Юбілейныя ўрачыстасці

Общество

7 лістапада ў Чэрвені ля помніка Уладіміру Ільічу Леніну ў гонар 100-годдзя Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі адбыўся мітынг. У ім бралі ўдзел члены раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, ветэраны працы, члены прэзідыума раённага Савета ветэранаў, грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і раённай арганізацыі БРСМ. Да помніка ўсклалі вянкі.
А напярэдадні літаратурна-паэтычную кампазіцыю, прысвечаную гэтай юбілейнай гістарычнай даце, правялі работнікі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сумесна с раённым Саветам ветэранаў і раённым камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі. Вядучыя Святлана Ждановіч і Любоў Джафарава на фоне дэманстрацыі фотаздымкаў распавялі пра асноўныя падзеі таго часу. У фотаздымках былі прадэманстраваны дасягненні савецкай краіны ў розныя гады.
Першы сакратар Чэрвеньскага райкама КПБ Генадзь Завадскі ў сваім выступленні зазначыў:
— Сустракаючы 100-годдзе Вялікага Кастрычніка, мы ўсведамляем, што толькі ў нашай краіне на ўсёй былой постсавецкай прасторы дзень 7 лістапада з’яўляецца дзяржаўным святам. Мы ўдзячны за гэта нашаму Прэзідэнту. Мы павінны аддаваць даніну павагі гісторыі, тым дасягненням, якія былі ў былым Савецкім саюзе, які з’яўляўся процівагай імперыялістычным краінам. Гэта свята ўсіх пакаленняў. Гэта наша развіццё, станаўленне, удасканаленне нашага грамадства…
Генадзь Завадскі павіншаваў прысутных са святам, пажадаў усім моцнага здароўя. Ён уручыў юбілейныя медалі, якія выраблены ў Беларусі да 100-годдзя з дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, камуністам раённай арганізацыі Анатолю Аляксеевічу Куліку, Валянціне Пятроўне Зенчык, Мікалаю Мікалаевічу Яфімчыку і Аляксею Іванавічу Федарэнчыку.
Павіншаваў са святам удзельнікаў мерапрыемства старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька. Ён прыгадаў сваё камсамольскае юнацтва.
Выступіў таксама ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Аляксандравіч Лашук. Ён адзначыў, што яго пакаленне, якое вырасла на рэвалюцыйных традыцыях, перамагло ў вялікай вайне, заваявала мір будучым пакаленням…
Для ўдзельнікаў мерапрыемства навучэнцы і педагогі Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў зладзілі канцэрт.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота Лідзіі Шчацінка і аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *