Дырэктар ЗАТ “Турэц” Артур ДЗЯМКО: “Эфектыўней гаспадарым — лепш жывём”

Аграрный сектор

– Сёлетні год прайшоў для нас пад знакам працягу паэтапнай рэканструкцыі вытворчых памяшканняў, якая пачалася летась. Яна дае магчымасць палегчыць працу жывёлаводаў, палепшыць умовы ўтрымання свіней, а таксама падвоіць колькасць пастановачных месцаў, не павялічваючы пры гэтым штат абслугоўваючага персаналу. Дзякуючы аўтаматызацыі, сёння па аднаму аператару могуць абслугоўваць да 2 тысяч галоў на дарошчванні і да паўтары тысячы – на адкорме.

Цалкам завяршыць работы па рэканструкцыі разлічваем да канца наступнага года. Калі ўсё задуманае атрымаецца, то зможам павялічыць пагалоўе свіней з цяперашніх пятнаццаці тысяч да дваццаці. Гэта пры тым, што да рэканструкцыі комплекс быў разлічаны пад максімальную загрузку дванаццаць тысяч галоў.
Мадэрнізацыя вытворчасці, праца па замене матачнага пагалоўя з нізкім генетычным патэнцыялам, якое патрапіла да нас пры камплектаванні комплексу ў 2015 годзе, а таксама павелічэнне сярэднясутачных прывагаў свіней спрыяюць хаця і невялікаму, але штомесячнаму зніжэнню сабекошту прадукцыі.
Паляпшэнне эфектыўнасці працы, у сваю чаргу, дае магчымасць для паступовага росту сярэдняй заработнай платы ў гаспадарцы. З пачатку года яна павялічылася на 16 працэнтаў і наблізілася да 700 рублёў. У лютым-сакавіку наступнага года, з выхадам на штомесячны аб’ём рэалізацыі свініны 200-210 тон (сёння ён складае 160-170 тон), разлічваем дасягнуць рубяжу заробкаў у 1000 рублёў.

Вольга Сёмкіна і Ала Гарбачова

На рынку збыту мяса і мясной прадукцыі апошнім часам даводзіцца працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, бо з’яўляюцца ўсё новыя і новыя прадаўцы. Таму, у дадатак да нашых фірменных магазінаў у Турцы, Смілавічах, Чэрвені, Жодзіна, Мінску, асвоілі выязны гандаль. Ахопліваем ім не толькі вёскі нашага раёна, але і буйныя населеныя пункты суседняга Пухавіцкага.
Трывалым попытам у пакупнікоў карыстаюцца нашы каўбасы. Яны канкурэнтаздольныя за кошт якасці, бо вызначаюцца мінімальнай колькасцю дабавак. А ўсяго ў асартыменце прадукцыі перапрацоўчага цэха гаспадаркі – 48 найменняў мясных паўфабрыкатаў.
Адметна, што сярод сёлетніх пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу – дзве прадстаўніцы нашага калектыву, Вольга Сёмкіна і Ала Гарбачова. Яны гэта заслужылі. І не толькі гэтымі самымі паказчыкамі, але і сумленным, адказным стаўленнем да клопату пра харчовую бяспеку краіны, на якую ўсе мы працуем.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *