Ульяна, Аня, Насця і яшчэ дванаццаць дзяўчат хочуць гуляць у футбол

Спорт

Пройдзе час, і 14 лістапада 2017 года ўвойдзе ў багатую традыцыямі і вядомымі імёнамі спартыўную гісторыю нашага раёна, як дзень нараджэння жаночага футбола на Чэрвеньшчыне. Бо менавіта ў аўторак мінулага тыдня ў гарадской СШ №3 сабраліся на першую трэніроўку дзяўчаты і дзяўчынкі, якія зацікавіліся размешчанай у сацыяльнай сетцы “УКантакце” прапановай трэнера Максіма Шалабнёва.
Сам ініцыятар стварэння ў Чэрвені дзявочай каманды – не навічок у гэтай справе.

На працягу двух гадоў ён паспяхова развіваў папулярны ў свеце, але пакуль яшчэ не дужа раскручаны ў Беларусі від спорту, працуючы ў дзіцяча-юнацкай школе пярвічнай арганізацыі прафсаюза СВК “Агракамбінат Сноў” Нясвіжскага раёна. За гэты непрацяглы час яго выхаванкі станавіліся прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Пры гэтым перамагалі каманды Салігорска, Слуцка, Гродна, Бабруйска.
Сёлета напрыканцы кастрычніка Максім Шалабнёў па сямейных абставінах мусіў вярнуцца на радзіму ў Чэрвень. Паколькі ў мясцовай СДЮШАР навучальны год пачаўся ўжо, планы адкрыць тут групу жаночага футбола давялося перанесці да наступнага верасня. Але ініцыятыву трэнера падтрымаў старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Прыступа. Хаця і не без цяжкасцяў, удалося знайсці пляцоўку для трэніровак – памянёную ўжо спартыўную залу трэцяй школы.
Ідучы на першую трэніроўку, Максім хваляваўся: ці атрымаецца што, ці шмат будзе жадаючых займацца футболам? Але вось у прызначаны час гучыць каманда на пастраенне, і на трэнера пазіраюць чатырнаццаць пар цікаўных дзявочых вачэй.
Падчас знаёмства Максім старанна занатоўвае ў блакнот імя, прозвішча і месца вучобы кожнай будучай выхаванкі. Высвятляецца, што пераважная большасць – з трэцяй школы, а яшчэ ў шарэнзе навабранак… дзве маладыя настаўніцы.
Далей – фота на памяць і для гісторыі, прабежка па зале, практыкаванні на вестыбулярны апарат, каардынацыю рухаў, уменне ўзаемадзейнічаць у пары. Затым – праца з мячом, і, нарэшце, некалькі хвілін гульні. Дзяўчаты весела бегалі па зале, дэманструючы, хто на што здольны, а трэнер толькі паспяваў уварочвацца ад іх, заскокваючы на лавачку, і па ходу тлумачыў, што трэба рабіць у атацы і абароне. А ўжо калі забілі першы гол, радасці не было межаў! І апошняе выпрабаванне, праз якое прайшлі ўсе – паспрабаваць адбіць мяч, стоячы на варотах.
– Усё атрымалася нават лепш, чым я чакаў, – падзяліўся ўражаннямі ад першай трэніроўкі Максім Шалабнёў. – Працы для мяне, канешне, шмат, але, галоўнае, бачу ў дзяўчат жаданне займацца. Вось сёння хтосьці галавой удала згуляў, у кагосьці ўдар атрымаўся, хтосьці праявіў сябе на варотах. Кожны, нават самы малы поспех, важны для іх…
Са станоўчымі эмоцыямі пакідалі залу і ўдзельніцы заняткаў. Сярод іх – дзесяцікласніца Руднянскай школы Ульяна Цітко:
— У вёсцы гуляю ў футбол разам з хлопцамі. Сярод дзяўчат больш аматарак няма, толькі я і мая сяброўка. Яна таксама збіраецца наведваць трэніроўкі. А дахаты ўвечары калі тата будзе забіраць, калі на маршрутцы ездзіць будзем.
Першая трэніроўка спадабалася, толькі пабольш пагуляць хацелася….
Аня Зяневіч, дзесяцікласніца трэцяй школы, сур’ёзна займаецца валейболам. З прыходам у футбольную групу яе тыдзень цалкам будзе запоўнены спартыўнымі заняткамі:
— Трэніравалася сёння з задавальненнем… Практыкаванні падаліся мне няцяжкімі. Але ж, зразумела, гэта толькі пачатак. Задавальнення дадало тое, што мы сёння перамаглі ў гульні. Я нават свой першы ў жыцці гол забіла! Буду распавядаць сяброўкам. Можа, і яшчэ хто зацікавіцца.…
Па шасцікласніцу Насцю Забаўскую прыйшлі напрыканцы трэніроўкі мама з малодшым братам Андрэйкам.
— Няхай ходзіць, галоўнае, каб падабалася, – кажа яна. – Мы таксама сям’ёй дома любім мяч паганяць…
…Калі гэты матэрыял быў падрыхтаваны да друку, я патэлефанаваў Максіму Шалабнёву, каб даведацца, што новага адбылося ў чэрвеньскім дзявочым футболе за тыдзень.
– Я зараз у Мінску, якраз футбольную форму для дзяўчат набываю, – распавёў ён. – Мае выхаванкі захацелі, каб усё прыгожа было: эмблема, назва каманды (доўга вырашалі і, здаецца, спыніліся на “Асторыі”), прозвішчы на майках… Набыў адзінаццаць камплектаў. Пакуль што за свае грошы. Разумею, што на бюджэтнае фінансаванне разлічваць зараз не выпадае… Але быццам бы бацькі не супраць паўдзельнічаць матэрыяльна. І гэта тады будзе асабістая форма дзяўчат, якая ім застанецца.
Ёсць і яшчэ навіны. Дзяўчат на трэніроўках не паменшала, а нават крыху пабольшала. Таксама мы атрымалі магчымасць, акрамя трэніровак у трэцяй школе, двойчы на тыдзень займацца ў зале спартыўнага комплексу “Ігумен”.
Ну, і, нарэшце, у планах – удзел у Калядным футбольным турніры, які пройдзе напрыканцы снежня ў Мар’інай Горцы.
Дарэчы, запісацца на заняткі яшчэ не позна. Трэніроўкі праходзяць у СШ №3 (аўторак і чацвер з 16.00 да 17.30) і ў спартыўным комплексе “Ігумен” (субота і нядзеля з 16.00 да 17.30).

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара і Святланы АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *