СУСТРЭЧА З МІНІСТРАМ ІНФАРМАЦЫІ

Общество

Сёння Чэрвеньшчыну наведаў Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч. У рамках Адзінага дня інфармавання на тэму “Развіццё у Рэспубліцы Беларусь прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванне дзелавой актыўнасці” ён сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў рэдакцыі газеты “Раённы веснік”, друкарні і ўстаноў культуры раёна.

Гаворачы пра захады дзяржавы па падтрымцы прадпрымальніцтва, Аляксандр Мікалаевіч, у прыватнасці, зазначыў, што, нягледзячы на невялікія паступленні ў бюджэт падаткаў ад гэтай галіны дзейнасці, яна патрабуе ўвагі і развіцця. Таму падрыхтаваны змены ў заканадаўстве, накіраваныя на лібералізацыю эканомікі. Адпаведны дакумент яшчэ не падпісаны, але ўжо зараз можна назіраць, што істотна скарацілася колькасць праверак аб’ектаў прадпрымальніцтва, для прыватных структур створана спрошчаная сістэма падаткаабкладання.

Пасля завяршэння выступлення Аляксандр Карлюкевіч адказаў на пытанні з залы. Жыхар Чэрвеня Аляксандр Капанец пацікавіўся магчымасцю ўстаноўкі мемарыяльнай шыльды ў гонар нашага земляка, Народнага архітэктара СССР Уладзіміра Караля, на будынку чэрвеньскай гімназіі, у якім ён вучыўся. Як патлумачыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Шчацінка, гэты працэс няхуткі, бо звязаны са шматлікімі ўзгадненнямі, не апошнюю ролю адыгрывае і пытанне фінансавання вырабу дошкі. Аляксандр Карлюкевіч выказаў думку, што зацікаўленасць тут павінна праявіць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, а таксама адзначыў, што пры ўзгадненні праекту не павінна ўзнікнуць праблем.

Сярод іншых на сустрэчы абмеркаваны пытанні развіцця музейнай і бібліятэчнай справы, інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюза Беларусі і Расіі, абмежавання доступу да дэструктыўных крыніц інфармацыі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *