Еўрапейскі акцэнт для турыстычных Смілавічаў

Общество

За амаль дзесяць гадоў, якія прайшлі з часу адкрыцця ў Смілавіцкім Цэнтры творчасці дзяцей і юнацтва музейнай экспазіцыі “Прастора Хаіма Суціна”, прысвечанай сусветна вядомаму мастаку, ураджэнцу тутэйшых мясцін, турыстычная прывабнасць гарадскога пасёлка істотна палепшылася. Вялікі крок наперад у гэтым накірунку зроблены ў апошні год, дзякуючы ініцыятывам “Развіццё турыстычнага патэнцыялу г.п. Смілавічы” і “Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі”. Іх ажыццяўленне стала магчымым у рамках праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі.

Падчас прэзентацыі ініцыятывы “Развіццё турыстычнага патэнцыялу г.п. Смілавічы” ў музеі “Прастора Хаіма Суціна”

Вынікі сумесных намаганняў мясцовых жыхароў, бізнесу і ўладаў былі прадэманстраваны прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі ў гэты панядзелак падчас прэс-туру “Смілавічы турыстычныя”.

Удзел у ім бралі кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, паслы еўрапейскіх краін – Фіёна Гіб (Велікабрытанія), Пітэр Дэтмар (Германія), Крысціна Ёхансан (Швецыя), выконваючы абавязкі Часовага Паверанага ў справах Каралеўства Нідэрландаў у Беларусі Пол ван Оствеен, а таксама прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Віталем Казловым.

У ліку першых асвоілі сцэну музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі выхаванкі Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Юлія Баброўская і Яна Ламака

Аб тым, што зроблена ў працэсе рэалізацыі ініцыятывы “Развіццё турыстычнага патэнцыялу г.п. Смілавічы”, распавёў ва ўтульным “Парыжскім кафэ” музея “Прастора Хаіма Суціна” яе кіраўнік, дырэктар прыватнай культурнай установы “Спадчына і час” Юрый Абдурахманаў.

Ён зазначыў, што за апошнія гады цікавасць турыстаў да Смілавічаў істотна павялічылася, таму задачай ініцыятывы было дапамагчы мясцовай супольнасці стварыць тут асновы турыстычнай інфраструктуры. Увасабленне ў жыццё акрэсленых планаў у партнёрстве з райвыканкамам, Смілавіцкім сельвыканкамам і пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, у прыватнасці, дало магчымасць вырабіць і ўстанавіць на шашы “Мінск – Магілёў” дарожныя знакі, які паказваюць накірунак руху да музея “Прастора Хаіма Суціна”. На сцяне аднаго з будынкаў у цэнтры Смілавічаў з’явілася вялікая карта адметнасцяў пасёлка ў стылі графіці. Такую ж карту стварылі і ў друкаваным выглядзе. На ёй пазначаны 23 аб’екты, якія варта наведаць турыстам. Сярод іх – палацава-паркавы комплекс Манюшкаў-Ваньковічаў, чатыры музеі, пяць рэлігійных устаноў, старажытныя могілкі, мемарыяльныя мясціны, звязаныя з трагічнымі падзеямі часоў Вялікай Айчыннай вайны, Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын

Таксама ў рамках ініцыятывы выдадзены два камплекты паштовак з рэпрадукцыямі карцін мастакоў Суціна і Царфіна, пасаджаны дрэвы і кусты ў знакавых мясцінах пасёлка, а на яўрэйскіх могілках, на адшуканых з дапамогай валанцёраў з Ізраіля магілах бацькі Хаіма Суціна і дзеда Шрагі Царфіна, побач з надмагільнымі камянямі ўстаноўлены памятныя таблічкі.
Заключным акордам рэалізацыі ініцыятывы стане стварэнне бліжэйшым часам графічнага брэнду Смілавічаў. Але, як запэўніў Юрый Абдурахманаў, і пасля завяршэння місіі праца па развіццю турыстычнага патэнцыялу пасёлка будзе працягвацца.

– Мы марым ператварыць Смілавічы ў своеасаблівы арт-гарадок, дзе было б некалькі музеяў, галерэй, дзе б рэгулярна праводзіліся пленэры і фестывалі, – сказаў ён. – Будзем удзячныя, калі органы ўлады розных узроўняў, мясцовыя жыхары, мас-медыя, прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, усе неабыякавыя людзі нам у гэтым дапамогуць.

…Арганічным працягам развіцця турыстычных Смілавічаў стала рэалізацыя тут яшчэ адной ініцыятывы ў рамках праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” – “Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі”. Яна нарадзілася ў выніку імкнення вырашыць праблему адзінага ў свеце музея нашага знакамітага земляка-кампазітара, створанага ў Азёрнаўскай школе, які пасля закрыцця гэтай навучальнай установы і продажу будынка апынуўся ў незайздросным становішчы. Дзякуючы агульным намаганням, адметны аб’ект для захавання гістарычнай памяці пра Манюшку ўдалося стварыць у Смілавічах. Пасля рэканструкцыі старога будынка, у якім некалі месцілася Смілавіцкая дзіцячая школа мастацтваў, у аматараў музыкі (і, канешне ж, турыстаў!) з’явілася магчымасць не толькі знаёміцца з музейнымі экспанатамі, якія распавядаюць пра кампазітара, але і ў жывым выкананні слухаць яго творы ва ўтульнай канцэртнай зале.

Пастаянны прадстаўнік ПРАААН у Беларусі Санака Самарасінха

Такім чынам, у гэты панядзелак Манюшка фактычна вярнуўся ў Смілавічы. Замест традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі на адкрыцці гасцёўні, пра ўрачыстасць моманту абвясцілі чароўныя гукі створанага ім паланеза, які выканаў на раялі лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Данілаў.
Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла беражлівае стаўленне неабыякавых прадстаўнікоў мясцовай супольнасці да сваёй спадчыны і імкненне яе папулярызаваць.

– Культура дазваляе людзям адчуць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, – сказала яна. – Таксама культура дае магчымасць павялічыць прыток турыстаў, што, у сваю чаргу, спрыяе развіццю эканомікі…Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха засяродзіўся на рэзервах, якія існуюць у развіцці турызму як увогуле ў Беларусі, так і на мясцовым узроўні. На яго думку, варта ўдасканальваць сістэму сэрвісных паслуг, вывучаць замежныя мовы для спрашчэння камунікацый з турыстамі, ствараць адметныя брэнды аб’ектаў, аб’ядноўваць турыстычныя маршруты свайго рэгіёну з суседнімі…

Намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Ала Шахоцька (справа) перадае “Кнігу ганаровых гасцей” дырэктару Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алене Забаронак
Дырэктар Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Прышывалка

– Удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў быў для нас вельмі важным, – падкрэсліла ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька. – Гэта дазволіла ўсім нам аб’яднацца і рэалізаваць даўно задуманыя праекты. Спадзяюся, што шляхі далейшага развіцця, якія акрэслены ў рамках стварэння пашпарта тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця раёна (праца над ім блізкая да завяршэння), дазволяць нам паспяхова рухацца наперад. А вопыт, набыты падчас рэалізацыі ініцыятыў, дасць магчымасць і надалей удзельнічаць у разнастайных міжнародных праектах…

Шчырую ўдзячнасць усім, хто спрычыніўся да рэалізацыі ініцыятывы “Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі” выказала яе кіраўнік, дырэктар Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Прышывалка. Госці атрымалі на памяць аб адметнай падзеі сувеніры.
Завяршылася ўрачыстасць невялікім канцэртам. Творы Станіслава Манюшкі выканалі салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Святлана Старадзетка, выхаванкі Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Юлія Баброўская і Яна Ламака, ансамбль скрыпачоў Смілавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



2 комментария по теме “Еўрапейскі акцэнт для турыстычных Смілавічаў

  1. Все конечно прекрасно, но может дороги приведем в порядок для начала? Или «поток» туристов будет ломать машины и ноги?

  2. Хорошая новость. Своими земляками надо гордится и рассказывать о них подробнее.
    Особенно радует, что установили указатель к музею. Это привлечет больше посетителей и туристов, однозначно.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *