Ферма «Дамавіцк» стала сучаснай

Аграрный сектор

Пасля далучэння ў кастрычніку 2015 года сельгаспрадпрыемства “Дамавіцк-Агра” да эксперыментальнай базы “Натальеўск” тут пачалі імкліва адбывацца станоўчыя змены ў вытворчасці. Асабліва заўважныя яны ў жывёлагадоўлі. За першы год прадукцыйнасць дойнага статка на малочнатаварнай ферме “Дамавіцк” павялічылася амаль удвая і дасягнула 11 кілаграмаў малака на карову. Сёлета сярэднясутачныя надоі ўзраслі яшчэ на два кілаграмы ў параўнанні з леташнімі.
Адладзіўшы на ферме працу па ўзнаўленню статка, стварыўшы трывалую кармавую базу, “падцягнуўшы” дысцыпліну, у эксперыментальнай базе “Натальеўск” пачалі задумвацца пра ўдасканальванне тут тэхналогіі вытворчасці малака. Відавочнай перашкодай у гэтым былі састарэлыя жывёлагадоўчыя памяшканні і абсталяванне. І вось усяго за паўгода ферма “Дамавіцк” набыла новае прывабнае аблічча не толькі звонку, але і знутры.

Дойны статак у новым будынку фермы

– Калі да нас далучылі “Дамавіцк-Агра”, ад самага пачатку стала зразумелым, што мясцовая ферма не можа існаваць у тым выглядзе, у якім ёсць, – распавядае дырэктар гаспадаркі Алена Махнач. – Але ідэя вырашэння праблемы з’явілася, можна сказаць, спантанна. Калі фарміравалася абласная праграма будаўніцтва на сёлета, мы ўжо мелі праектна-каштарысную дакументацыю на так званы клюшачнік у Дамавіцку. Вопыт узвядзення гэтага тыпу жывёлагадоўчых памяшканняў быў: у 2015 годзе пабудавалі такое ў Дубку, летась – у Калодзежах. Пры вызначэнні месца будоўлі на ферме “Дамавіцк”, намаляваўся ідэальны варыянт: новы клюшачнік размяшчаецца паралельна аднаму з існуючых хлявоў, які рэканструюецца, а паміж імі ўзводзіцца будынак даільна-малочнага блоку. Так і зрабілі.

Хутка асвоіла новы тэхналагічны працэс аператар машыннага даення кароў фермы “Дамавіцк” Святлана Куздэрка

Бадай, адзіным мінусам было тое, што, калі будаўніцтва клюшачніка часткова кампенсавалася бюджэтам (100 тысяч рублёў новымі грашыма з абласнога, плюс – 50 тысяч з раённага, пры агульным кошце каля 250 тысяч рублёў), то па даільна-малочнаму блоку ў праграму дзяржаўнага фінансавання мы не патрапілі. Яго давялося будаваць цалкам за ўласныя сродкі гаспадаркі. Але, дзякуючы эфектыўнай вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, мы змаглі сабе гэта дазволіць. Ды і пастаўшчыкі абсталявання пайшлі насустрач. У прыватнасці, даільную ўстаноўку “Паралель” мы набылі з растэрміноўкай на год, аплаціўшы першапачатковы ўзнос у памеры 30 працэнтаў. На новы васьмітонны халадзільнік таксама атрымалі растэрміноўку плацяжу.
Пра маштабы будоўлі можна меркаваць па адной лічбе: на яе, уключна з двума сянажнымі траншэямі, пайшло 2200 кубічных метраў бетону. Староннія арганізацыі стараліся прыцягваць па мінімуму, каб скараціць выдаткі. Мантаж канструкцый выканала наша ПМК-237, стойлавае абсталяванне, водаправод і ацяпленне манціравала мінская будаўнічая арганізацыя, асфальтавала тэрыторыю ДРБУ-121. Астатнія работы адужалі сіламі ўласнай будаўнічай брыгады і брыгады са Столінскага раёна. Ну, і чэрвеньскае РБУ таксама дапамагала. У выніку па-сутнасці новая ферма на 400 кароў у сярэдзіне кастрычніка пачала працаваць.

Задаволена ўмовамі ўтрымання цялят ветурач Вольга Клындзюк

Канешне, грошай затрачана шмат, паводле папярэдніх падлікаў – каля 1 мільёна рублёў. Але, не сумняваюся, выдаткі акупяцца. Рэнтабельнасць малака ў нас неблагая. Дарэчы, цяпер на ферме “Дамавіцк” ёсць рэзервы для павелічэння прадукцыйнасці дойнага статка да 17-18 кілаграмаў…
…Да таго, што распавяла Алена Махнач, варта дадаць: дбаючы пра ўдасканаленне тэхналогіі вытворчасці на новай ферме, тут, натуральна, не забыліся і пра ўмовы для людзей. Ёсць душавая, прасторны гардэроб з зонай адпачынку, малочная лабараторыя, кабінеты спецыялістаў. Усе пакоі абстаўлены новай мэбляй у прыгожай колеравай гаме, якую пад адмысловы заказ вырабіў Чэрвеньскі дрэваапрацоўчы камбінат.
Паклапаціліся на ферме і пра азеляненне тэрыторыі, высадзіўшы тут больш за паўсотні туй: 15 саджанцаў – падарунак эксперыментальнай базе “Натальеўск” за перамогу ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванню, астатнія набылі ў Чэрвеньскім лясгасе.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *