова замяло, на вакзале — радыяцыя

Общество

Другая палова мінулага тыдня прайшла на Чэрвеньшчыне пад знакам комплексных вучэнняў па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароне. На працягу трох дзён ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі, медыкі, энергетыкі, сувязісты, дарожнікі, камунальнікі, газавікі, прадстаўнікі іншых служб адпрацоўвалі на іх тэарэтычныя і практычныя навыкі дзеянняў у экстрымальных умовах.

Як зазначыў падчас адкрыцця вучэнняў намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксей Вараб’ёў, падобныя вучэнні праводзяцца ў кожным раёне і з’яўляюцца планавымі. А сітуацыі, якія мадэлююцца, распрацаваны арганізатарамі на аснове аналізу рэальнасці іх узнікнення на пэўнай тэрыторыі.

…Раніца серады. Ускраіна вуліцы Гарбачова ў Чэрвені на выездзе ў бок Лядоў пакуль што бязлюдная, але зусім хутка тут разгорнецца сапраўдная бітва за здароўе і жыццё людзей.
Старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Чэрвеньскім райвыканкаме Сяргей Пілінога абвяшчае першую практычную ўводную:

– У выніку выпадзення вялікай колькасці ападкаў у выглядзе снегу, моцнай завірухі, на ўчастку аўтадарогі (рыса Чэрвеня, аўтадарога на вёску Ляды) утварыўся перамёт, з-за якога спыніўся рух аўтатранспарту ў абодвух накірунках. У снегавым заносе апынуўся адзін аўтобус з дзецьмі і пяць легкавых аўтамабіляў. Паміж аўтобусам і адным легкавым аўтамабілем адбылося сутыкненне. У вадзіцеляў трох аўтамабіляў заканчваецца паліва. У адным з легкавых аўтамабіляў знаходзіцца цяжарная жанчына, у якой пачынаюцца схваткі. Тэмпература навакольнага паветра – мінус 15 градусаў…

Хаця насамрэч на вуліцы няма ні ветру, ні снегу, ні марозу, уявіць сабе шаленства стыхіі пасля не так даўно наяве перажытага цыклону “Хаўер” няцяжка. Між тым, экстранныя службы ўжо атрымалі інфармацыю аб “здарэнні”. Здагадацца пра гэта няцяжка па пранізліваму выццю сірэн, якое імкліва нарастае…

Першая машына “Хуткай дапамогі” вырульвае з аб’язной дарогі і пад’язджае да прыпаркаванага на ўзбочыне школьнага аўтобуса. Таго самага, які, паводле легенды, апынуўся ў снегавым заносе. За ёй яшчэ, і яшчэ адна. Брыгады медыкаў аператыўна і кваліфікавана аказваюць “пацярпелым” дзецям (іх ролі выконваюць сямікласнікі трэцяй школы) і “цяжарнай жанчыне” першую дапамогу. Тых, хто “не можа рухацца самастойна”, на насілках транспартуюць у “хуткія”.

Пакуль знаходжуся ў эпіцэнтры падзей, на пэўны час губляю сувязь з рэчаіснасцю: настолькі набліжаны многія дзеянні да рэальнасці. Зрэшты, не я адзін такі. У першыя хвіліны пасля пачатку рэалізацыі сцэнару ўводнай вадзіцель легкавіка, які паспеў заехаць у горад да перакрыцця дарогі на Ляды, разгублена спыніўся ля нас і спытаўся: “Чым дапамагчы?”…
Тым часам, на “месцы здарэння” завіхаюцца іншыя службы. ДАІ арганізоўвае аб’язныя маршруты, дарожнікі гатовыя да расчысткі снегавых заносаў, на дапамогу людзям, што трапілі ў бяду, прыехалі ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі. А работнікі райспажыўтаварыства саграваюць усіх гарачым чаем…

Дзяцей з аўтобуса, якія не пацярпелі, дастаўляюць у “Пункт часовага размеркавання”, што арганізаваны ў чацвёртай школе. Тут іх чакаюць цёплыя коўдры, агляд медыка і гутарка псіхолага. Мы ж з арганізатарамі вучэнняў накіроўваемся ўслед за “хуткімі” ў цэнтральную раённую бальніцу. Тут даводзіцца яшчэ раз згубіць пачуццё рэальнасці. Сустрэча “пацярпелых” выглядае больш чым натуральна: у фае перад прыёмным пакоем сабраўся ці не ўвесь медперсанал бальніцы. І ў кожнага – свой участак “працы”. У лічаныя хвіліны “хворых” размяркоўваюць па характару пашкоджанняў і накіроўваюць па кабінетах: каго – на рэнтген, каго – на УГД…

У другой палове дня на вучэннях адпрацоўваліся яшчэ дзве практычныя ўводныя. І, калі арганізацыя рабочага месца дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях на раённым вузле электрасувязі (па прычыне пашкоджання ліній сувязі пры правядзенні земляных работ) прайшла ціха-мірна і практычна незаўважна для жыхароў Чэрвеня, то сведкамі “надзвычайнай сітуацыі” на гарадскім аўтавакзале сталі многія.

З пачаткам рэалізацыі сцэнару ўводнай, паводле якой у будынку вакзала знойдзена пакінутая без нагляду бляшанка з налепкай “Радыяцыя”, пад’езды да яго па вуліцы Мікалая Зяневіча з абодвух бакоў перакрылі машыны ДАІ. Вакзал, з якога на бяспечную адлегласць эвакуіравалі пасажыраў, ачапілі па перыметру супрацоўнікі міліцыі. На “месца здарэння” былі выкліканы спецыялісты раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі…

З раніцы ў чацвер раён умоўна апынуўся пад уладай ураганнага ветру. Паводле ўводнай вучэнняў, з даху будынка малочнатаварнай фермы на 500 галоў КСУП “Эксперыментальная база “Натальеўск” у вёсцы Натальеўск сарвала 100 лістоў шыферу, пашкоджаны драўляныя элементы крокваў. Адзін чалавек (работнік сельскагаспадарчай арганізацыі) атрымаў траўмы сярэдняй ступені цяжкасці. У выніку ўтварэння наледзі на лініях электраперадач, адбылося падзенне дзвюх апор. Ферма засталася без электраэнергіі.

І зноў – выццё сірэны “хуткай”, аказанне дапамогі “пацярпеламу”. Брыгада камунгаса прыехала рамантаваць пашкоджаны дах. А потым надыходзіць чарга энергетыкаў. Спрактыкаваныя за апошнія гады на рэальнай ліквідацыі наступстваў ураганаў, якія не абмінаюць Чэрвеньшчыну, спецыялісты раённых электрасетак паказалі сапраўдны майстар-клас. Выканаўшы неабходныя падрыхтоўчыя работы, яны “забяспечылі ферму электраэнергіяй” з аўтаномнай крыніцы сілкавання. Дарэчы, перасоўны дызельны генератар рэальна завёўся з паўабарота. Таксама па-сапраўднаму энергетыкі выканалі ўстаноўку на тэрыторыі фермы апоры лініі электраперадач…

Акрамя таго, у чацвер на вучэннях праверылі мабільнасць адпаведных служб, змадэляваўшы ўцечку газу ў пад’ездзе аднаго са шматкватэрных дамоў па вуліцы Мінскай у Чэрвені і аварыю на водаправодзе ля спартыўнага комплексу “Ігумен”. А ў пятніцу была ўдзелена грунтоўная ўвага пытанням грамадзянскай абароны.

Падводзячы вынікі вучэнняў, начальнік аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, сакратар камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Мінаблвыканкаме Дзмітрый Анціпенка асабліва адзначыў зладжаныя дзеянні ва ўяўных надзвычайных сітуацыях супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў, цэнтральнай раённай бальніцы, дарожнай службы. Сярод недахопаў былі названыя несвоечасовае паступленне з месцаў першапачатковай інфармацыі ў цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пэўная разгубленасць работнікаў аўтавакзала і раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пры знаходжанні пакінутай без нагляду бляшанкі з налепкай “Радыяцыя”, недастатковае валоданне неабходнымі ведамі прадстаўніка эксперыментальнай базы “Натальеўск”.

Таксама было адзначана, што не ўдалося на практыцы адпрацаваць уводную, якая тычылася пагрозы прарыву дамбы на Пятровіцкім вадасховішчы з падтапленнем вёсак Адынь, Заполле і Карзуны Смілавіцкага сельсавета. Паводле слоў Дзмітрыя Анціпенкі, прычына гэтага – адсутнасць неабходнай дакументацыі. Вярнуцца да адпрацоўкі названай уводнай плануецца ў першым квартале наступнага года.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *