Каманда «ЖКГ-Барыкіна» — пераможца турніру па міні-футболу памяці Яўгена Вараб’я

Спорт

Момант фінальнага матча

Мінулымі выхаднымі ў спартыўным комплексе «Ігумен» Чэрвеньскай СДЮШАР прайшоў традыцыйны, трынаццаты па ліку, турнір па міні-футболу памяці футбольнага трэнера Яўгена Вараб’я.
Выйграла спаборніцтвы каманда «ЖКГ-Барыкіна», якая ў фінале перамагла «АграБокс» — 3:0.

Каманда «ЖКГ-Барыкіна»

Як і ў мінулым годзе, сёлетні міні-футбольны турнір памяці трэнера чэрвеньскага “Коласа” і зборных нашага раёна Яўгена Вараб’я атрымаўся надзвычай масавым. На першым этапе спаборніцтваў на пляцоўку спартыўнага комплексу “Ігумен” выходзілі трынаццаць каманд. Гэта чэрвеньскія “ЖКГ-Барыкіна”, “ПМК-237”, “Будаўнічы ліцэй”, “СДЮШАР-1”, “СДЮШАР-2”, “Футбольная кампанія”, “РАУС”, “РАНС”, “Ветэран”, а таксама калектыў аматараў футбола “Смілавічы”, вясковыя “АграБокс”, “Красная Ніва” і ФК “Плоскае” з Віцебскай вобласці.
У першы дзень каманды спаборнічалі ў чатырох групах. З групы “А”, выйграўшы абедзве свае сустрэчы, у фінал упэўнена выйшаў КАФ “Смілавічы”. У групе “Б”, таксама са стопрацэнтным багажом ачкоў, першае месца занялі мінулагоднія пераможцы турніру – футбалісты “ЖКГ-Барыкіна”. “Футбольная кампанія” з групы “В” таксама без праблем заваявала права прадоўжыць барацьбу ў чацвёрцы мацнейшых. А вось у групе “Г” усе тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Таму давялося лічыць розніцу забітых і прапушчаных мячоў. Лепшай яна аказалася ў каманды “АграБокс”, якая і стала чацвёртай удзельніцай фінальнай часткі турніру.
У нядзелю праграму спаборніцтваў адкрыў паўфінальны матч паміж “Футбольнай кампаніяй” і “АграБоксам”. У першым тайме футбаліст “кампаніі” Алег Сушкевіч адкрыў лік, але вяскоўцы яшчэ да перапынку, дзякуючы дакладнаму ўдару Мікалая Курбанава, аднавілі раўнавагу. Ён жа, аформіўшы дубль за пяць хвілін да фінальнага свістка, вывеў “АграБокс” у фінал – 2:1.
У другім паўфінале сустракаліся “ЖКГ-Барыкіна” і калектыў аматараў футбола “Смілавічы”. Чэрвеньцы адкрылі лік на 5-й хвіліне сустрэчы пасля прыцэльнага ўдару са штрафнога ў выкананні Ігара Шмідава. І, нягледзячы на ўсе намаганні смілаўчан адыграцца, здолелі захаваць мінімальную перавагу да фінальнага свістка – 1:0.
Няўдачу ў паўфінале ігракі КАФ “Смілавічы” кампенсавалі выніковай гульнёй у матчы за трэцяе месца, дзе без праблем разабраліся з “Футбольнай кампаніяй” – 6:2. У смілаўчан па два мячы забілі Яўген Камісаранка і Андрэй Суша, па аднаму – Віталь Палтаржыцкі і Ігар Шчурко. У чэрвеньцаў вызначыліся Кірыл Фофанаў і Алег Сушкевіч.
У фінале спаборніцтваў “ЖКГ-Барыкіна” ўпэўнена перайграла “АграБокс” – 3:0 – і, такім чынам, пакінула ў сябе пераходны Кубак яшчэ на год. Адметна, што ўсе тры мячы ў гэтай сустрэчы – на рахунку Дзмітрыя Чыстага. А Аляксандр Курыловіч, зноў захаваўшы свае вароты ў недатыкальнасці, стаў адзіным галкіперам, які не прапусціў на турніры ніводнага мяча.
За каманду “ЖКГ-Барыкіна”, акрамя названых ігракоў, таксама выступалі Ігар Шмідаў, Мікалай Свірыдовіч, Сяргей Сасункевіч, Аляксей Шымановіч, Дзмітрый Новік, Аляксандр Мальцаў, Яўген Канашэвіч і Віталь Манулік.
Футбалісты, каманды якіх занялі першае, другое і трэцяе месцы, атрымалі медалі. Памятныя прызы ўручаны лепшаму іграку турніру Дзмітрыю Чыстаму (“ЖКГ-Барыкіна”), які таксама забіў ў спаборніцтвах больш за ўсіх мячоў – 5, лепшаму варатару Аляксандру Курыловічу (“ЖКГ-Барыкіна”), лепшаму абаронцу Юрыю Весялову (“АграБокс”) і лепшаму нападаючаму Андрэю Сушу (КАФ “Смілавічы”).

Каманда “АграБокс” заняла на турніры другое месца

Спецыяльнымі прызамі ад “Раённага весніка” – падпіскамі на газету на першы квартал 2018 года – заахвочаны лепшыя ігракі каманд Кірыл Фофанаў (“Футбольная кампанія”), Яўген Камісаранка (КАФ “Смілавічы”), Мікалай Курбанаў (“АграБокс”) і Аляксей Шымановіч (“ЖКГ-Барыкіна”).
Узнагароджанне футбалістаў правялі Ганаровыя грамадзяне Чэрвеньскага раёна Леанід Корзун і Анатоль Усенка. Яны таксама ўручылі Граматы Федэрацыі футбола Мінскай вобласці і падарункі ветэранам чэрвеньскага футбола Аляксандру Жуку і Аляксею Сасункевічу, якія не так даўно адзначылі юбілейныя дні нараджэння.
Пасля завяршэння турніру футбалісты каманды “ЖКГ-Барыкіна” ўсклалі кветкі да бюста Георгію Барыкіну і на магілу Яўгена Вараб’я.

Вынікі матчаў у групах:
Група “А”. “Ветэран” – “Будаўнічы ліцэй” – 2:0, КАФ “Смілавічы” – “Будаўнічы ліцэй” – 3:1, КАФ “Смілавічы” – “Ветэран” – 2:1.
Група “Б”. “ЖКГ-Барыкіна” – “РАУС” – 5:0, “СДЮШАР-2” – “МНС” – 2:0, “ЖКГ-Барыкіна” – “СДЮШАР-2” – 4:0, “РАУС” – “СДЮШАР-2” – 3:0, “МНС” – “РАУС” – 3:1, “ЖКГ-Барыкіна” – “МНС” – 5:0.
Група “В”. “СДЮШАР-1” – “Красная Ніва” – 1:6, “Футбольная кампанія” – “Красная Ніва” – 3:0, “Футбольная кампанія” – “СДЮШАР-1” – 5:2.
Група “Г”. “ПМК-237” – ФК “Плоскае” – 0:2, “АграБокс” – ФК “Плоскае” – 7:1, “АграБокс” – “ПМК-237” – 0:1.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *